Магчымасць украсцi прываблiвае злодзея

Колькасць веласіпедыстаў у райцэнтры прыкметна павялічылася з надыходам палявых работ і пачаткам навучальнага года. Яно і зразумела, бо для руху па населеным пункце  або паездак на дачу нічога лепшага і не прыдумаеш. Аматары двухколавай тэхнікі не залежаць ад раскладу грамадскага транспарту. 

Праблемы пачынаюць узнікаць тады, калі раптам выяўляецца крадзеж  іх уласнага двухколага транспартнага сродку. Шмат хто ў такім выпадку ў сваё апраўданне кажа: «Пакінуў на некалькі хвілін без увагі, а веласіпед укралі літаральна з-пад носа». На нядбайнае стаўленне да захаванасці сваёй маёмасці рэгулярна ўказваюць супрацоўнікі праваахоўных органаў, але пацярпеўшых ад веласіпедных зладзеяў, на жаль, менш не становіцца. Супрацоўнікі міліцыі праз СМІ пастаянна заклікаюць мясцовых жыхароў пакідаць транспартныя сродкі толькі ў спецыяльна  адведзеных  для гэтага месцах і  абавязкова выкарыстоўваць сродкі абароны. Аднак гэта не дапамагае. Людзі дзівяцца: «Гарадок маленькі, усе адзін  аднаго ведаем, хто ў нас украдзе?» Але, разам з тым, на вуліцах горада і населеных пунктаў раёна ўзрасла колькасць выпадкаў крадзяжу веласіпедаў.

У мэтах прафілактыкі гэтага віду злачынстваў супрацоўнікі Столінскага РАУС  у асобе начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Івана   Іванавіча Шаламіцкага і ўчастковага інспектара Дзмітрыя Барысавіча Краўцова сумесна з карэспандэнтам “НП”  22 верасня правялі чарговы рэйд па вуліцах          г. Століна і р. п. Рэчыца.

У ходзе дадзенага рэйдавага мерапрыемства правяралі пад’езды на прадмет пакінутых без нагляду веласіпедаў  і дзіцячых калясак, якіх аказалася нямала. Пасля чаго знаходзілі гаспадароў і праводзілі з імі прафілактычныя гутаркі.

Сустракаюцца выпадкі, калі людзі, заходзячы ў магазін, пакідаюць свае веласіпеды каля яго, а калі праз некалькі хвілін выходзяць, дык  выяўляюць прапажу свайго жалезнага сябра. Майце на ўвазе, што ёсць людзі, якія ў гэты момант знаходзяцца паблізу і, убачыўшы  пакінуты на вуліцы  і не замацаваны спецыяльным замыкаючым сродкам  веласіпед,  выкарыстаюць дадзеную сітуацыю, каб яго ўкрасці.

 Каля гандлёвай кропкі “Санта” аналагічная сітуацыя: стаяць два веласіпеды (новы — без якіх-небудзь замыкаючых сродкаў утрымання, а другі, больш стары,  — добра прымацаваны замыкаючым сродкам).   Уладальніцу другога транспартнага сродку мы дачакаліся і выказалі ёй падзяку за добрасумленнае  стаўленне да сваёй маёмасці. Жанчына прызналася, што гэтаму навучылася на ўласных памылках, бо адзін веласіпед у яе ўжо ўкралі.   А вось першы веласіпед так і застаўся на “авось…”. Няўжо ў наш час так сталі давяраць людзям?

Падобныя сітуацыі распаўсюджваюцца  па гора-дзе з маланкавай хуткасцю: ля будынка ЖКГ па ву-ліцы Пінскай – веласіпед з гаспадарчай сумкай, веласіпеды  ля магазіна № 56,  ля гандлёвых кропак “Будзьмо”, “Бярозка”, “Дача”, “Усход”, паштовага аддзялення сувязі  р. п. Рэчыца і каля многіх  пад’ездаў шматпавярховак.

Каля гандлёвага павільёна “Бярозка” жанчыны патлумачылі, што іх транспартныя сродкі ўвесь час знаходзяцца “на вачах”, а вось жанчына, якая  выхо-дзіла з “Дачы”, адмахнулася, маўляў,  каму патрэбен яе старэнькі веласіпед.

Аб тым, што яны ўжо неаднаразова пакідалі свае веласіпеды ля пад’ездаў, гаварылі і жыхары адной са шматпавярховак мікрараёна, але,  на шчасце, транспартныя сродкі іх чакалі.  Прафілактычная гутарка ўсё ж мела сваё станоўчае ўздзеянне, бо два мужчыны адразу забралі свае веласіпеды далей ад чужога вока.

Пра гэтую праблему павінны ведаць усе жыхары, таму  пры правядзенні мерапрыемства не абышлі бокам грамадзян, якія  сядзелі на лавачках каля пад’ездаў, бо кожны з іх можа дапамагчы супрацоўнікам РАУС у папярэджванні падобных злачынстваў: хтосьці  з іх дапаможа дзіцяці падняць веласіпед па лесвіцы да кватэры, другі — папярэдзіць суседзяў ці знаёмых,  а трэці  нават можа заўважыць падазронага чалавека і своечасова паведаміць у міліцыю.

Таму, як  высветлілася ў ходзе рэйду, яго ўдзельнікі пераканаліся ў халатнасці грамадзян у адносінах да сваіх двухколавых транспартных сродкаў, бо   практычна ўсе веласіпеды, якія трапілі ў поле нашага зроку, не былі абсталяваны замкамі і стаялі ў ганаровай адзіноце ў грамадскіх месцах  крокавай даступнасці для злодзея.

—        Вядома,  цалкам засцерагчы сябе ад крадзяжу немагчыма, але трэба прытрымлівацца некаторых правілаў, каб зберагчы сваю маёмасць, — адзначае Іван Іванавіч Шаламіцкі. —  Правілы гэтыя простыя: зачыняйце ваш веласіпед на замок, нават калі адлучаецеся на кароткі прамежак часу.  Абавязкова  і  рытуал замацавання веласіпеда  да статычных прадметаў (нават на нязначны час вашай адсутнасці) давядзіце да аўтаматызму.   Памятайце, што не трэба пакідаць двухколавы транспарт без нагляду і  давяраць яго незнаёмым людзям. За-      хоўвайце сваю  маёмасць па месцы жыхарства  альбо на спецыяльна абсталяваных стаянках з выкарыстаннем утрымліваючых сродкаў.  Сачыце за сваёй маёмасцю, бо захаваць рэчы значна прасцей, чым потым іх шукаць.

 Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *