Рамяство, аздобленае сучаснасцю

У выставачнай зале па вуліцы Савецкай, 106 у г. Століне адкрылася новая экспазіцыя. Выстаўку “Бабулін куфар” арганізаваў Фядорскі дом народнай творчасці.
Да ўвагі наведвальнікаў прадстаўлены вырабы з лазы, саломкі, вышыўка бісерам і ніткамі, роспіс па шкле, батык і  іншыя віды творчасці. У дзень адкрыцця выстаўкі  кіраўнікі гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва наладзілі майстар-класы па саломапляценні і  пляценні вырабаў з газетных трубак.  Гэты від творчасці ў апошні час набывае асаблівую папулярнасць. Спачатку з газет робяцца трубачкі. Затым іх пакрываюць фарбай і сушаць. Пасля гэтага з трубак сплятаюць розныя вырабы – вазы, скарбонкі і шмат чаго іншага.
—    З  1996 года пры Фядорскім доме культуры працавала школа народнай творчасці, якая з 1 красавіка 2003 года перайменавана ў Дом народнай творчасці, — расказвае дырэктар Святлана Валер’еўна Цітко. – У нас працуюць тры гурткі, дзе займаюцца 60 здольных дзяцей і падлеткаў па розных напрамках дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Мы вучым юнае пакаленне не толькі любіць народнае мастацтва, якое зберагалася вякамі і перадавалася па родзе, а і пазнаваць сакрэты старажытных народных рамёстваў.  Нашы вырабы створаны ў старажытным стылі і аздоблены сучаснасцю.
У Доме народнай творчасці створана добрая матэрыяльная база для работы ў класах. Тут пануе творчая атмасфера і працуюць людзі, якія любяць народную творчасць, цэняць сваю працу і паважаюць працу іншых, выхоўваюць у дзяцей і падлеткаў любоў да нацыянальнага мастацтва.
Фядорскі дом народнай творчасці – удзельнік шматлікіх мясцовых і раённых святаў – “Зімачка-зіма”, “Зоркі Палесся”, “Купалле”, “Палескі кірмаш”,  дзён горада і вёсак. У мінулым годзе работы Фядорскага дома народнай творчасці экспанаваліся на абласных дажынках у г. Пінску і фестывалі этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” ў аг. Ляскавічы.
Для прагляду работ выставачная зала адчынена з 10.00 до 19.00. Выхадныя – панядзелак і аўторак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *