На абласным пiянерскiм зборы

На абласным піянерскім зборы  «Піянерыі Беларусі –  25!» , які адбыўся 15 верасня 2015 года ў  г. Брэсце,  Столінскі раён прадстаўляла піянерская дружына «Республика Дружба»  сярэдняй школы №  2 р. п. Рэчыца пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Алены Вітальеўны Сахвон і метадыста Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Ніны Канстанцінаўны Пульман. Ад піянерскай дружыны на абласны збор накіраваліся 10 піянераў і 10 акцябрат.

– У піянерскім зборы, прысвечаным 25-годдзю Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі прынялі ўдзел піянерскія дружыны Брэсцкай вобласці і г. Брэста, –  расказала карэспандэнту «НП» Ніна Канстанцінаўна Пульман. – У Брэсце сабраліся самыя актыўныя піянеры і акцябраты. На базе  Брэсцкага  абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці на працягу ўсяго дня працавалі тэматычныя  выставы   «Калейдаскоп ідэй»,  «Юны выратавальнік», «ЮІР»,  сувенірны кірмаш, розныя гульнявыя пляцоўкі.  Таксама для рабят правялі забаўляльна-пазнавальныя акцыі супрацоўнікі МНС і актывісты БРСМ.

Гледачам была прадстаўлена канцэртная праграма ў рамках візітнай карткі «Маленькія зорачкі вялікай краіны».

Акрамя таго, дзеці з усіх піянерскіх дружын  ва ўзросце 7-10  гадоў паспаборнічалі  ў  фінале абласнога конкурсу акцябрацкіх груп «Суперзорачка».  Для  каманд прыгатавалі  пяць  заданняў у выглядзе квэста “Пяць вяршынь”.  Каманды спаборнічалі па выкананні заданняў у пяці пунктах рознай ступені цяжкасці – «Вясёлыя рабяты», «Спартыўныя рабяты», «Дружныя рабяты», «Разумныя рабяты»  і «Таленавітыя рабяты».    У прыватнасці, удзельнікам трэба было  адгадаць і праспяваць папулярныя дзіцячыя песні, прабегчы эстафету, скласці пазлы, адказаць на бліц-пытанні, зрабіць сваімі рукамі віншавальную паштоўку. З усімі заданнямі акцябраты павінны справіцца разам і як мага хутчэй.

За перамогу ў кожным конкурсе акцябраты атрымлівалі  зорачкі. Каманда, якая сабрала найбольшую колькасць узнагарод, і прызнана пераможцам спаборніцтваў. Нашы былі ўзнагароджаны ганаровай граматай за актыўны ўдзел у  дадзеным мерапрыемстве.

На піянерскім зборы працавала палявая кухня, таму дзеці з задавальненнем адведалі салдацкай кашы. Завяршылася свята піянерскім кастром, які  сімвалізуе вернасць сяброўства.

Па словах Алены Вітальены Сахвон, удзел у  такім мерапрыемстве садзейнічае фарміраванню актыўнай і адказнай пазіцыі членаў піянерскай дружыны,  развіццю лідарскага патэнцыялу, бо тыя піянеры і акцябраты, якія прадстаўлялі піянерскую дружыну, сваю школу ды і ўвесь раён на абласным піянерскім зборы, захаваюць у памяці на доўгія гады тыя ўражанні, з якімі яны прыехалі з мерапрыемства.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота Алены САХВОН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *