Як навучальныя ўстановы раёна падрыхтаваліся да навучальнага года

Ляцяць летнія дзянькі…  Зусім хутка школы паклічуць вучняў першым  званком у абноўленыя  класы, але работа ў навучальных установах кіпіць: адны ўжо скончылі працу па добраўпарадкаванні школы і прышкольнай тэрыторыі,  другія – старанна працуюць, а трэція – толькі пачынаюць задумвацца, што новы навучальны год вось-вось пачнецца, а ў іх яшчэ работы непачаты край.

На мінулым тыдні камісіі, у склад якіх увайшлі спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, філіяла “Давыд-Гарадок грамхарч” райспажыўтаварыства, наведаліся ў навучальныя ўстановы раёна, каб праверыць, як падрыхтаваны школы, дашкольныя ўстановы, дамы дзіцячай творчасці  да пачатку новага навучальнага года.  Да ўдзельнікаў рэйду далучыўся і  карэспандэнт “НП” .

У цэлым навучальныя ўстановы добра падрыхтаваны да пачатку навучальнага года. У школах і дзіцячых садках у канікулярны час праведзены касметычны рамонт: у класах падклеены шпалеры, пафарбаваны панелі, падлога, пабелены столі. Праведзены рамонтныя работы ў спартыўных залах, добраўпарадкавана тэрыторыя спартыўных пляцовак. Харчаблокі знаходзяцца ў добрым стане,  усё абсталяванне прыдатна да эксплуатацыі, сталовыя памяшканні, лесвіцы і лесвічныя пляцоўкі пафарбаваны і пабелены. У кабінетах, актавых залах, калідорах, падсобных памяшканнях наведзены парадак.

Школьныя бібліятэкі прыведзены ў належны стан, бібліятэкары вырашаюць пытанні па забеспячэнні вучняў падручнікамі.  У кабінетах абнаўляюцца стэнды, непатрэбныя леташнія матэрыялы мяняюцца.     Навучальныя ўстановы  здаюць рэшткі металалому, шкла, макулатуры   і іншых другасных матэрыяльных рэсурсаў.

У Дубайскай яслі-сад  сярэдняй школе цалкам гатовы да навучальнага года 17 кабінетаў, калідор,  усе рэкрэацыі, актавая зала. Прыгожа пафарбавана лесвіца, што адразу кідаецца ў вочы.

У Плотніцкай сярэдняй школе, як паведаміла камісіі дырэктар школы Наталля Васільеўна Бокша, перафарбавана агароджа вакол школы дзякуючы  спонсарскай дапамозе бацькоў.

Юбілейным стаў 2015 год для Відзіборскай сярэдняй школы, таму  ўжо знешні выгляд  з вялікім банерам над уваходам у школу пра многае гаворыць. Установа гатова прыняць сваіх  вучняў чарговы раз, як і на працягу 50 гадоў свайго існавання.

Відзіборская, як і Лядзецкая, Беражноўская, Белавушская, Церабяжоўская школы прыемна радуюць сваім  сучасным выглядам дзякуючы еўрарамонту і падтрыманню належнага стану памяшканняў з цягам часу.   Наяўнасць новай мэблі, сучасных інфармацыйных стэндаў, новыя пластыкавыя шыльдачкі на дзвярах кабінетаў – не кожная гарадская школа мае такі выгляд. У кабінетах пачатковых класаў Церабяжоўскай сярэдняй школы нават падручнікі ляжаць на партах і чакаюць сваіх гаспадароў-вучняў.

У Арлоўскай сярэдняй школе вядзецца замена вокнаў на сучасныя еўрапакеты, праводзіцца поўны рамонт кабінетаў, калідора, лесвіцы і лесвічнай пляцоўкі і іншае, будзе заменена агароджа. Хочацца толькі спадзявацца, што ўсё паспеецца да першага верасня.

Выдатныя ўмовы створаны для дашкольнікаў у Белавушскім, Беражноўскім,  Церабяжоўскім яслях-садах. Тут і рамонт сучасны, і добрая камплектацыя груп дыдактычным матэрыялам, спартыўным інвентаром.

 У  яслях-садзе № 2  р. п. Рэчыца   поўнасцю адноўлены ўсе пясочніцы.   Аказанне бацькамі спонсарскай дапамогі паспрыяла правядзенню касметычнага рамонту ва ўстанове адукацыі.

Добра папрацавалі на летніх канікулах і ў   сярэдняй школе № 2 р. п.  Рэчыца. Дырэктар школы Сяргей Рыгоравіч Велясніцкі з гонарам дэманструе  новы кабінет фізікі, у якім усё зроблена на сучасны лад. Канешне, патрабуе ўкладання значных сродкаў пачатковая школа, якая знаходзіцца ў асобным будынку, але рамонтныя работы запланаваны на наступны год па матэрыяльных прычынах.

У   сярэдняй школе № 3 р. п. Рэчыца работы непачаты край  як у будынку самой установы адукацыі,  так і на прышкольнай тэрыторыі.  Спадзяюся, што педагагічны калектыў, тэхработнікі і адміністрацыя школы прымуць да увагі той факт, што першае верасня ўжо “не за гарамі” і добра папрацуюць, каб было не сорамна паклікаць вучняў на свята першага школьнага званка.

Прыемна, што велізарная работа праведзена ў сацыяльна-педагагічным прытулку.  Тут зроблены поўная рэканструкцыя санвузла, еўрарамонт спальных пакояў, актавай залы і г. д. У  наяўнасці новая мэбля, дастатковая колькасць дыдактычнага матэрыялу.  Ля ўваходу ва ўстанову прыгожыя кампазіцыі з пластыкавых бутэлек.    Добраўпарадкавана тэрыторыя. Утульна, добра, прыгожа. Створаны ўсе ўмовы для дзетак, якія пазбаўлены самага галоўнага – бацькоўскага цяпла і клопату.

Прышкольная тэрыторыя таксама заслугоўвае ўвагі: большасць школ добра папрацавала над наданнем належнага эстэтычнага выгляду тэрыторыі, падрыхтавала цэлыя кампазіцыі з кветак альбо з разнастайных вырабаў з  падручных матэрыялаў. Цікава проста прайсціся, паглядзець  на казачных герояў, жывёл і птушак, якія пасяліліся тут.

Заслугоўвае ўвагі і пахвал дзейнасць калектыву Асаўскога ясляў-сада па добраўпарадкаванні тэрыторыі, бо тут сіламі работнікаў установы захавалася безліч кветак, нягледзячы на такое спякотнае надвор’е, ды і праведзена велізарная работа па стварэнні фантастычных кампазіцый з разнастайных матэрыялаў, якія гарманічна дапаўняюць кветкавы ансамбль. Тут  пчолкі  і грыбы,  розныя жывёлы і дзед з бабкай,  доктар Айбаліт і персанажы казкі “Церамок” , імправізаваны млын і цікавыя рашэнні для зон адпачынку, арыгінальныя кашпо для кветак і цэлы дзіцячы аўтагарадок.

Беражноўская сярэдняя школа ўвасабляла ў жыццё  спецыяльны праект азелянення тэрыторыі і вытрымала гэты іспыт на выдатна, бо школа проста красуецца ў моры кветак, колераў і яркіх фарбаў. Канешне, работы тут шмат, бо тэхработнікі гадзінамі паліваюць кветнікі, даглядаюць кветкі, але вынік  іх працы атрымаўся шыкоўны.

У  яслях-садзе № 2 р. п. Рэчыца арыгінальным рашэннем стала дадаць у кветнікі “пластыкавых кветак”, што значна ажывіла тэрыторыю, на якую паўплывала спякотнае надвор’е.

Увогуле, у камісіі склалася добрае ўражанне па выніках правядзення дадзенага рэйду.  Але да пачатку навучальнага года яшчэ ёсць час на ліквідацыю выяўленых недахопаў і павінна быць жаданне іх выправіць, каб дзеці прыйшлі ў навучальныя ўстановы і атрымалі ад гэтага задавальненне.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *