Мая прафесiя — аддзелачнiк!

9 жніўня — дзень будаўніка. Прыгожы сучасны дом альбо кватэра з шыкоўным рамонтам  — усё як з вокладкі часопіса.  Шматузроўневыя столі, аркі з гіпсакардону з аздабленнем з каменю, шпалеры з дэкаратыўнай тынкоўкай, добра пакладзеная плітка… Ці задумваліся вы калі-небудзь пра тых, хто дапамагае нам увасабляць нашы мары ў рэальнасць? Напярэдадні  Дня будаўніка карэспандэнт “НП”  сустрэўся з работнікам  УП “Столінская ПМК-24” Сяргеем Леанідавічам Буянам, каб больш падрабязна даведацца пра прафесію аддзелачніка.
— Сяргей Леанідавіч, раскажыце напачатку крышачку пра сябе.
— Нарадзіўся, рос і сталеў у р. п. Рэчыца. Пасля  таго, як скончыў школу, пайшоў вучыцца ў Столінскі прафесійны  ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, але па спецыяльнасці працаваць не давялося. У гэты перыяд пачаў ездзіць на сезонныя работы і ад старэйшых і больш вопытных людзей пераняў іх вопыт. Паспрабаваў сябе ў ролі будаўніка і тынкоўшчыка, абліцоўшчыка і плітачніка, цесляра і сталяра. Памятаю, як аднойчы давялося  шкліць акно і мне даручылі адрэзаць шкло неабходных памераў. Не магу сказаць, што ў мяне зусім не атрымалася. Канешне, атрымалася, але далёка не з першага разу.  Ну, як гавораць, вопыт прыходзіць з гадамі, а ў мяне – з кожным сапсаваным лістом шкла.
Такая работа мяне захапіла і пачала падабацца ўсё больш і больш, калі я бачыў першыя вынікі  сваёй працы. Мабыць, гэтая акалічнасць і падштурхнула  задумацца над тым, каб атрымаць адпаведную адукацыю. Аднойчы гартаў “НП” і заўважыў аб’яву, у якой гаварылася,  што Столінскі цэнтр занятасці насельніцтва прапануе прайсці курс навучання  ў ВЦП “Сардзінія” па спецыяльнасці тынкоўшчык, плітачнік-абліцоўшчык. І вась у 2011 годзе я атрымаў адпаведную адукацыю, працаваў каля года ў  будтрэсце № 7 г. Мінска, але ў гэты перыяд пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай ды і заработак быў не вельмі добры, таму і вярнуўся ў р. п. Рэчыца. Тут і любая дзяўчына была побач, ды і жыццё значна танней абыходзіцца ў параўнанні са сталіцай.
У 2012 годзе пачаў працаваць у Столінскай ПМК-24 тынкоўшчыкам чацвёртага разраду.
— Ці падабаецца вам ваша работа?
— Так,  я люблю сваю работу, больш дакладна — яе вынік. У   Столінскай ПМК-24 я шмат чаму навучыўся ў больш вопытных калег. Сваімі ведамі  і навыкамі дзяліліся, падказвалі, як лепш зрабіць, Мікалай Каспяровіч, Павел Зубрыцкі, Аляксандр Дабрынец і іншыя. Значную ролю мае і той мікраклімат, які склаўся ў самой брыгадзе, бо гэта людзі, з якімі неабходна працаваць на працягу дня і дакладна ведаць, што ў патрэбны момант табе падставяць плячо калегі. Пэўна, вялікую ролю мае і ўмелае кіраўніцтва Яраслава Паўлавіча Савіча. Са станоўчага боку хочацца адзначыць і майстра Алену Сяргееўну Сідаровіч. Заслугоўвае ўвагі сам факт наяўнасці жанчыны, якая выконвае зусім не жаночую справу.
—    Сяргей Леанідавіч, на ваш погляд, прафесія аддзелачніка з’яўляецца запатрабаванай ці людзі баяцца крызісу і не будуюць дамы, адмаўляюцца ад паслуг унутранай і знешняй  аддзелкі свайго жылля?
— Прафесія будаўніка лічыцца самай старажытнай і самай мірнай на зямлі. Сумняваюся, што будаўнікі старажытных пірамід некалі задумваліся над тым, што іх прафесія зойме адно з вядучых месцаў у гісторыі. Так і я проста працую, шукаю станоўчае ў кожным працоўным дні і спадзяюся на тое, каб  заўтрашні дзень прынёс новыя аб’екты, новыя ідэі, якія мы маглі б з энтузіязмам рэалізаваць у жыццё.
У любы час і пры любых умовах людзі як будавалі жыллё, так і працягваюць будаваць.  Попыт на паслугі будаўнікоў, аддзелачнікаў, муляраў, плітачнікаў усё-такі высокі. Нерухомасць у цяперашні час лічыцца самым выгадным відам інвестыцый. Калі ў нас у раёне крышачку спакайней, дык у сталіцы, напрыклад, добры будаўнік — сапраўдны скарб. Таму сёння спецыялісты з ўмелымі рукамі, няхай нават не з вышэйшай адукацыяй,  могуць атрымаць добрую ўзнагароду за сваю складаную працу.
— Калі вы вырашылі пайсці вучыцца на будаўніка, вы кіраваліся  матэрыяльным аспектам ці вас прывабліваў сам працэс і рытм работы?
— Я цудоўна разумею, што ўмовы працы не заўсёды самыя спрыяльныя, бо не заўсёды выконваеш работы па ўнутранай аддзелцы памяшкання. Гэта перарасло ў звычку ці работа проста прыйшлася да душы —  нават сам не ведаю. Матэрыяльны аспект заўсёды меў значэнне для мяне, як і для кожнага, але ў першую чаргу мне падабаецца тое, чым я займаюся.
— Якія станоўчыя і адмоўныя  бакі сваёй прафесіі вы можаце выдзеліць на сёння?
— Аддзелачнік — будаўнічая прафесія, без якой сёння не абыходзіцца ні адзін рамонт, ні адно будаўніцтва.
Перавагі відавочныя, бо  вышэйшую адукацыю для таго, каб уладкавацца аддзелачнікам, атрымліваць зусім не патрэбна, дастаткова атрымаць сярэднюю спецыяльную ці скончыць адпаведныя курсы. Заўсёды ёсць магчымасць рэалізаваць сябе і дасягнуць пэўных вышынь як добраму, дасведчанаму спецыялісту. І вельмі прыемна, калі згадваеш тыя аб’екты, на якіх працаваў і якія ўжо эксплуатуюцца. Падабаецца здзіўляць людзей, дарыць ім радасць, прыносіць карысць грамадству сваёй дзейнасцю, асабліва калі гэта тычыцца працы ў дзіцячых садках і школах.
Ды і ўласная выгада ў гэтым ёсць, бо самастойна зрабіць унутраную і знешнюю аддзелку дома – гэта вялікая справа. Гэта я дакладна ведаю, бо зараз рэалізую сумесныя з жонкай праекты ў сваім уласным доме.
Мінусам лічу тое, што ўмовы працы шкодныя, бо  даводзіцца працаваць з пыльнымі, бруднымі матэрыяламі і шкоднымі выпарэннямі, што накладвае свой адбітак на здароўе. Значныя фізічныя нагрузкі, калі даводзіцца доўгі час стаяць на нагах, цягаць цяжкія рэчы, матэрыялы, але да гэтага з часам прывыкаеш і перастаеш заўважаць.
Прафесія аддзелачніка завяршае ўвесь будаўнічы працэс, а таму  яна даволі адказная і важная. Канешне,  уяўленні пра «добра», «прыгожа», «якасна» ў розных людзей могуць вельмі адрознівацца, але калі ты добрасумленна папрацуеш, то і ўдзячнасць людзей  будзе самым галоўным крытэрыем тваіх намаганняў. Паверце, самае дарагое ў аддзелачніка — гэта яго рэпутацыя. І грош цана таму рабочаму, які гэта не прызнае ці ставіць на першае месца грошы.
— Сяргей Леанідавіч, віншую вас з прафесійным святам і вялікі дзякуй за цікавую гутарку.
Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *