Зярнятка да зярняткi…

Жніво на Століншчыне імкліва рухаецца да завяршэння. На трэцяга жніўня збожжавыя і зернебабовыя культуры ўбраны на 14969 гектарах, што складае 73,6 працэнта ўсёй пасяўной плошчы.
Калі наша газета здавалася ў друк, на апошніх гектарах ішоў абмалот збожжа ў СВК “Новая Прыпяць”, КСУП “Варані”, крыху раней пакінулі поле камбайны ў СВК “Рухчанскі”, частка якіх накіравалася дапамагаць убіраць у КСУП “Беражное”.
Агульны каравай на ранак 3 жніўня важыў 56745 тон. А найбольш збожжа паступіла ў засекі СВК “Фядорскі” – 8599 тон, “Новая Прыпяць” – 6559 тон. У сярэднім па раёне ўраджайнасць складае 37,9 цэнтнера з кожнага гектара.
Самую высокую планку па ўраджайнасці збажыны трымаюць хлебаробы СВК “Палеская ніва”, дзе збіраюць па 56,3 цэнтнера збожжа з кожнага гектара, а гэта на 1,4 цэнтнера больш, чым у высокаўраджайным мінулым годзе. Прыбаўку 5,7 цэнтнера збожжа на кожным гектары ў параўнанні з папярэднім годам маюць працаўнікі КСУП “Прыгарынскі-2012”.
Сярод культур самая высокая ўраджайнасць на пшаніцы – у сярэднім па 44 цэнтнеры з кожнага гектара. Гэтая культура ўбрана на 77 працэнтах пасяўной плошчы. Па 40 цэнтнераў збожжа дае на кожным гектары яравы ячмень, па 35,5 – трыцікале, 34 цэнтнеры – авёс, 29 цэнтнераў – жыта.
Радуе, што ўсе працаўнікі, якія ўдзельнічаюць ва ўборачным канвееры, імкнуцца дбайна, без страт убраць і даставіць у засекі вырашчаны ўраджай. Гэтым у многім тлумачыцца тое, што пры аб’ектыўных складанасцях з вырошчваннем збожжавых і зернебабовых культур не назіраюцца значныя страты ўраджаю як на ўборцы, так і на перавозцы, а ўраджайнасць паступова расце.
І зноў прыклад у працы паказваюць прызнаныя перадавікі. Летась значна вырасла армія тых камбайнераў і вадзіцеляў, якія пераадолелі тысячатонны рубеж на ўборцы і перавозцы ўраджаю. А сёлета ўслед за вадзіцелем СВК “Рухчанскі” Лявонціем Іванавічам Калбом тысячатоннага намалоту дасягнулі камбайнеры СВК “Фядорскі” Міхаіл Мікалаевіч Пацукевіч і Анатоль Вітальевіч Шуркала, Уладзімір Паўлавіч Шуканаў і Сяргей Аляксандравіч Лузько, камбайнеры СВК “Новая Прыпяць” Іван Васільевіч Гром і Васіль Іосіфавіч Андрайчук, Іван Міхайлавіч Кананчук і Іван Іванавіч Ермакевіч, а на перавозцы збожжа ад камбайнаў – вадзіцелі СВК “Новая Прыпяць” Уладзімір Іванавіч Бруцкі і Аляксей Уладзіміравіч Альгамец.

На фота старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі віншуе з працоўнай перамогай камбайнера СВК “Новая Прыпяць” Васіля Іосіфавіча Андрайчука

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *