Каб жыць чыста i здорава

У рэдакцыю “НП” тэлефануюць чытачы з нараканнямі на тое,  што “вы  ўсё пішаце і пішаце пра неабходнасць сартавання бытавых адходаў,  а людзі як выкідалі іх  у адзін кантэйнер, так і працягваюць гэта рабіць”.  Многія  скардзяцца на тое, што  ніхто не звяртае ніякай увагі на тыя словы, якія адрасаваны жыхарам раёна, каб паспрыяць добраўпарадкаванню тэрыторыі горада і раёна  ў цэлым.

На вуліцах горада, аграгарадкоў, вёсак часта пасля выхадных валяецца вялікая колькасць смецця. Раніцай можна назіраць вынік вясёлага правядзення часу нашай моладдзю: каля лавачак шмат шалупіння семак, бутэлькі, пакеты з-пад чыпсаў і інш., нягледзячы на тое, што ўрна стаіць побач. А мы тут яшчэ гаворым пра неабходнасць сартавання ў той час, калі людзі да сметніка не заўсёды даносяць пакеты з адходамі, а пакідаюць на аўтобусных прыпынках, у месцах стыхійнай звалкі ці ў грамадскіх месцах – галоўнае, далей ад свайго парога.

Так, справа сапраўды няпростая, бо працэс сартавання бытавых адходаў насельніцтвам і арганізацыямі толькі ўкараняецца і пачынае набіраць абароты. Як і ў любой справе, павінен прайсці пэўны прамежак часу, каб можна было ўбачыць дасягнуты вынік. Але станоўчыя зрухі  назіраем ужо сёння.

Спачатку людзі крыўдзіліся на тое, што рэдакцыя “НП” так  заўзята вядзе барацьбу з нядобрасумленнымі грамадзянамі, якія пакідаюць у грамадскіх месцах  пакеты з бытавымі адходамі. Але, паверце,  справа не толькі ў эстэтычным пытанні. У першую чаргу ўзнікае думка пра экалогію, а гэта   наша з вамі здароўе і здароўе нашых дзетак, якія не вінаваты ў тым, што мы з вамі так абыякава ставімся да гэтага пытання.

З мэтай паназіраць за тым, як у горадзе абстаяць справы  ў гэтым кірунку, карэспандэнт “НП” наведаўся на вуліцу Церашковай.

Ведаеце, справа ўсё ж такі не стаіць на месцы.  На момант майго рэйду каля дома № 19 па вуліцы Церашковай ля  аднаго з пад’ездаў завіхаўся дворнік. Ля шматпавярховых  дамоў арганізаваны спецыяльныя пляцоўкі, на якіх усталяваны кантэйнеры для раздзельнага збору  паперы, пластмасы і шкла, якія  маюць розны колер і адпаведныя адзнакі. Яны перапоўнены, што сведчыць пра тое, што людзі сартуюць бытавыя адходы.  Адчуваецца недахоп кантэйнераў, бо побач з імі ляжаць вялікі стос паперы і мяхі з пластыкавымі бутэлькамі. Радуе, што Столінская  ЖКГ  збіраецца набыць яшчэ 200  кантэйнераў, што павінна  ліквідаваць  дадзеную проблему.

Самі жыхары шматпавярховак арганізавалі  каля ўваходаў у пад’езды  з  хатняга посуду, каструль, тазікаў урны, што спрыяе добраўпарадкаванню тэрыторыі.  Каля пад’ездаў, на дарожках, на тратуарах – усюды чыста. Сустракаюцца, канешне, асобныя выпадкі, калі ў кветачніцах ляжыць смецце, якое выкінуў нехта з балкона, альбо плёнка, акуркі цыгарэт, кардонныя каробкі і інш. каля кустоў, пад вокнамі жыхароў першага паверха і г. д. Але тут  як станоўчы прыклад  жыхары дома № 13 па вул. Церашковай пасадзілі  кветкавыя кампазіцыі, што значна акультурыла  тэрыторыю. Насупраць дома нехта зламаў лавачку, але побач стаяць яшчэ дзве —  адна новая, другая прыгожа пафарбавана. Таму на ўсякі дрэнны ўчынак знаходзіцца і станоўчае рашэнне, ды нават і не адно.

Паверце,  ёсць людзі, якія прыслухоўваюцца да таго, што мы імкнёмся праз газету данесці да свядомасці кожнага з жыхароў раёна. Застаецца толькі спадзявацца на нашу грамадзянскую сумленнасць і на тое, што здароўе людзей  — той аспект, на які зверне ўвагу кожны з нас у дадзенай сітуацыі. Давайце разам рабіць наша жыццё чысцейшым і здаравейшым.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *