Калi работа – сяброўка

– Ці не будзеце сумаваць па школе? — пытаю Мікалая Сцяпанавіча Акостку, настаўніка фізічнай культуры Сямігосціцкай СШ, які ў гэтым годзе пайшоў на заслужаны адпачынак.
– Мабыць, не, — жартуе ён. – Будзе час тэлевізар паглядзець!
Але ж трохі хітруе Мікалай Сцяпанавіч, бо сумаваць ён, зразумела, будзе. Ды і школа будзе без яго сумаваць. Яны як адно цэлае, не жарты вам, 42 гады разам! Хто ведае гэтага настаўніка, абавязкова са мной пагодзіцца. Мікалай Сцяпанавіч з той кагорты настаўнікаў, якія не проста працавалі ў школе, яны стваралі яе, аберагалі, шчыра хваляваліся і клапаціліся пра яе гонар. Званкоў і перапынкаў, насамрэч, было шмат на прафесійнай дарозе, як было безліч шчаслівых момантаў і цікавых падзей, новых сустрэч і развітанняў, цяжкасцяў і перамог. І кожны раз, адчыняючы гэтыя школьныя дзверы, Мікалай Сцяпанавіч адчувае: ён дома.
Ці думаў у далёкім 1974 годзе юнак, які толькі што прыйшоў з арміі, што аддасць настаўніцкай справе больш за чатыры дзясяткі гадоў? Наўрад ці, бо лічыць жыццё непрадказальным і верыць у лёс. Адразу пасля школы паступаў на факультэт фізічнай культуры ў Мінск, яго заўсёды цікавіў спорт. Прызнаецца, што не хапіла цярпення, бо заўважыў несправядлівае стаўленне да студэнтаў і забраў дакументы. На працягу ўсяго жыцця Мікалай Сцяпанавіч адразу заўважае несправядлівасць і строга прытрымліваецца правіла: ніколі не здраджваць свайму сумленню.
А тады радавы Мікалай апынуўся на заставе на мяжы з Румыніяй у Чарнавіцкай вобласці на вышыні 2025 метраў. Горы і непаўторныя пейзажы вакол, прыгажэй якіх і не бачыў. Пра сваё ваеннае жыццё можа гаварыць гадзінамі, бо служба — адзін з самых значных этапаў у жыцці, упэўнены Мікалай Сцяпанавіч. Там ён яшчэ больш “пасябраваў” са спортам. З ахвотай удзельнічаў ва ўсіх спаборніцтвах і не раз быў пераможцам. Дысцыплінаванага і таленавітага юнака адзначала камандаванне часці, давярала самыя складаныя заданні, была прапанова застацца і рабіць ваенную кар’еру. А яшчэ была ў Мікалая Сцяпанавіча магчымасць стаць членам футбольнай каманды СКА “Карпаты-Львоў”. Але толькі думкі аб малой радзіме радавалі сэрца. А з сэрцам, як вядома, не паспрачаешся і ў канцы 1973 года сяржант Акостка быў дома.
З лёгкай рукі свайго настаўніка, а ў будучыні калегі і добрага сябра Васіля Адамавіча Драпея, стаў працаваць у Сямігосціцкай школе. Дзякуе яму, бо менавіта слушныя парады таго не адзін раз спатрэбіліся маладому спецыялісту. Выкладаў фізічную культуру, фізіку, якую добра ведаў. Паралельна атрымліваў адукацыю ў Брэсцкім педагагічным інстытуце імя Пушкіна. Афіцэрскае званне дазваляла працаваць ваенным кіраўніком, потым у старэйшых класах вёў дапрызыўную падрыхтоўку. А яшчэ пры Мікалаю Сцяпанавічу адбыўся проста неверагодны ўзлёт мясцовай каманды па футболе. Бадай, няма ніводнага чалавека ў вёсцы, ды і ва ўсім раёне, які не памятае пра непераможнасць каманды з Сямігосціч. Ужо ў першы год прафесійнай дзейнасці каманда пад кіраўніцтвам Акосткі стала чэмпіёнам раёна і на працягу добрага дзясятка гадоў валодала кубкам і была фаварытам любых спаборніцтваў.
— З намі лічыліся, мы адчувалі гэта, — расказвае настаўнік. – У чэмпіянаце раёна ўдзельнічалі кожны год тры-чатыры дзясяткі каманд. Кожны калгас лічыў справай прэстыжу адправіць сваю каманду і, безумоўна, кожная з іх хацела перамагчы. На футбольным полі нашы сапернікі злосныя, але пасля гульні ніякіх “разборак”. Была здаровая спартыўная канкурэнцыя і заслужаная павага.
— Пэўна, і ганарары былі ў вас добрыя? – цікаўлюся.
— Якія грошы?! — смяецца Мікалай Сцяпанавіч. – Добра яшчэ, калі з транспартам дапаможа калгас, а так усё самі. Разумееце, быў азарт, жаданне, матывацыя. Раней не было парнікоў і столькі работы, таму моладзь знаходзіла час для спорту. Больш таго, ім было цікава. І вечара не было, каб пуставала пляцоўка. Калі пабудавалі новую школу, з задавальненнем хадзілі на баскетбол, валейбол. Цяпер нават на ўрок цяжка арганізаваць вучняў. Чаго хлусіць, сучасныя дзеці з навамоднымі тэлефонамі лепш ладзяць, чым з мячом. Не толькі ўрокі фізкультуры “пакутуюць” ад тэхнічнага прагрэсу, гэта сур’ёзна ўплывае на весь школьны працэс. Але ні ў якім разе нельга апускаць рукі педагогу, нельга спускаць усё на самацёк, што я таксама заўважаю сярод маладых настаўнікаў. Маўляў, не слухаюцца – не трэба. Трэба шукаць іншыя спосабы, думаць, цікавіцца і быць строгімі з вучнямі, трымаць дысцыпліну.
Стос ганаровых грамат і падзяк як пацвярджэнне прафесійнай адданасці ёсць у настаўніка. Дарэчы, апошнюю грамату ён атрымаў у маі гэтага года за мэтанакіраваную работу па развіцці фізічных навыкаў вучняў, высокія вынікі па падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву і шматгадовую, добрасумленную працу ў сістэме спорту. Дастойным прыкладам стаў Мікалай Сцяпанавіч для свайго сына Уладзіміра, які працягвае справу бацькі: настаўнічае ў той жа школе. Дачка Люба працуе лабарантам.
— Дык кажаце, будзеце ўжо адпачываць? – паўтараю сваё першае пытанне.
— Ну вось збіраўся гандбол паглядзець, — кажа Мікалай Сцяпанавіч.
Але тут жа ўспамінае, што трэба яшчэ траву пакасіць, да сына з’ездзіць гараж дарабіць, зайсці да дачкі. У гэтым увесь Мікалай Сцяпанавіч. Для яго жыццё — гэта рух, ні хвіліны без справы. І, пэўна, абавязкова ён знойдзе час, каб наведаць школу, пагутарыць з калегамі і падзяліцца сваім багатым вопытам.
Ганна Мельнік
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *