Калі працаваць, дык сумленна

Аляксандр Валер’евіч Канапліцкі працуе ветэрынарным урачом-гінеколагам СВК “Палеская ніва”.  Ён стаў лаўрэатам  раённага конкурсу “Малады чалавек года” ў галіне сельскай гаспадаркі, што і стала падставай для нашай сустрэчы.

Пакуль дабіралася да Рамля, дзе  жыве Аляксандр, прыдумала мільён сур’ёзных пытанняў, якімі збіралася засыпаць Аляксандра. Але гутарка атрымалася   надзіва лёгкай і цікавай, запраўленай вялікай колькасцю гумару, якім дасканала валодае мой субяседнік.

– Смех прадаўжае жыццё, таму паважаю людзей, якія ўмеюць пажартаваць, у тым ліку, і пасмяяцца   з  сябе,  –  пацвярджае мае думкі Аляксандр. – Яшчэ падабаецца шчырасць, калі чалавек што думае, тое  і гаворыць. Лічу, з любой сітуацыі абавязкова ёсць выйсце. Так працаваць значна лягчэй, калі ведаеш, што цябе абавязкова падтрымаюць, параяць, а не будуць толькі бязлітасна крытыкаваць. Адразу з’яўляецца ўпэўненасць у сабе, ты не баішся браць на сябе адказнасць. Дзякуй Богу, мне вельмі пашанцавала з калектывам. Я дагэтуль удзячны ўсім за цярпенне і падтрымку.

Два гады назад кемлівага і разумнага маладога спецыяліста запрасілі ў адну з вядучых гаспадарак раёна.  Да гэтага  столькі ж працаваў у Арлах, адкуль родам. Яшчэ калі скончыў школу, то ні хвіліны не сумняваўся, з чым звяжа сваё жыццё. Ветэрынарам захацеў стаць  па  асабістым жаданні, ніхто яму не раіў і ніхто на яго не ўплываў, прызнаецца Аляксандр. Лічыць, што так і павінна быць пры выбары прафесіі, каб потым не ўзнікла жаданне перакласці на каго адказнасць. Пасля Пінскага аграрна-тэхналагічнага каледжа ён стаў студэнтам Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Здабытыя веды сталі тым фундаментам, на якім цвёрда трымаецца практычная дзейнасць спецыяліста.

– Калі ты ведаеш, што рабіць, калі разумееш, што ад цябе залежыць, дык хутка   прымаеш   рашэнне,  –   падкрэслівае  Аляксандр.  –  Бывае,  мне  даводзіцца  выязджаць на ферму ўначы, калі здараецца якая непрадказальная сітуацыя, паморак жывёлы ці ўскладненне пасля  ацёлу. Усё можа здарыцца, але пры своечасовым рэагаванні можна пазбегнуць многіх праблем. Калі працаваць, дык  працаваць сумленна. Магу адзначыць, што ўсе работнікі тут знаходзяцца на сваіх месцах, таму няштатныя сітуацыі ў нас здараюцца вельмі рэдка.

Кіраўніцтва гаспадаркі адразу прапанавала хлопцу жыллё, што зрабіла канчатковым яго жаданне застацца ў Рамлі. Плануе прыватызаваць яго, каб стать паўнапраўным гаспадаром. Трымае 15 сямей пчол і гэтае хобі прыносіць яму вялікае задавальненне.

Калі знаходзіцца вольная хвіліна, Аляксандр з ахвотай падарожнічае. А яшчэ любіць правесці час з сябрамі, якіх у актыўнага і вясёлага хлопца  многа.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Калі працаваць, дык сумленна: 1 комментарий

  • 28.09.2015 в 12:09 пп
    Permalink

    Скажите, он женал или нет?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *