Гарынь раскрывае свае таямнiцы

Нядаўна фонды раённага краязнаўчага музея папоўніліся цікавай і рэдкай знаходкай. З-за спякотнага надвор’я рака Гарынь гэтым летам рэзка абмялела і тым самым раскрыла тое, што дзесяцігоддзямі было схавана яе водамі. У музей пазваніў з аг. Беражное яго жыхар-краязнаўца Фёдар Бышко, які паведаміў, што, адпачываючы на беразе Гарыні ва ўрочышчы Корчыкі, вучні мясцовай школы знайшлі старажытны човен.

(Човен — лодка, выдаўбленая са ствала аднаго дрэва (дуба, сасны, асіны, ліпы) – у Беларусі вядомы з часоў неаліту і толькі ў ХIХ стагоддзі стаў выцясняцца лодкамі з дошак. Быў распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі і меў рэгіянальныя адрозненні па форме і памерах – ад 2,5 да 10 і болей метраў даўжыні 1 –  1,5 —  шырыні. Р. Гамзовіч).

Школьнікі спрабавалі яго выцягнуць. Аднак усё  закончылася няўдачай, таму што човен амаль цалкам быў замыты пяском. Па дапамогу па падняцці знаходкі мы звярнуліся да начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А. В. Мінчыка. Дзякуючы  яму і спецыялістам аддзела знаходка паспяхова была паднята на паверхню. У рабоце па падняцці чоўна самы непасрэдны ўдзел прынялі Уродніч Васіль, Зіноўчык Максім, Германовіч Валерый з сынам Аляксандрам і вядучы метадыст РАМЦ  Марушка Аляксандр. Наша падзяка мясцоваму прадпрымальніку Кажаноўскаму Д. А., які дапамог перавезці знаходку ў музей.

Агульныя намаганні ўсіх гэтых нераўнадушных да гісторыі свайго краю людзей дапамаглі захаваць гэты ўнікальны экспанат, які з цягам часу  упрыгожыць экспазіцыю раённага краязнаўчага музея.

Святлана ВЯРЭНІЧ,

дырэктар  Столінскага раённага краязнаўчага музея  

Фота Фёдара Бышко

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *