Раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла – 2015” прайшоў у аграгарадку Рубель

У рамках святкавання Дня аграгарадка Рубель прайшло незвычайнае спаборніцтва сярод маладых сем’яў з сельскай мясцовасці —  раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла – 2015”.

За ганаровае званне “Уладар сяла – 2015” змагаліся тры сям’і. Гэта сям’я Кажаноўскіх з аграгарадка Велямічы — Іван Іванавіч і Вольга Пятроўна,  дзеці – двайняты Міша і Маша, малодшы сынок Ваня; сям’я Каляда з вёскі Хатомель – Дзмітрый Мікалаевіч і Алена Уладзіміраўна і іх дачушкі Святлана і Марыя; сям’я Рыгора Іванавіча і Наталлі Паўлаўны Піліпчукоў і іх сынок Ягор з аграгарадка Рубель.

Да месца свята сем’і-ўдзельніцы прыехалі на возе, у які быў запрэжаны ўпрыгожаны конь.

Пары спаборнічалі ў некалькіх конкурсах. Першае конкурснае заданне – “Візітоўка”. Удзельнікі падрыхтавалі дамашняе заданне – аформілі выстаўку “Свет маіх захапленняў” і прыгатавалі сваю любімую страву.  А на сцэне распавялі пра сябе і сваю сям’ю.

У другім конкурсе спаборнічалі мужчыны. Ад іх патрабавалася хутка і правільна запрэгчы каня. Без пэўных ведаў і практычных уменняў ім было проста не абысціся.

У наступным заданні “Ураджай сабраны” паказалі свой спрыт гаспадыні — на хуткасць збіралі бульбу. На пляцоўцы перад сцэнай разгарнулася амаль што бітва за ўраджай.

І апошні конкурс — “Нарыхтоўка дроў” — прымусіў ўзяцца за пілу і сякеру, каб справіцца з ім.

У час мерапрыемства на сцэне выступіў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Выцінанка” Столінскага ГДК.

Журы, у склад якога ўвайшлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Дзямко Аляксей Аляксеевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Заруба Васіль Андрэевіч, загадчыца сектара па ідэалагічнай рабоце, справах рэлігій і моладзі Піва Святлана Васільеўна, галоўны спецыяліст сектара па ідэалагічнай рабоце, справах рэлігій і моладзі Дабрынец Таццяна Васільеўна, вызначылі пераможцаў.

Першае месца заняла сям’я Кажаноўскіх з Веляміч. Ім крыху ўступіла і заняла другое месца сям’я Піліпчукоў з Рубля, а  трэцяе дасталося сям’і Каляда з Хатомеля.

Удзельнікі атрымалі Ганаровыя граматы і падарункі, а пераможцы будуць прадстаўляць наш раён на абласным этапе рэспубліканскага праекта.

Святлана

ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *