Любы сэрцу куточак – Фядоры

Дзень  аг. Фядоры супаў з праваслаўным святам Прачыстай. У гэты дзень традыцыйна ў царкве асвяшчалі жыта, каб на наступны год быў добры ўраджай.  Ад каплічкі на мясцовых могілках людзі  збіраліся ў цэнтр аграгарадка, каб разам парадавацца і павіншаваць адзін аднаго са святам.

Вядучыя святочнай праграмы Марына Барэйка і Святлана Радцэвіч прывіталі аднавяскоўцаў і павіншавалі са святам. Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь.  Адзначаючы гэтае свята, нельга не згадаць тых, хто аддаў свае жыцці, абараняючы Фядоры. Іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання. Усклалі кветкі да брацкай магілы.

Вядучыя падзякавалі лёсу  за тое, што ім пашанцавала нарадзіцца на гэтай зямлі і дзе б яны ні апынуліся, заўсёды імкнуцца на сваю маленькую радзіму, ганарацца сваім краем. Старшыня сельвыканкама Марыя Арсенцьеўна Мельніковіч звярнулася да гісторыі ўтварэння населенага пункта, яго развіцця і адзначыла, што ў 2005 годзе Фядоры атрымалі статус аграгарадка. Сёння гэта аграгарадок з развітымі сельскагаспадарчай і сацыяльнай сферамі, у якім жывуць 1060 жыхароў.  У гэтым годзе на тэрыторыі Фядор будзе праведзена газіфікацыя. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падчас свайго візіту ў аграгарадок, як заўважыў намеснік старшыні СВК “Фядорскі” па ідэалагічнай рабоце Васіль Канстанцінавіч Дабравольскі, падкрэсліў, што ён быў бы рады, каб усе аграгарадкі былі  такімі, як Фядоры.

Айцец Валерый адзначыў, што не архітэктурныя будынкі, не слава аграгарадка ўпрыгожваюць Фядоры, а яго добрыя і працавітыя людзі. У гэты дзень адбылася яшчэ адна значная падзея – пачалі праводзіцца работы па ўзвядзенні бетонных перакрыццяў даху царквы – самая цяжкая і карпатлівая  праца. Айцец Валерый падзякаваў Рыгору Аляксеевічу Дзямко, які ўнёс значны ўклад у будаўніцтва храма.

 Адна з самых старэйшых жыхароў вёскі – Ефрасіння Герасімаўна Курган нарадзілася ў 1917 годзе.  Яна бачыла тое, пра што мы даведваемся з кніг і падручнікаў.    А зусім нядаўна ў сям’і Васіля Васільевіча і Людмілы Паўлаўны Язубцоў нарадзіўся самы маленькі жыхар аграгарадка.

Так склалася, што ў сучаснай сям’і звычайна выхоўваюцца адзін-два дзіцяці. Рэдка сустрэнеш мнагадзетную, а вось у сям’і Святланы Паўлаўны і Аляксандра Аляксандравіча Буйнічаў растуць пяцёра дзяцей.

Прысутнічалі на свяце і залатыя юбіляры – Лаўрэнцій Сяргеевіч і Вольга Кузьмінічна Мельніковічы. Віншаванні атрымалі Юрый Міхайлавіч і Алена Паўлаўна Кох, якія разам ужо 25 гадоў.

У межах  свята праходзіў конкурс на лепшае добраўпарадкаванне падворкаў і прылягаючай тэрыторыі. Першае месца занялі  Міхаіл Адамавіч і Святлана Яўгенаўна Мельніковічы, другое – Аляксандр Пятровіч і Алена Аляксандраўна Пашкевічы, трэцяе – Міхаіл Мікалаевіч і Ніна Васільеўна Пацукевічы. Усе яны атрымалі віншаванні і памятныя падарункі ад старшыні сельвыканкама  Марыі Арсенцьеўны Мельніковіч.

Пасля вядучыя запрасілі гасцей на святочную канцэртную праграму, якую распачала вакальная група “Деревенька”. Гучалі  сучасныя эстрадныя нумары і народныя матывы, мясцовы гумар і паэтычныя  творы.

Прадстаўнікі Фядорскай сярэдняй школы, ясляў-сада і Дома культуры падрыхтавалі выстаўку народнай творчасці, а кіраўнік клуба адзінаборстваў філіяла Беражноўскай ДЮШС “Вольная барацьба” Пётр Пятровіч Пявец разам са сваімі выхаванцамі  паказалі сваё майстэрства.

Працавалі гандлёвыя рады і гульнявы дзіцячы гарадок.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *