Конны фэст у «Палескай нiве»

У нядзелю 23 жніўня ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Палеская ніва” адбыўся першы фестываль каня.


Дзейства разгарнулася на лузе злева перад уездам у аграгарадок Рамель. Пад разложыстым дубам усталявалі невялічкую сцэну. Для паказу ўсёй велічнасці каня – нястомнага працаўніка і  незаменнага памочніка  на сяле і проста прыгожай жывёліны – стварылі імправізаваны манеж, які аздобілі калодзежам і млыном, кветкамі. Межы абазначылі цюкамі саломы, а на ўваходзе і па кутках устанавілі саламяныя рулоны, якім з дапамогай фарбы надалі выгляд вежаў.

Адкрыў фестываль старшыня СВК “Палеская ніва” Мікалай Аляксеевіч Бародзіч. Ён адзначыў, што спаборніцтвы конных запрэжак праводзіліся ўжо ў гаспадарцы, а сёлетняе свята стане традыцыйным.

Удзельнікаў і гасцей фестывалю віталі таксама член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Лідзія Уладзіміраўна Грынеўская і старшы навуковы супрацоўнік навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі  па жывёлагадоўлі Уладзімір Іванавіч Чаўлытка.

Першымі ў праграме фестывалю былі спаборніцтвы конных запрэжак. У іх удзельнічалі сем вазоў з чатырох вёсак. Гонар Рамля абаранялі Мікалай Іванавіч Сядляр (самы сталы ўдзельнік) і Вячаслаў Іосіфавіч Юхневіч, вёскі Мачуль — Анатоль Міхайлавіч Пыталь, вёскі Цераблічы – Мікалай Іванавіч Сулкоўскі, аграгарадка Велямічы – Вадзім Рыгоравіч Ляшкевіч. За гонар племянной каняфермы СВК “Палеская ніва” выступалі прадстаўніцы жаночай паловы чалавецтва  — Наталля Мікалаеўна Бандзюк і Лілія Іванаўна Вітун.

Па чарзе ўдзельнікі выконвалі праграму спаборніцтваў, дзе трэба было аб’ехаць перашкоду, два разы праехаць “змейку”, выканаць заднюю паркоўку.  За ходам сачыла журы ў складзе А. М. Бародзіча, Л. У. Грынеўскай, У. І. Чаўлыткі і М. Ю. Ярмоліч – заатэхніка па конегадоўлі, якая  з мікрафонам каменціравала ход конкурсу. Камісія ацэньваўся знешні выгляд каня, парадак вупражы і воза, паводзіны і кіруемасць, хуткасць пераадолення маршруту. За памылкі знімаліся балы.

Трэба адзначыць, што ўдзельнікі старанна падрыхтаваліся да спаборніцтваў:  упрыгожылі павозкі кветкамі, бліскучай мішурой; жанчыны выступалі ў народным адзенні. Перад конкурснай праграмай  запрэжкі  ўрачыстым маршам праехалі перад гледачамі. Яшчэ адзін круг запрэжак быў зроблены для таго, каб вызначыць прыз глядацких сімпатый.

Пакуль журы падводзіла вынікі, перад гледачамі з канцэртнай праграмай выступіла аматарскае аб”яднанне “Моўства” Мачульскага сельскага дома фальклору.

І вось падведзены вынікі. Найбольшую колькасць балаў набраў і заняў першае месца Вадзім Ляшкевіч. Як пераможца ён заахвочаны сертыфікатам на 500 кілаграмаў аўса ад СВК “Палеская ніва” і мікрахвалёўкай  ад прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Столінскім раёне, якое выступіла спонсарам дадзенага мерапрыемства.  Прыз  глядацкіх сімпатый – электрачайнік  – дастаўся таксама Вадзіму Ляшкевічу. На другім месцы самы старэйшы ўдзельнік – 73-гадовы пенсіянер Вячаслаў Іосіфавіч Юхневіч (сертыфікат на 400 кг аўса і мясарубка), на трэцім – Анатоль Міхайлавіч Пыталь – самы малады канкурсант: яму 32 гады (сертыфікат на 300 кг аўса і кухонны камбайн). Яшчэ адзін падарунак – міксер — ён  атрымаў за волю да перамогі, бо  Анатоль выйшаў на спаборніцтвы з хворай нагой.

Астатнія ўдзельнікі ўзнагароджаны сертыфікатамі на 200 кг аўса для іх чатырохногіх старанных памочнікаў.

Каняферма СВК “Палеская ніва” мае статус рэспубліканскага коннага завода па развядзенні племянных коней, якія з’яўляюцца неаднаразовымі ўдзельнікамі і прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных выставак. Усяго на каняфереме 138 коней, з іх 65 каняматак і восем жарабцоў-вытворцаў. Больш як 95 працэнтаў пагалоўя аднесена да класа эліта. За гады існавання каняфермы прададзена больш за 150 галоў племянных коней. Таму не менш  цікавай аказалася дэманстрацыя тытулаваных коней розных парод.

Але, бадай, самым відовішчным было выступленне Мінскага коннага клуба “Залатая шпора”,  удзельнікі якога разыгралі на манежы цэлы спектакль баявога мастацтва двухсотгадовай даўнасці і паказалі забавы вершнікаў. Жадаючыя маглі пакатацца вярхом.

У праграме свята выступіў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Выцінанка” Столінскага ГДК і ўдзельнікі аматарскай творчасці Рамельскага цэнтра сельскай культуры і вольнага часу.

Свае паслугі прэзентавалі РКЦ № 21 ААТ “Белаграпрамбанк” і прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Столінскім раёне. Дзеці былі ў захапленні ад персанажа Белаграпрамбанка Агрыка, які частаваў малых цукеркамі.

Даволі было атракцыёнаў і дзіцячых забаў: карусель, надуўныя горкі. Працаваў цір. Свае вырабы прапаноўвалі народныя майстры. Можна было падсілкавацца, выпіць прахаладжальныя напіткі, купіць марожанае ў гандлёвых радах.

Фестываль каня пакінуў прыемныя ўражанні  ва ўсіх удзельнікаў і гасцей, звярнуў увагу на прыгажосць  свойскай жывёліны і ўменне абыходжання з ёй, на працу ў сяле, якая выхоўвае і робіць чалавека высакародным.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

Конны фэст у «Палескай нiве»: 1 комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

  • Ликвидация фирмы
  • Ликвидация фирм недорого. Все бухгалтерские услуги здесь
  • likvidaciya-spb.ru

  • www.perchiknadom.kz
  • Костюмы для бальных танцев и театра. Костюм в театре и в истории
  • perchiknadom.kz