На ахове прыроды

Работнікамі Столінскай міжраённай інспекцыі жывёльнага і расліннага свету на мінулым тыдні праведзены  два палявыя кантрольныя мерапрыемствы.

Два прадпісанні

Адразу два прадпісанні выдадзены КСУП “Прыгарынскі-2012”. Першае – з патрабаваннем прыбраць з водаахоўнай зоны ракі Гарынь два летнія лагеры для сельскагаспадарчай жывёлы. Другое – прыбраць адходы ў прыбярэжнай паласе і водаахоўнай зоне па правым беразе ракі Прыпяць ад возера Нямецкага да вусця ракі Гарынь, а таксама забяспечыць сістэмны рэгулярны кантроль за захаваннем парадку на ўказанай тэрыторыі, выключыць факты несанкцыянаванага размяшчэння смецця.

Шкода на 27 мільёнаў

Такую шкоду нанеслі навакольнаму асяроддзю двое жыхароў Харомска, якія былі затрыманы 10 жніўня на палявой дарозе ў пойме ракі Гарынь. Пры аглядзе ў аўтамашыне выяўлены лодачны матор “Вецярок-8”, 52-метровая сетка са слядамі здабычы рыбы, а таксама 12,1 кілаграма рыбы. Згодна з таксамі вызначэння памеру пакрыцця шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, яна склала 151 базавую велічыню, ці 27 мільёнаў 180 тысяч рублёў.

Матэрыялы па факце незаконнай здабычы рыбы, што пацягнула прычыненне ўрону ў асабліва буйным памеры, перададзены ў Столінскі раённы аддзел Следчага камітэта для ўзбуджэння крымінальнай справы.

Сетка і браднік  канфіскаваны

Гэтых забароненых прылад лоўлі рыбы пазбавіліся непрацуючыя жыхары Давыд-Гарадка і р. п. Рэчыца. Адзін знаходзіўся непадалёку ад возера Сежка з рыбалоўнай сеткай, другі затрыманы з брадніком на старым рэчышчы Гарыні ля вёскі Вялікія Вікаравічы. На абодвух складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Без дакументаў на груз

На аўтадарозе Струга – Столін 12 жніўня затрыманы тры трактары КСУП “Беражное”, якія транспартавалі бярвенне сасны без грузасуправаджальных дакументаў на драўніну.

У адносінах да юрыдычнай асобы пачаты адміністрацыйны працэс. Драўніна перададзена на захоўванне ў Столінскі лясгас.

Па звестках інспекцыі падрыхтавала

Галіна ГАШЧУК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *