У дарожна-транспартным здарэнні загiнула мнагадзетная мацi

За мінулыя выхадныя на тэрыторыі Столінскага раёна адбылося два сур’ёзныя дарожна-транспартныя здарэнні, у якім адзін чалавек загінуў і некалькі атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. У Вялікім Малешаве ў дарожнай аварыі загінула маці чатырох дзяцей, а ў Рублі матацыкліст наехаў на пешахода.

— Дарожна-транспартнае здарэнне са смяротным вынікам адбылося за 3,5 кіламетра ад Вялікага Малешава, — расказвае начальнік АДАІ Столінскага РАУС Сяргей ТРАПЕЦ. – 32-гадовая жыхарка гэтага населенага пункта на аўтамабілі “Фольксваген-Пасат” паехала да ракі, каб забраць свайго чатырохгадовага сына, які адпачываў са знаёмым жанчыны. Дамоў з пасажырамі яна паехала полем і так здарылася, што не справілася з кіраваннем і аўтамабіль перакуліўся. Ні жанчына-вадзіцель, ні пасажыры рамянямі бяспекі прышпілены не былі. З-за гэтага ўсе трое вылецелі з салона аўтамабіля. Жанчыну прыціснула машынай і яна загінула на месцы здарэння.

— Загінуўшая не мела вадзіцельскага пасведчання, раней  тры разы прыцягвалася да адказнасці за кіраванне транспартным сродкам без права кіравання.

А ў ноч на 24 жніўня каля дзвюх гадзін ночы ў Рублі 16-гадовы матацыкліст на ММВЗ наехаў на 22-гадовага аднавяскоўца, які рухаўся па краі праезнай часткі. Пешаход з рознымі траўмамі быў дастаўлены на лячэнне ў Столінскую ЦРБ. У ходзе праверкі стала вядома, што транспартны сродак не быў зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку.

У выхадныя дні супрацоўнікам АДАІ Столінскага РАУС дапамагалі экіпажы спецпадраздзяленняў “Буг” і “Страла”. Толькі за тры гадзіны суботы ў рамках рэйдавага мерапрыемства “Фільтр” было выяўлена 22 парушэнні Правілаў дарожнага руху. Сем з іх – за кіраванне транспартным сродкам без права кіравання. Самаму юнаму бяспраўніку было толькі 15 гадоў.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *