20 верасня – Дзень работнікаў лесу: Каб памножыць шматгадовы вопыт

“Лес – наша багацце!”, “Беражыце лес!” – такія лозунгі мы звыклі бачыць сярод лясных дарог і нават не задумваемся над іх зместам. А што ж уяўляе сабой наша лясная гаспадарка? Зробім невялічкі экскурс у Столінскі  лясгас.

Агульная плошча лесакарыстання складае 93 тыс. га. Нарыхтоўка драўніны ажыццяўляецца на аб’ёме 70 000 куб. м. Высечка догляду лесу выконваецца на плошчы 2015 га, а суцэльныя высечкі (спелы лес) – на плошчы  150 га.

Пераважаюць сасновыя насаджэнні – 43 працэнты, альховыя складаюць  39 працэнтаў, а 18 працэнтаў – дуб і іншыя.

У склад Столінскага лясгаса ўваходзяць 8 лясніцтваў:  Дубайскае, Каладнянскае, Кашара-Альманскае, Стружскае, Столінскае, Турска-Лядзецкае, Церабяжоўскае  і Ласіцкае лясніцтва Пінскага раёна.

Штогадова новыя лясы ствараюцца на плошчы каля 150 га  зямель ляснога фонду, але ёсць і землі, якія прымаюцца ад сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Гадуюцца ў асноўным сасна і бяроза. Для стварэння пажарнай устойлівасці перамяжоўваюцца з ліставымі пародамі дрэў: дуб, клён, бяроза і іншыя. Лесааднаўленне адбываецца са свайго вырашчанага матэрыялу. У спецыяльных гадавальніках вырошчваюцца з насення маладыя дрэўцы ў адкрытым грунце.

Задача, якая стаіць перад цэлай галіной, – вырошчванне пасадачнага матэрыялу з закрытай карнявой сістэмай. Гэта дае магчымасць пасадкі на больш позніх тэрмінах, а спецыяльна скампанаваны грунт дае магчымасць атрымаць добрыя ўсходы раслін.

Акрамя асноўнага  выкарыстоўваецца і дэкаратыўны пасадачны матэрыял: туі, ядловец і інш., якія прызначаюцца для азелянення тэрыторыі, а таксама рэалізуюцца фізічным і юрыдычным асобам.

Ажыццяўляецца ахова лесу ад разнастайных хвароб, самавольнай высечкі і пажараў.

2015 год выдаўся вельмі цяжкім. Гэта звязана ў першую чаргу з засухай, якая пануе ўжо другі год запар. Калі  ў мінулым  годзе апошні пажар датуецца 20 снежня, то ў гэтым  пажаранебяспечны перыяд пачаўся  17 сакавіка і працягваецца  і зараз. Двойчы Столінскім лясгасам накладвалася забарона на наведванне лесу з прычыны бяспекі ўзнікнення пажараў з-за спякотнага надвор’я.  Такое надвор’е пакінула свой след,  але чалавечы фактар таксама аказвае сваё негатыўнае ўздзеянне. У выпадку пажару задзейнічаны і лясная ахова, і раённая арганізацыя па надзвычайных сітуацыях. Работнікі лясгаса выказваюць падзяку РАНС за значную дапамогу, якую яны аказваюць падчас стыхіі і хутка адгукаюцца на просьбы, бо галоўнае ў такой сітуацыі – як мага хутчэй выявіць ачаг узгарання і прыняць меры па яго ліквідацыі, каб пазбегнуць распаўсюджвання  пажару на больш значныя тэрыторыі, а таксама нераўнадушным грамадзянам, якія своечасова паведамляюць пра ўзнікненне пажару, а таксама аказваюць дапамогу ў тушэнні.

Прадстаўнікамі аховы лесу праводзіцца радыяцыйны кантроль за драўнінай і выяўленне   захворванняў. За апошнія сем гадоў была праведзена авіяапрацоўка ачагоў шкоднікаў, сярод якіх вылучаецца няпарны шаўкапрад і  зімовая  пядзеніца.   Першы раз было апрацавана 637 га, другі – 2500 га і трэці – 2425 га. Ачагі захворванняў  ляснога фонду  шкоднікамі назіраюцца на плошчы ў 5918 га. Галоўнае – своечасова правесці назіранні, выявіць захворванне, а пасля граматна спланаваць рад мерапрыемстваў, каб  яго абясшкодзіць.

У лясной гаспадарцы права на памылку не можа быць. Клас  спеласці вагаецца ад 80 да 100 гадоў і  калі  нешта  не  даглядзелі, то  памылкі немагчыма выправіць. Спецыфіка дзейнасці лесніка заключаецца ў тым, што ён не ўбачыць вынікаў сваёй працы з прычыны часовага рэгламенту.  Але гэта людзі, цалкам адданыя сваёй прафесіі.  З падзякай і павагай сучасны калектыў работнікаў лясной гаспадаркі карыстаецца вынікамі добрасумленнай працы ветэранаў, работнікаў некалькіх пакаленняў лясной гаспадаркі.

 Многія маюць значны працоўны вопыт, іншыя толькі пачынаюць пазнаваць асновы дзейнасці гаспадара лясных угоддзяў. Анастасія Алегаўна Кожух працуе ў Столінскім лясгасе з 1 жніўня 2014 года, але ўжо зарэкамендавала сябе як малады, ініцыятыўны  і даволі энергічны спецыяліст. Анастасія скончыла Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Лесаінжынерная справа”  і  па накіраванні трапіла на Століншчыну. У лясгасе займае пасаду інжынера па рэалізацыі і цудоўна спраўляецца са сваімі абавязкамі. Дзяўчына паспяхова заключае пагадненні з фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, рыхтуе тавар на экспарт і ўнутраны рынак і г. д.   Акрамя сваёй асноўнай дзейнасці актыўна ўдзельнічае ў жыцці працоўнага калектыву, з’яўляецца сакратаром  пярвічнай арганізацыі БРСМ. Яна адзначае, што не расчаравалася ў сваім выбары і з радасцю займаецца любімай справай.

Адным з накірункаў дзейнасці лясгаса з’яўляецца аказанне беларускім і замежным грамадзянам паслуг для правядзення палявання на лася, дзіка, вадаплаўную птушку. Для гэтых мэт пабудаваны спецыяльны домік для паляўнічых, у якім створаны камфортныя ўмовы для пражывання і адпачынку на ўлонні прыроды.

Ступаючы крок у крок з часам, Столінскі лясгас, як і іншыя, поўнасцю пераабсталяваў увесь свой комплекс. Сёння цяжка ўявіць лясгас без шматаперацыйных машын «харвестэраў» і «форвардэраў», «сартыментавозаў» на базе МАЗа, якія ў значнай ступені аблегчылі  працэс лесанарыхтоўкі.

Галоўнае  — не толькі захаваць, але і памножыць шматгадовы вопыт лясной гаспадаркі ў доглядзе лесу, арганізацыі функцыянавання ўсіх яго экасістэм, падтрыманні парадку і чысціні.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *