29 жніўня ў выставачнай зале г. Століна адкрылася экспазіцыя Цэнтра ганчарства вёскі Гарадная

Нам засталася спадчына — пад такой назвай 29 жніўня ў выставачнай зале г. Століна адкрылася  новая экспазіцыя Цэнтра ганчарства вёскі Гарадная.

У  2003 годзе пры Гараднянскім доме культуры  ў  Цэнтры ганчарства старадаўні промысел атрымаў новае дыханне — пачала сваю дзейнасць школа ганчарства.

Хутка Цэнтр ганчарства атрымаў Гранд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За адраджэнне народных традыцый”.  З 2008 года ў в. Гарадная праходзяць Міжнародныя пленэры ганчароў. У 2012 годзе  4-ты Міжнародны  пленэр  і Гараднянскі кірмаш сабралі 30 мастакоў-керамістаў з 11 краін свету — Расіі, Швецыі, Літвы, Малдовы, Польшчы і іншых.

На працягу 12 гадоў кіравала Цэнтрам ганчарства творчая натура – Алімпіяда Дзмітрыеўна  Леанавец. Зараз дырэктарам з’яўляецца Васіль Андрэевіч Казачок. Ён  падзякаваў за   магчымасць  арганізацыі выстаўкі загадчыку выставачнай залы Валерыі Лахадынавай, ініцыятару і вядучай дадзенага мерапрыемства, а таксама дырэктару РАМЦ Алене Дубойскай. Васіль Казачок адзначыў, што нам засталася спадчына ад нашых продкаў, якую мы абавязаны  не толькі захаваць, але і перадаць наступным пакаленням. Адпаведная праца праводзіцца ў Цэнтры ганчарства, дзе на 2013 год у ганчарным гуртку займаліся 15 вучняў.   Сёння   пяць выхаванцаў, сярод якіх Івана Шэлеста, Аляксандра Аўчыннікава  і Сяргея Шэлеста  можна ліцыць сапраўднымі ганчарамі, бо яны дасканала вывучылі тэхніку ганчарнай справы.

Прысутныя з вялікім захапленнем назіралі за тым, як на вачах за лічаныя хвіліны з’явіўся адзін гаршок, за ім – другі, трэці… Звычайны бясформенны кавалак гліны ў руках Адама Аляксандравіча Шэлеста, кіраўніка  гуртка “Юны ганчар” Гараднянскага Цэнтра ганчарства і патомнага ганчара, на вачах ператвараўся ў якасны гліняны выраб.

Майстар-клас ганчара так захапіў публіку, што многія пажадалі ўласнаручна зрабіць хай сабе не гаршок, дык хаця б адчуць, як адбываецца гэты працэс. Адам Аляксандравіч — вопытны ганчар, якому перададзена гэта майстэрства ад бацькі, падказваў, дапамагаў, каб першая спроба прынесла станоўчыя эмоцыі і інтарэс да дадзенай справы.

Адначасова ўдзельнікі мерапрыемства цікавіліся, ці можна набыць  гліняныя вырабы, колькі часу будзе працаваць выстаўка, як адбываецца працэс  вытворчасці гаршка,  дзе можна навучыць дзяцей і ўнукаў  асновам ганчарнай справы. Васіль Казачок адзначыў, што выстаўка будзе дзейнічаць на працягу месяца і ўсе жадаючыя змогуць набыць сабе сувенір альбо бытавы посуд, а навучыцца гэтаму рамяству можна,   наведваючы гурток ганчарства пры Цэнтры ганчарства.

На выстаўцы гледачам  былі прадстаўлены работы Аляксандра Аўчыннікава, Адама і Сяргея Шэлестаў, Настассі Гмір, Аляксея Сенькі, Мікіты Кісяля; Наталлі Цэван  (г. Мінск), Віталя Шэпялевіча (г. Ганцавічы), Наталлі Крывіцкай (г. Брэст), Валерыя Марчука (г. Брэст), Мікіты Барнацкага і Таццяны Галаванавай (г. Скапін, Расія), Сяргея Адамава (Данія) і іншых удзельнікаў 4-га Міжнароднага пленэра ганчароў.

Асабіста для мяне стаў адкрыццём Васіль Казачок як мастак, настолькі шматгранная яго натура. На выстаўцы прадстаўлены работы “Ліпы цвітуць”, “Акварэльныя пейзажы”, “Яблыні цвітуць”, “Дарога ў бярозавы гай”, копіі карцін І. Левітана “Залатая восень” і “Бярозавы гай”.

…Сямак, глечык, зліў… Прыгожыя назвы гліняных вырабаў.  Ад прадзедаў нам засталася спадчына.

Людміла Каспяровіч

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *