Зноў гэтыя бытавыя адходы?!

Ехала дадому пасля работы і назірала карціну, калі жыхары г. Століна, у прыватнасці па вул. Гарынскай,  чакалі смеццявоз. У катэгорыю адходаў нашы грамадзяне адносяць усё, што пад руку трапляецца. Узнікае думка, што той інфармацыйны матэрыял, які друкуецца на старонках “НП” на гэтую тэму, ніхто не прымае да ўвагі. Таму карэспандэнт “НП” звярнуўся да жыхароў горада, каб даведацца, якой думкі прытрымліваюцца яны наконт другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Аляксандр, 21 год:
– Бытавыя адходы ў нашай сям’і збіраем у адзін пакет  для смецця і ніхто нават не дапускае думкі пра тое, каб сартаваць. Навошта? Тым больш, што гэта патрабуе ўвагі, а ў наш час няма лішняй хвіліны на гэта.
Вольга Іванаўна, 43 гады:
– Быў такі перыяд, калі я пачала сартаваць усе адходы: пластыкавыя бутэлькі збірала асобна, шкло складвала ў асобны мяшэчак, для паперы ў мяне таксама стаяла асобная скрынка. Дык гэта добра, што ў мяне ўласны дом і ёсць месца, куды пакласці сабранае. А калі людзі жывуць у кватэры?  Смеццявозы не так часта збіраюць адходы,  ды і ў гэты час многія яшчэ на рабоце. Не раз дапамагала ў гэтым суседцы, бо людзі не паспяваюць прыехаць з работы. Зараз ужо не раздзяляю.
Наталля Сяргееўна, 34 гады:
– Гэтая праблема для мяне набалелая, бо працую ў р. п. Рэчыца да 17 гадзін, а пакуль даеду дадому пасля работы, дык  смеццявоза ўжо і след прастыў. Добра, калі дзеці час ад часу выкінуць, а так атрымліваецца, што адходы магу вынесці  толькі ў суботу пры ўмове, што  не еду ў вёску да бацькоў.  Графік, прама скажу, абы-як складзены, ніхто не ўлічвае, што людзі працуюць.
Іван Сцяпанавіч, 62 гады:
– Мяне задавальняе ўсё. Я зараз на пенсіі, таму паспяваю і свае пакеты з адходамі аднесці, ды яшчэ  і да дзяцей хаджу, каб дапамагчы, бо яны не паспяваюць (працуюць да  17.00, а потым дзяцей з садка забіраюць). А сартаваць не бачу сэнсу, бо ўсё на адну машыну скідваецца.
Віктар, 28 гадоў:
– Я неаднаразова тэлефанаваў у ЖКГ, каб яны змянілі графік выезду машыны для збору адходаў, бо мы з жонкай не маем магчымасці ў гэты час  знаходзіцца дома. Бывае, што пакідаеш ранкам пакеты з адходамі ля дзвярэй, а вечарам залятаеш у кватэру, хапаеш і хуценька бяжыш, але не заўсёды ўдаецца  паспець выкінуць гэтыя пакеты і вадзіцелі не заўсёды ідуць нам насустрач.  Часам назбіраецца столькі, што не ведаеш, як занесці. Каб хоць дзе-небудзь паставілі кантэйнеры, каб людзі мелі магчымасць па дарозе на работу, напрыклад, выкінуць свае бытавыя  адходы.
Галіна Міхайлаўна, 49 гадоў:
– Даўно ўжо нам пара перайсці на сартаванне бытавых адходаў. Усе краіны актыўна прапагандуюць і змагаюцца за чысціню навакольнага асяроддзя і  паляпшэнне экалагічнай сітуацыі. Мы ж ніяк не можам зразумець, які кантэйнер і для чаго прызначаны, ствараем самі сабе нейкія перашкоды, вінавацім у гэтым іншых: той не так патлумачыў, іншы —  сабраў усё разам, трэці параіў не звяртаць увагі на гэтае сартаванне, бо ў гэтым  не бачыць ніякага сэнсу. І што атрымліваецца ў такім разе? Мы проста ператвараем наша ўласнае жыццё ў сметнік, бо калі я не паспела выкінуць адходы на машыну, дык я кіну іх ля грамадскай урны альбо ў які-небудзь прыдарожны кусцік. Галоўнае для сучаснага гаспадара – гэта парадак на ўласным  падворку, а астатняе нікога не цікавіць. Скажыце, як так можна?
Павел Уладзіміравіч, 31 год:
– Адзінае, што мяне непакоіць – гэта  адпрацаваныя батарэйкі, таму, калі іду ва ўнівермаг, стараюся іх кінуць у кішэню, каб пасля выкінуць у кантэйнер, які там стаіць для збору адпрацаваных элементаў сілкавання.  А так, з жонкай неяк гаварылі, што трэба было б хоць пластыкавыя бутэлькі асобна збіраць, але ніяк рукі не даходзяць.
Вікторыя, 20 гадоў:
– Не, я не сартую адходы. Часу няма ды і жадання таксама.
Таццяна Максімаўна, 39 гадоў:
– Каб такая тэндэнцыя ў грамадстве набірала сілу, неабходна,  каб людзі дакладна ведалі, дзе стаяць кантэйнеры, якія ёсць для гэтага спецыялізаваныя арганізацыі, да каго можна звярнуцца ў выпадку неабходнасці здаць тыя ж пластыкавыя бутэлькі альбо паперу. Самае галоўнае, каб кіраўнікі такіх устаноў ішлі насустрач людзям, тлумачылі, заахвочвалі. Думаю, тады і ў людзей з’явіцца жаданне сартаваць адходы і здаваць другасныя рэсурсы, проста прынесці карысць, каб нехта табе ўсміхнуўся і сказаў дзякуй.
Падрыхтавала Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *