Пляжы яшчэ чакаюць адпачываючых

Хоць жнівеньская спёка з анамальна высокімі тэмпературамі адышла ў мінулае, але надвор’е застаецца надта прывабным для адпачынку на вадзе. І пляжы, і месцы масавага адпачынку ўсё яшчэ чакаюць наведвальнікаў.

Шкада толькі, што ўзровень вады надта паменшыўся, некаторыя вадаёмы і каналы высахлі цалкам, якасць вады пагоршылася. Напрыклад, ля Столінскай выратавальнай станцыі ў так званым месцы “Альхоўка” купанне забаронена, Дубянецкае вадасховішча перасохла, у Гарыні і Прыпяці ўзровень вады ўпаў да крытычнай адзнакі. З-за гэтага перастала працаваць паромная пераправа ў Кораб’і, а па пантонным мосце цераз раку Гарынь паміж Беражным і Рублём рух аўтамабіляў абмежаваны. Грузавыя аўтамабілі цяпер накіроўваюцца ў аб’езд.

На мінулым тыдні давялося пабываць у рэйдзе па месцах адпачынку з начальнікам інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васілём Васільевічам Патапчуком. Пабывалі на р. Льва, у Струзе, Вікаравічах, на пляжы ў Рэчыцы, Першамайскіх кар’ерах, у Белавушы і Беражным. Людзей было па мінімуму – усё ж такі быў працоўны дзень. Наплыў наведвальнікаў чакаўся ў выхадныя. Трэба адзначыць, што месцамі было шмат смецця, якое пакідаюць самі наведвальнікі. Таксама Васіль Патапчук адзначыў, што часам прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці вадзіцелі аўтамабіляў, якія знаходзяцца бліжэй за 30 метраў ад краю вады. На гэта ўладальнікам транспартных сродкаў трэба звярнуць увагу, каб не апынуцца ў непрыемным становішчы.

Увогуле, стан месцаў адпачынку Васіль Васільевіч адзначыў як “здавальняючы”. Проста людзям часам трэба задумацца аб правілах паводзінаў падчас летніх пікнікоў на прыродзе.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *