Маляўнічы экспрэс: утульны куточак Апановічаў

Сёння, паважаныя чытачы, наш “Маляўнічы экспрэс” спыніўся ля дома № 69 па вуліцы Міцкевіча ў аграгарадку Белавуша, дзе жывуць Валерый Адамавіч і Тамара Васільеўна  Апановічы.

хаця на вуліцу трапілі адразу (настолькі тут заблытаная нумарацыя дамоў). І хоць гаспадыня па тэлефоне дала арыенцір, куды ехаць, ёй давялося выехаць нам насустрач і прывесці ў двор, каб пазнаёміць са сваім утульным куточкам.

З вуліцы праходзім пад павеццю з вінаграду і трапляем на дарожку, якая вядзе да дома. Уражанне, што  тут максімальна ўжываецца прыемнае з карысным: перад цяпліцамі ўздоўж дарожкі  — кветкі розных сезонаў цвіцення і вазоны. А злева ад  ганка  – невялічкі садочак з лужком, альтанкай і арэлямі, дзе прыемна адпачыць сям’ёй ці з сябрамі.

—  Гэта ўсё ідэі майго мужа, — папярэджвае маё пытанне Тамара Васільеўна. – Ён як загарыцца жаданнем штосьці зрабіць, ноч думае, а пасля возьмецца і зробіць. З нядаўніх канструкцый – лаўка-арэлі, да якой засталося зрабіць дах. Я толькі дапамагаю мужу добраўпарадкаваць ды кветкамі ўпрыгожыць. А да кветак маю прыхільнасць з дзяцінства.

Гаспадыня звяртае ўвагу на невялічкую сажалку, на беражку якой знайшлі прытулак штучныя буслы і лебедзі.

 Побач — слонік, а на яблыньцы – верталёт з пластыкавых бутэлек. Гэта  малодшы сын Ігар прыдумаў і змайстраваў іх.

Гаспадар дома Валерый Адамавіч аграном па адукацыі, працуе будаўніком у КУВП “Манькавічы”. Гаспадыня – тэхработнік у мясцовай школе. Тут жа працуе кіраўніком фізічнага выхавання старэйшы сын Аляксандр Валер’евіч. Дачка — медыцынская сястра ў абласной бальніцы, мае сваю сям’ю.

Сёння мы пазнаёмілі вас з астраўком прыгажосці сям’і Апановічаў. Калі вы ведаеце адрасы цікавых, арыгінальных канструкцый і афармлення сядзібных участкаў,  тэлефануйце ў рэдакцыю – і наш “Маляўнічы экспрэс” прымчыць да вас!

 Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *