1 кастрычніка – дзень пажылых людзей: Звычайная бабуля Вольга

Вольга Ігнатаўна Бут-Гусаім – адна з доўгажыхарак аграгарадка Плотніца. Нарадзілася яна сёмага студзеня 1924 года, якраз на Ражджаство Хрыстова. Усё сваё жыццё яна звязала з Плотніцай, дзе жыве і цяпер. Вольга Ігнатаўна – звычайная сялянская бабуля, якая перажыла вайну, галодныя гады, развал Савецкага Саюза і ўсё жыццё працавала на зямлі.

– Нарадзілася тут, вырасла тут, — дзеліцца  ўспамінамі Вольга Ігнатаўна. – Вось ужо 92 гады я жыву ў Плотніцы. Дзяцінства прайшло як і ў многіх маіх аднагодкаў-вяскоўцаў. Даглядалі жывёлу ў бацькоўскай гаспадарцы, пасвілі кароў, дапамагалі з сёстрамі і братамі ў полі, на сенажаці. У мяне яшчэ ёсць тры сястры і брат – усе таксама жывуць у Плотніцы. Я была самая старэйшая і часам дапамагала маці глядзець малых. Зараз усім больш за 80 гадоў. Калі ў дзяцінстве я іх глядзела, то цяпер яны прыходзяць да мяне – прыносяць прадукты з магазіна, таму што мне самой ужо цяжка хадзіць.

З асалодай узгадваю школьныя гады – хадзіла я ў польскую школу. У класах было даволі многа дзяцей – каля 30. Вучылі і арыфметыку, і геаграфію, і гісторыю, і іншыя прадметы. Усе ўрокі вяліся на польскай мове, якую мы таксама вучылі і на якой размаўлялі ў школе. Памятаю, што падручнікі былі не ва ўсіх. Напрыклад, у мяне не было, таму што бацькі не маглі сабе гэта дазволіць – трэба было плаціць грошы, якіх звычайна не хапала. Таму я, калі ішла са школы, заходзіла да сябровак дадому і там выконвала дамашняе заданне. А потым бацька мяне забіраў дадому. Скончыла сем класаў і настаў час вучыцца далей. Бліжэйшае што было – у Пінску. Там вучылі дзяўчат на швачак, але трэба былі грошы. Мае некаторыя  сяброўкі  пайшлі вучыцца, а я засталася дома.

А потым вайна… Цяжка было. Людзі хаваліся там, дзе маглі – у лесе, у балоце. Так сталася, што замуж я выйшла ў самым пачатку вайны –  у  1942  годзе, таму мяне ў Германію не забралі. А вось мой муж Адам Фёдаравіч трапіў туды. Але потым пасля Перамогі вярнуўся дадому. З часам у нас нарадзіліся трое дзяцей – дочкі Софія і Марыя і сын Міхаіл. Двое дзяцей (Міхаіл і Софія) жывуць зараз у Расіі, а Марыя – у Мінску. Пакуль дзеці раслі і вучыліся, я тым часам працавала ў мясцовым калгасе на полі. 20 гадоў адпрацавала. А потым здароўе стала не вельмі добрым і ўладкавалася ў школу тэхнічным работнікам. У школе адпрацавала яшчэ 14 гадоў, а потым выйшла на пенсію. Муж таксама ўсё жыццё працаваў у мясцовым калгасе.

На вялікі жаль, восем гадоў таму памёр муж. Цяжка без яго. Разам было неяк весялей жыць і лягчэй. Цяпер на зіму мяне забірае да сябе дачка Марыя ў Мінск. Вось так і жыву.

У канцы нашай размовы Вольга Ігнатаўна расказала, што чытае не толькі раёнку, але і іншыя газеты і часопісы, якія прывозяць дзеці. Таксама плануе прыняць удзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, але сама на выбарчы ўчастак дайсці не зможа, таму пакіне заяўку ў сельсавеце, каб у дзень выбараў да яе прыехалі з урнай для галасавання.

Аляксандр

НІКІФАРЭНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *