Канфлікт давёў да падпалу

Жорсткасць. Злосць. Гэтыя якасці з разбуральнай сілай уплываюць на псіхіку чалавека і часам замінаюць адэкватна ўспрымаць жыццёвыя сітуацыі. Асабліва ў юнацкім узросце.  Гісторыя, з якой сёння знаёмім чытачоў, — не кадр з сучаснага баявіка ці эпізод кнігі, як можа падацца ў першую хвіліну. А яе галоўныя “героі” – не галівудскія кінаакцёры, а звычайныя школьнікі.

Два браты К. і Т., 1999 г. н. і 2000 г. н., і іх сябар Д., 2000 г. н., жыхары аг. Велямічы, позна вечарам падпалілі сцяну хаты, маючы задуму наўмысна знішчыць чужую маёмасць. Перад тым, як падпаліць, хлопцы аблілі яе газай.

З мэтай узмацніць гарэнне, адкрылі вентылі ў двух газавых балонах, якія знаходзіліся ў драўлянай скрыні каля хаты. Пры гэтым перарэзалі шланг падачы газу ў жылое памяшканне, забяспечыўшы падачу звадкаванага бытавога газу да месца ўзгарання. Дарэчы, менавіта малодшы (!) брат праводзіў усе аперацыі, а старэйшы і сябар сачылі, каб ніхто  іх  не заўважыў.

Узгаранне першым пабачыў сужыцель гаспадыні дома. Ён не даў агню разысціся і перакрыў балоны.

Напярэдадні   гэтых  падзей паміж К. і сынам жыхаркі аг. Велямічы адбыўся канфлікт, які разбараніў аднавясковец. Такім спосабам, як тлумачылі ў час судовага пасяджэння, хлопцы хацелі адпомсціць і напужаць яго.

Але ў гэта мала верыцца. Абліць сцяну лёгкай на загаранне вадкасцю, перарэзаць шлангі газавых балонаў…  Гэтыя дзеянні гавораць аб злым намеры і жаданні намерана нанесці ўрон.

Не так даўно адбыўся суд на чале с суддзёю Д. І. Карасінскім пры ўдзеле дзяржаўнага абвінаваўцы А. Р. Андрэйкавец.

Суд кваліфікаваў дзеянні кожнага юнака па  частцы 2 артыкула 218  Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Наўмыснае знішчэнне ці пашкоджванне маёмасці” і прызначыў К. пакаранне  ў  выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады шэсць месяцаў, Т., — на два гады, Д. – на два гады тры  месяцы.

Увогуле, тое, як скончылася гісторыя, – гэта яшчэ не самае трагічнае завяршэнне. Думаць страшна пра тое, што сям’я магла б мірна спаць у гэты час. І наступствы былі б куды горшыя.

Адкуль у юных галовах з’яўляюцца такія каварныя планы, а ў сэрцах – столькі злосці і нянавісці? Ёсць цывілізаваныя спосабы вырашэння рознагалоссяў. Ды, напэўна, падлеткі не здагадваюцца пра іх.

Аліна НОВІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *