Бурштын Палесся ў Зубкава

На мінулым тыдні 17 верасня на ААТ “Торфапрадпрыемства “Глінка” быў урачыста адкрыты завод па вытворчасці тарфяных субстратаў.

Торфапрадпрыемства, утворанае яшчэ   ў  1948  годзе для забеспячэння тарфяным палівам, торфам для сельскагаспадарчых патрэб насельніцтва і арганізацый Брэсцкай вобласці, на працягу значнага часу з’яўлялася надзейным і вельмі важным пастаўшчыком паліва і ўгнаенняў для нашага раёна.

У лепшыя гады аб’ём здабычы торфу дасягаў 33 тысяч тон, вытворчасць паліўнага брыкету – больш за 25 тысяч тон.

Памятаецца, у параўнальна недалёкім па часе перыядзе ў нашым раёне нават не ўяўлялася тэхналогія вырошчвання сельскагаспадарчых культур без шырокага   прымянення    тарфагнойных кампостаў. Такое комплекснае ўгнаенне сапраўды прыносіла максімальны эфект, станоўча ўплывала на павышэнне ўрадлівасці глебы. У большасці    населеных  пунктаў   Століншчыны   торфабрыкет з Глінкі быў самым галоўным відам паліва. Асабліва не абыходзіліся без мясцовага брыкету  ўстановы культуры, аховы здароўя, гандлю і адукацыі.

У сувязі са скарачэннем, а затым і адсутнасцю неабходнай сыравіннай базы для здабычы торфу для брыкетавання – нізіннага торфу — вытворча-гаспадарчая дзейнасць прадпрыемства дзесьці з 2013 года замарудзілася, стала нерэнтабельнай. Тым часам у райцэнтр і іншыя населеныя пункты раёна прыйшоў прыродны газ, які сталі максімальна выкарыстоўваць у тым ліку і для ацяплення.

Другое     жыццё  торфапрадпрыемства, калі лічыць справядліва, пачалося не ў нядаўні сонечны вераснёўскі дзень з адкрыцця сучаснага завода па вытворчасці тарфяных субстратаў. Да гэтага – з 1997 года – пачалася здабыча верхавога торфу, кіпованага. Узвялі просценькі цэх кіпавання торфу, а новую прадукцыю сталі паспяхова прадаваць – у асноўным за мяжу ў еўрапейскія краіны – за валюту.

Тады гэта быў добры крок наперад. Але трэба было не адставаць ад часу. У рамках арганізацыі вырабу   новых   відаў  экспартаарыентаванай прадукцыі і ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай “Торф” на перыяд да 2020  года  ў  2015  годзе была прадугледжана арганізацыя новай вытворчасці тарфяных субстратаў на ААТ “Торфапрадпрыемства “Глінка”.

З 2010 года пачалася складаная, паступальная работа беларуска-чэшскай групы па супрацоўніцтве ў галіне энергетыкі міжурадавай змешанай камісіі па эканамічным, прамысловым і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Ішлі кансультацыі з кампаніяй “Рашэліна” па яе ўдзеле ў праекце і стварэнні сучаснай вытворчасці з глыбокай перапрацоўкай торфу. Гэтая кампанія была створана 50 гадоў таму як дзяржаўная, цяпер яна прыватная холдзінгавая, вырабляе тарфяныя субстраты для аматарскага і прафесійнага рынкаў, займаецца здабычай торфу, сельскагаспадарчай і дрэваперапрацоўчай вытворчасцю.

Непасрэдна будаўніцтва новага завода пачалося ў снежні 2013 года. Як і планавалася, завяршылася яно ў верасні 2015 года.

Што ж уяўляе сабою новая вытворчасць, якая адкрылася за паўкіламетра ад вёскі Лука па дарозе на Гарадную на тэрыторыі былога цэха кіпавання торфу на ўчастку “Зубкава”, якія яе перспектывы?

– У нас створана сучаснае прадпрыемства з глыбокай перапрацоўкай тарфяной сыравіны, якое адпавядае ўсім сусветным стандартам, — сцвярджае вядучы тэхнолаг прадпрыемства, галоўны інжынер Аляксандр Іванавіч Пракопчык, — з увядзеннем у эксплуатацыю завода мы разам з падобным заводам на Віцебшчыне забяспечваем патрэбнасці краіны ў субстратах на аснове торфу, маем магчымасць  больш чым у два разы павялічыць аб’ём вытворчасці, пашырыць яе асартымент, забяспечыць высокую канкурэнтаздольнасць і на знешнім рынку. Уся прадукцыя вырабляецца па адпрацаваных тэхналогіях, якія пастаянна ўдасканальваюцца спецыялістамі прадпрыемства. Выкарыстоўваюцца новыя тэхнічныя і тэхналагічныя   рашэнні.    Вя-дзецца работа па расшырэнні асартыменту прадукцыі з улікам патрабаванняў рынку. Цяпер мы асвоілі выраб 10 відаў субстратаў, а за два-тры гады намагаемся давесці іх да 40. Сярод цяперашніх найбольшым попытам карыстаюцца расадны, універсальны, садовы. Трэба імкнуцца да таго, каб прапаноўваць спажыўцам субстраты пад канкрэтную культуру.

– Што дае ўпэўненасць у тым, што прадукцыя прадпрыемства знойдзе свайго пакупніка?

– Торф з’яўляецца экалагічна бяспечным і каштоўным угнаеннем для раслінаводства.  Субстраты здольны захоўваць вільгаці ў 20 разоў больш за асабістую вагу і марудна, па меры неабходнасці, аддаваць яе раслінам. Забяспечваецца дастатковы  прыток паветра да карнявой сістэмы раслін.  Торф здольны забіраць лішкі аміяку, катыёны цяжкіх металаў. Аслабляе дзеянне ядахімікатаў, якія трапляюць у глебу. Такое ўгнаенне валодае бактэрыцыднымі ўласцівасцямі, вялікай газапаглынальнай здольнасцю, яно неабходна для любых тыпаў глебы. Як арганічная парода торф станоўча ўплывае на вегетацыйныя функцыі раслін.

– У якім выглядзе мяркуецца вырабляць прадукцыю на новым заводзе?

– Вырабляцца прадукцыя будзе як у выглядзе торфу, так і субстратаў. Гэта будзе торф, сартаваны на шэсць фракцый россыпам, прасаваны ў біг-бейлы, упакаваны ў тару аб’ёмам па 20-70 літраў, па 250 літраў. Субстраты ідуць на рэалізацыю россыпам, упакаваныя ў тару аб’ёмам 20-70 літраў, прасаваныя ў біг-бейлы. Пераважна  ўдзельная вага ў структуры вытворчасці – гэта торф упакаваны.

– Яшчэ адно важнае пытанне. Значная частка прадукцыі прадпрыемства ідзе за мяжу. Трэба ж заключаць кантракты… Ці не залежыцца прадукцыя на складзе?

– Сапраўды, на ўнутраны рынак мы накіруем каля 15 працэнтаў нашых вырабаў. А са знешнім рынкам з улікам павелічэння аб’ёмаў прадукцыі  трэба працаваць пастаянна. У нас дзейнічаюць кантракты амаль з усёй Еўропай. А найбольш прадукцыі заказалі нам з Чэхіі – каля 60 працэнтаў у разрэзе экспарту, а таксама Польшчы, Турцыі, Украіны, Аўстрыі, Італіі, Кіпра…

– У сувязі з тым, што цяпер уся вытворчасць торфапрадпрыемства перанесена ва ўрочышча “Зубкава”, як будзе выкарыстоўвацца ранейшая, неблагая база прадпрыемства?

– З пачатку гэтага года спынена работа брыкетнага цэха. Будынак цэха, прылягаючая да яго адкрытая пляцоўка, ачышчальныя збудаванні, тэхналагічнае абсталяванне не могуць эфектыўна выкарыстоўвацца ў далейшай дзейнасці торфапрадпрыемства. У сувязі з гэтым нашым прадпрыемствам заключаны дагавор арэнды з ААТ “Гранье”, якое распачынае сваю дзейнасць у раёне. Папярэднія разлікі паказваюць   эканамічную   мэтазгоднасць такога рашэння, бо цана арэнднай платы вышэйшая за амартызацыйныя адлічэнні. Акрамя таго мы зможам аказваць ААТ “Гранье” паслугі па пагрузцы і дастаўцы па чыгуначнай ветцы сыравіны да брыкетнага цэха і адгрузцы гатовай прадукцыі з рэнтабельнасцю не ніжэй за 10 працэнтаў.

ААТ “Гранье” пачынае перапрацоўку пянькоў, якія застаюцца пасля здабычы торфу на нашых пляцоўках. У далейшым мяркуецца з гэтых адходаў вырабляць палеты, якія, дарэчы, будуць прадавацца на экспарт для дацкай кампаніі.

– Якая ж перспектыва загрузкі сыравінай новага цэха па вытворчасці субстратаў?

– Па дазволеных для здабычы тарфяных плошчах мы будзем стабільна працаваць каля 40 гадоў. А гэтыя плошчы складаюць усяго некалькі працэнтаў ад наяўных у радовішчы “Марочнае”.

Фёдар ШУМКО

Фота  аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *