Брэстчыну на рэспублiцы прадставiць «Уладар сяла» са Столiншчыны
У рамках абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2015” у г. Іванаве адбыўся абласны этап рэспубліканскага праекта “Уладар сяла”. На абласным этапе Століншчыну прадстаўляла пераможца раённага этапу — сям’я Кажаноўскіх: Іван, Вольга і іх трое дзетак з аграгарадка Велямічы і сярод 12 сем’яў з 12 раёнаў Брэстчыны заняла першае месца (на здымку).
Як паведаміў першы сакратар РК ГА «БРСМ» Вадзім Заруба, удзельнікам спаборніцтваў належала прайсці тры выпрабаванні. Калі ў першым конкурсе “Вітаем па-беларуску” нашы прадстаўнікі былі ў залатой сярэдзіне, дык у наступных ім не было роўных. Распілаваць бервяно, пакалоць на паленні і выкласці імі слова “сям’я” патрабавалася ў конкурсе “Па дровы”. “Святочны воз” – гэта ўменне абыходзіцца з канём і возам. Жонка павінна была распрэгчы каня, а муж – запрэгчы. І апошняе спаборніцтва – дамашняе заданне “Сялянскія прысмакі”. Сем’і падрыхтавалі выстаўку-дэгустацыю любімых сямейных страў.
Па выніках конкурсу трэцяе месца прысуджана сям’і з Івацэвічаў, другое – сям’і з Іванава, а першае заслужана атрымала сям’я Кажаноўскіх, на тры балы апярэдзіўшы гаспадароў фестывалю.
Цяпер сям’я са Століншчыны будзе адстойваць гонар Брэстчыны на заключным этапе рэспубліканскага праекта “Уладар сяла”. Пажадаем ёй удачы і дастойна прадставіць вобласць і раён!
Галіна ГАШЧУК
Малайцы!