Любiш катацца — любi i пiльнаваць!

Нягледзячы на тое, што сродкі масавай інфармацыі ўжо неаднаразова нагадвалі жыхарам нашага раёна пра  неабходнасць забеспячэння  ўмоў для захавання  сваёй маёмасці, у дадзеным выпадку  — веласіпеда,  для  большасці грамадзян, як паказвае чарговы рэйд намесніка начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Столінскага РАУС  Івана Іванавіча Шаламіцкага і карэспандэнта “НП”,  з’яўляецца нейкім дзівам, нават навінай.   Аказваецца, што веласіпед патрэбна пакідаць у спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, ды яшчэ і замацоўваць спецыяльнымі замкамі, што для многіх і сёння яшчэ не зразумела.

Крадзеж веласіпедаў – сапраўднае няшчасце для гаспадара транспартнага сродку  і супрацоўнікаў праваахоўных органаў.  Нягледзячы на тое,   што супрацоўнікі РАУС  праводзяць   прафілактычную работу па папярэджванні крадзяжоў веласіпедаў,  каля  магазінаў і прадпрыемстваў горада праводзяць гутаркі з гаспадарамі веласіпедаў аб неабходнасці забеспячэння свайго транспартнага сродку замыкаючым сродкам, праз раённую газету звярталіся да грамадзян з просьбай берагчы сваю маёмасць,  выпадкі крадзяжу веласіпедаў  усё ж сустракаюцца.

Веласіпеды звычайна прападаюць у грамадскіх месцах – каля магазінаў, цырульняў, месцаў грамадскага харчавання і нават  са стаянак ля прадпрыемстваў. Пры гэтым злачынцы зусім неабавязкова чакаюць цёмнага часу сутак. Так, напрыклад, у пачатку ліпеня  веласіпед быў украдзены па вул. Церашковай са стаянкі каля ААТ “Савушкін прадукт” сярод белага дня. Як патлумачыў Я. У. Гуцко, вядучы спецыяліст дадзенага прадпрыемства, стаянка імі не ахоўваецца. Што ж атрымліваецца:  веласіпеды і аўтамабілі на гэтай стаянцы належаць супрацоўнікам, шлагбаум і бетонная агароджа пастаўлены таксама арганізацыяй, відэакамера ўстаноўлена імі, а вось стаянка імі не ахоўваецца. Значыць, супрацоўнікі   пакідаюць свае веласіпеды і ніхто не можа ім гарантаваць, што  «жалезны конь» дачакаецца свайго гаспадара. Многае залежыць і ад дбайнасці самога гаспадара, бо на стаянцы каля ААТ “Савушкін прадукт” налічылі 12 веласіпедаў і толькі адзін з іх быў надзейна замацаваны спецыяльным замком.
Супрацьлеглая карціна назіраецца на тэрыторыі ААТ “Берасцейскі пекар”. Тут агульнымі намаганнямі супрацоўнікаў і адміністрацыі арганізавана імправізаваная стаянка для веласіпедаў, якая дабротна агароджана сеткай і  зачыняецца  з дапамогай навяснога замка. Вартаўнік  А. Ц. Курчэня патлумачыла, што ў арганізацыі ніхто не адмяняў сумленнасць людзей, якія ідуць насустрач адзін аднаму, каб паспрыяць захаванню маёмасці калег.   Адміністрацыя стараецца стварыць для гэтага ўмовы, а ўвесь  калектыў падтрымлівае  дысцыпліну і парадак на тэрыторыі хлебазавода.
Ад  дырэктара дадзенай арганізацыі  В. М. Шэлеста  даведаліся, што пазаведамасная ахова самастойна кантралюе тэрыторыю, якая адведзена пад стаянку для веласіпедаў, і ў час перазменкі адмыкае, каб людзям было зручна, кантралюе і забяспечвае парадак на прылягаючай тэрыторыі. Не буду крывіць душой, калі скажу, што ў добрага гаспадара і  на прадпрыемстве поўны парадак, і людзі адчуваюць клопат з боку кіраўніцтва.
Пачалі гаварыць пра гаспадароў, таму хочацца спытаць, які дбайны гаспадар пакіне сваю маёмасць, няхай нават на кароткі тэрмін, без нагляду? А вось каля гандлёвага павільёна “Цэнтр” на момант рэйда  стаялі тры веласіпеды без нагляду і без якіх-небудзь замыкаючых сродкаў утрымання. Як аказалася, усе ўласнікі веласіпедаў былі побач, толькі на хвіліначку забеглі ў магазін, а замыкаючыя сродкі згубілі альбо яны, канешне, ёсць, але дома. Узнікае пытанне, дык навошта яны  іх набывалі (калі, канешне, набывалі)?
Каб пазбегнуць крадзяжу веласіпеда ў грамадскім месцы, трэба прытрымлівацца элементарных мер бяспекі: дастаткова проста павесіць замок і надзейна замацаваць свайго «жалезнага каня» на спецыяльнай стаянцы. Задумайцеся над тым фактам, што ні адзін з украдзеных веласіпедаў не быў прымацаваны такім чынам.   Часцей за ўсё крадзяжы веласіпедаў усё ж такі адбываюцца з-за нядбайнасці саміх гаспадароў. Таму памятайце: веласіпед, пакінуты без увагі, – лёгкая здабыча для злачынцы. А захаваць вашу маёмасць і добры настрой часцяком можа дапамагчы выкананне элементарных мер засцярогі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *