На папаўненне рацыёнаў

Правёўшы на адным дыханні сёлетнюю ўборку збожжавых і зернебабовых культур, гаспадаркі раёна  скіравалі ўсе намаганні на далейшую нарыхтоўку кармоў. Працяглы час абдзеленыя вільгаццю палеткі тым не менш родзяць, хаця і значна горш, і трэба ўбіраць вырашчанае.

— Мы да апошняга не трацім надзею на папаўненне кармавога запасу за кошт пажніўных пасеваў, — гаворыць старшыня праўлення СВК “Лядзецкі” Уладзімір Аляксандравіч Вярэніч, — але пастараліся задзейнічаць усе магчымыя рэзервы, якіх не было раней, каб зімою не закупляць травяністыя кармы.

Сярод такіх рэзерваў – пасевы люцэрны. Гэтая культура на лядзецкіх палях – новая. Да 124 гектараў другога года карыстання сёлета прыбавілі яшчэ 120. Цяпер ідзе касьба трэцяга ўкосу каштоўнай культуры. Ва ўрочышчы Закрынка на працягу дня ідзе і касьба, і правяльванне, і прасаванне падвяленай масы. Трэба сказаць, што ў “Лядзецкім” па-сур’ёзнаму падрыхтаваліся да ўборкі люцэрны. У мінулым годзе набылі і прэс-падборшчык, і інвентар для пагрузкі рулонаў.

Тэхналагічны ланцужок на ўборцы люцэрны распісаны дакладна. Важна не дапусціць перасушвання корму, акуратна згарнуць яго ў рулоны, не пашкодзіць плёначнае пакрыццё пры транспарціроўцы. З усім гэтым спраўляюцца вопытныя механізатары Аляксей Аляксандравіч Антановіч на прэс-падборшчыку ППРО-155, Іван Пятровіч Шчэрбач на зграбанні радкоў у валкі агрэгатам ГВБ-6,2, Анатоль  Уладзіміравіч Ханавец на пагрузцы рулонаў «Амкадорам».

Такім чынам, сёння ў гаспадарцы маюць 545 тон новага корму, без якога жывёла зімавала раней. Гэта прыкладна палавіна запланаванай колькасці сенажу з люцэрны.

У гэтым годзе ўдалося нарыхтаваць больш сенажу са шматгадовых траў. Тут якраз дапамагло засушлівае надвор’е – стала магчымай для выкарыстання сенажаць каля Прыпяці.

Сярод іншых дадатковых мер па паляпшэнні кармавога запасу – пашырэнне пасеваў пажніўных культур. Ёсць іх усходы на 240 гектарах, з якіх на 18 гектарах пасеялі жыта для пасьбы статка.

А вось кукуруза сёлета падвяла. Прааналізаваўшы яе стан, у гаспадарцы вырашылі не чакаць глыбокай восені і пачаць сіласаваць корм з падсохшых ад спёкі ўчасткаў. Ва ўрочышчы Задарожкі на КВК уборку кукурузы вядзе механізатар Мікалай Анатольевіч Ханавец. На адвозцы здробненай масы вызначаюцца механізатары Фёдар Фёдаравіч Булыга і Міхаіл Віктаравіч Колбік. Уся надзея на трактары, бо вялікагрузныя МАЗы грузнуць у перасохшай супясчанай глебе.

Больш ранняя ўборка кукурузы, вядома, вымушаная мера.  Але хоць і ў меншым аб’ёме, але нарыхтаваны зараз сілас пры спазненні ўборачных работ не будзе мець цяперашніх пажыўных вартасцяў. Кукуруза на сілас у гаспадарцы размешчана на 650 гектарах.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *