На два дні Мінск сабраў маладых журналістаў з усіх рэгіёнаў краіны

22-23 верасня ў сталіцы прайшоў чацвёрты форум “Агульны погляд у будучыню. Журналістыка: выбар маладых”. 

Адкрыла мерапрыемства міністр інфармацыі Лілія Станіславаўна Ананіч.

— Журналіст – прафесія дзяржаўная, як ніякая іншая, — падкрэсліла міністр інфармацыі. – Маладыя журналісты – будучыня беларускай журналістыкі. Нацыянальная інфармацыйная прастора ў першую чаргу павінна максімальна і поўна адлюстроўваць інтарэсы сваёй краіны, усе задачы, якія стаяць перад дзяржавай, а значыць, перад кожным грамадзянінам.

Маладыя жуналісты мелі магчымасць задаць свае пытанні намесніку старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Ігару Васільевічу Карпенку.

Прысутным прадэманстравалі  ролікі ў рамках конкурсу “Жыві і квітней, Беларусь”, а таксама былі ўзнагароджаны пераможцы – аўтары лепшых эсэ ў рамках гэтага ж конкурсу.

Супрацоўнікі газет, радыёстанцый і тэлеканалаў наведалі рэдакцыю газеты “СБ. Беларусь сегодня”, дзе намеснік галоўнага рэдактара Дзмітрый Партон пазнаёміў з арганізацыяй работы стварэння інтэрнэт-версіі выданняў, студыяй вяшчання.

Другі дзень мерапрыемства, які прайшоў у Нацыянальным алімпійскім камітэце, быў насычаны выступленнямі і абмеркаваннямі.

—        Сумленне, талент, любоў да Радзімы – гэта тыя якасці, якімі павінен кіравацца журналіст, — выказаў думку старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Браніслававіч Давыдзька. – Малады журналіст адрозніваецца ад сталага вельмі выгадна. Апошні ведае, што і як пісаць для канкрэтнага выдання, валодае стылем і формай. Журналіст, які толькі пачаў свой     прафесійны шлях, мае іншыя перавагі: валоданне мовай, інфармацыяй і асаблівым настроем. Кожны павінен усведамляць сілу слова, памятаць аб адказнасці.

Першы сакратар цэнтральнага камітэта ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Андрэй Белякоў выказаў думку, што журналістыка павінна працаваць на стварэнне, а не на разбуральныя працэсы.

Падчас форуму былі падведзены вынікі конкурсу “Дэбют” па розных намінацыях, заснавальнік якога – грамадская арганізацыя “Беларускі саюз журналістаў”.

Панэльная дыскусія “Журналістыка вачыма маладых” прайшла ў фармаце адкрытых дэбатаў  “Выбірай. BY”.  Удзельнікі     падзяліліся на дзве каманды, а мадэратарам выступіў першы намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў, рэдактар часопіса “Беларуская думка”, тэлевядучы Вадзім Гігін. Дэбаты складаліся з трох этапаў.

Думкамі пра чацвёрты форум маладых журналістаў падзялілася карэспандэнт газеты “Івацэвіцкі веснік” Наталля Гербедзь: “Вельмі спадабаўся выязны трэнінг на базе рэдакцыі газеты “СБ. Беларусь сегодня”. Уразіла, колькі чалавек працуюць над стварэннем электроннай версіі выдання. Нам, журналістам з раённых газет, было б цікава пазнаёміцца з працэсам стварэння і выдання друкаванай версіі маштабнага выдання”.

Несумненна, кожны ўдзельнік форуму меў магчымасць абмеркаваць надзённыя пытанні з калегамі, атрымаў зарад добрага настрою і вярнуўся з новымі ідэямі, задумкамі для матэрыялаў.

Святлана

ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *