Выбары- 2015: завяршыўся прыём подпісаў ад ініцыятыўных груп

Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі завяршылі прыём подпісаў ад ініцыятыўных груп патэнцыяльных кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду 21 жніўня ў 19.00. Калі падпісныя лісты вытрымаюць праверку ў выбарчых камісіях, то прэтэндэнты, якіх вылучылі гэтыя групы, стануць кандыдатамі на пасаду Прэзідэнта Беларусі.

Як будзе праходзіць праверка падпісных лістоў на сапраўднасць

«Усе подпісы паступаюць у раённыя камісіі, пры гэтым іх прыёмка адзначаецца ў журнале, дзе распісваецца член камісіі. Здаваць подпісы павінен каардынатар па раёне», — растлумачыла Лідзія Ярмошына.

Пасля акта здачы-прыёмкі лісты аглядаюцца, выключаюцца тыя подпісы, якія не падлягаюць праверцы і ўліку — у прыватнасці, гэта подпісы грамадзян, якія пражываюць у іншым раёне, у іншай адміністрацыйнай тэрытарыяльнай адзінцы (з-за таго што гэтыя подпісы адносяцца да іншай камісіі).

Яшчэ адна катэгорыя «браку» — подпісы, выключаныя самім зборшчыкам (ён упаўнаважаны гэта зрабіць, калі знаходзіць дэфект). Пры гэтым недакладнымі подпісамі лічаць фіктыўныя (выкананыя ад імя неіснуючых асоб і выдадзеныя за сапраўдныя), выкананыя ад імя розных людзей адным чалавекам або ад імя аднаго чалавека іншым, а таксама подпісы людзей, якія не валодаюць выбарчым правам, або сабраныя да 23 ліпеня 2015 года. Бракуюцца подпісы ў выпадку, калі ў звестках аб выбаршчыку адсутнічае адно або некалькі патрэбных у адпаведнасці з законам даных, калі звесткі аб выбаршчыку ўнесены нерукапісным спосабам або алоўкам і калі дата подпісу выканана няўласнаручна.

Як вядома, членам ініцыятыўных груп нельга прапаноўваць узнагароджанне за ўнясенне подпісу, і не павінна быць якога-небудзь  прымушэння ў гэтым працэсе. Усе без выключэння подпісы ў лісце прызнаюцца недакладнымі, калі яны сабраны не членам ініцыятыўнай групы, падпісны ліст не завераны членам ініцыятыўнай групы або завераны тым членам ініцыятыўнай групы, які подпісы не збіраў. У выпадку выяўлення некалькіх подпісаў аднаго і таго ж выбаршчыка ў падтрымку вылучэння аднаго і таго ж кандыдата дакладным лічыцца толькі адзін аўтограф, а астатнія анулююцца.

Пасля выключэння подпісаў, якія не падлягаюць праверцы, па кожнай групе адбіраецца аднолькавы працэнт астатніх подпісаў.

Калі сумарная колькасць недакладных подпісаў выбаршчыкаў складзе больш за 15 працэнтаў ад агульнай колькасці правераных, то раённая, гарадская, раённая ў горадзе камісія спыняе далейшую праверку і ўсе подпісы выбаршчыкаў не ўлічваюцца па гэтым раёне, горадзе, раёне ў горадзе. «Але адразу магу сказаць, што ў нас такога прэцэдэнту на прэзідэнцкіх выбарах не было ніколі. Выключаецца толькі нейкая колькасць подпісаў», — адзначыла Лідзія Ярмошына.

Праўда, паводле яе слоў, ініцыятыўныя групы, якія прадставілі для праверкі роўна 100 тыс. подпісаў або крыху больш, здорава рызыкуюць. «У выніку, верагодна, тысяча-другая адпадзе і можа аказацца менш за 100 тыс. Не хацелася б, таму што сабраць і прадставіць такую колькасць подпісаў — вельмі складаная работа», — упэўнена старшыня Цэнтрвыбаркама.

Калі подпісы будуць падлічаны, раённая камісія складзе пратакол аб іх колькасці па кожным патэнцыяльным кандыдаце і прадставіць у вобласць. «Пры жаданні абласная камісія таксама можа штосьці праверыць (калі будуць нейкія скаргі або падазрэнні), а затым ужо складае пратакол па вобласці», — нагадала тэхналогію Лідзія Ярмошына. Усе лічбы будуць падсумаваны Цэнтральнай выбарчай камісіяй.

«Спадзяюся, што да 10 верасня мы правядзём пасяджэнне камісіі і зарэгіструем (кандыдатамі ў прэзідэнты. — Заўвага БелТА) людзей, якія выканалі ўсе агавораныя ўмовы», — сказала Лідзія Ярмошына. Яна растлумачыла: асобы гэтых людзей павінны адпавядаць прад’яўленым патрабаванням, яны павінны сабраць не менш як 100 тыс. сапраўдных подпісаў. «У прынцыпе, ужо цяпер можна сказаць, што ўсе біяграфічныя даныя адпавядаюць рэчаіснасці, інакш мы не дапусцілі б ініцыятыўныя групы патэнцыяльных кандыдатаў да збору подпісаў. Адзінае, патэнцыяльныя кандыдаты павінны прадставіць дакладныя дэкларацыі аб даходах і маёмасці, і памылкі ў іх не павінны быць вельмі значнымі — каб яны не забылі ўказаць дамы, зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца ў іх ва ўласнасці або ва ўласнасці жонкі (мужа)», — дадала старшыня Цэнтрвыбаркама.

 У Беларусі для маніторынгу прэзідэнцкіх выбараў акрэдытаваны 516 нацыянальных наглядальнікаў

У Беларусі для маніторынгу прэзідэнцкіх выбараў акрэдытаваны 516 нацыянальных наглядальнікаў, паведаміла 18 жніўня старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына на сустрэчы з кіраўніком місіі наглядальнікаў ад СНД на прэзідэнцкіх выбарах, старшынёй Выканаўчага камітэта — выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым.

«У краіне ўжо акрэдытаваны 516 нацыянальных наглядальнікаў, і гэта тая грамадская аснова, якая будзе дапамагаць міжнародным наглядальнікам», — адзначыла Лідзія Ярмошына.

У склад місіі СНД увойдуць амаль 400 наглядальнікаў

У склад місіі Садружнасці на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ўвойдуць амаль 400 наглядальнікаў. Аб гэтым паведаміў 18 жніўня журналістам кіраўнік місіі наглядальнікаў ад СНД Сяргей Лебедзеў па выніках сустрэчы са старшынёй Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй Ярмошынай.

«У цэлым па Беларусі мы плануем, што ў склад нашай місіі ўвойдуць амаль 400 чалавек — прадстаўнікоў дзяржаў Садружнасці. Не магу сказаць цяпер дакладна, ці будуць удзельнічаць у місіі назірання 100 працэнтаў дзяржаў, але мы вельмі спадзяёмся, што большасць з іх будуць. Заяўкі пададзены ўжо», — заўважыў Сяргей Лебедзеў.

Ён дадаў, што ў складзе місіі будуць прадстаўнікі Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Таджыкістана, Арменіі, Азербайджана, Туркменістана. «Гэта тыя дзяржавы, якія пацвердзілі ўдзел у назіранні, і я буду абавязкова кансультавацца, раіцца з іх прадстаўнікамі пры прыняцці нейкіх рашэнняў, якія датычацца ходу выбарчай кампаніі, ацэнак і гэтак далей», — запэўніў кіраўнік місіі. «Калі мы па выніках выбараў — на наступны дзень — аб’яўляем вердыкт, то гэта не маё рашэнне, а меркаванне ўсіх дзяржаў, якія прадставілі сваіх наглядальнікаў у склад місіі», — падкрэсліў ён.

У традыцыі місіі Садружнасці ўжо ўваходзіць завочнае назіранне за ходам падрыхтоўкі да выбараў — маніторынг па інтэрнэце, у сродках масавай інфармацыі. «Агульнае ўражанне аб ходзе кампаніі ў нас здавальняючае. Усё ідзе планава, у адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі», — дадаў Сяргей Лебедзеў.

На гэтым тыдні наглядальнікі наведаюць усе вобласці, дзе азнаёмяцца з вынікамі ўтварэння тэрытарыяльных выбарчых камісій, ходам праверкі подпісаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты, папрысутнічаюць на пасяджэннях раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў, прысвечаных пытанням утварэння ўчастковых камісій па выбарах кіраўніка дзяржавы.

Падагульняючы дакумент па выніках назірання будзе грунтавацца на кансалідаваных вывадах доўгатэрміновых і кароткатэрміновых наглядальнікаў.

 Выбары Прэзідэнта назначаны  на 11 кастрычніка.

Фото БЕЛТА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

  • http://ntt-gr.ru
  • Фольксваген Тигуан: технические мощности, нюансы дизайна, цены дилеров
  • ntt-gr.ru