Жыві і квітней, Давыд-Гарадок!

Дзень нараджэння ёсць ва ўсіх: як у чалавека, так і ў горада. У нядзелю, 16 жніўня, жыхары Давыд-Гарадка адсвяткавалі 915-ю гадавіну свайго горада. З самай раніцы горад быў упрыгожаны і падрыхтаваны да свята. На цэнтральнай плошчы размяшчаўся невялікі кірмаш з сувенірамі і атракцыёнамі. Святкаванне пачалі ў 12 гадзін. Адкрыў свята старшыня Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама Вячаслаў Васільевіч Стаднік.

У сваім выступленні Вячаслаў Васільевіч нагадаў пра гісторыю горада і яго заснавальніка князя Давыда Гарадзецкага. Гэтак жа ён распавёў аб дасягненнях і задачах горада. У прыярытэце — захаванне і прымнажэнне дасягненняў горада, павышэнне ўзроўню працаздольнасці гарадскіх прадпрыемстваў, стварэнне працоўных месцаў, рэканструкцыя дзіцячага садка на сто месцаў, паляшэнне вулічнага асвятлення ў цёмны час сутак і добраўпарадкаванне гарадскіх вуліц.

У гонар свята права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь далі герою Расіі, ураджэнцу Давыд-Гарадка Аляксандру Васільевічу Дарковічу; медалістцы 2015 года сярэдняй школы № 1, студэнтцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірыне Вяргун; медалістцы, студэнтцы Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Кацярыне Раманавай; медалістцы, студэнтцы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Юліі Шыкунец; медалістцы Алене Аляксандраўне Гулаковай.

Права ўзняць сцяг горада Давыд-Гарадка прадаставілася Ганароваму грамадзяніну горада Давыд-Гарадка Мікалаю Паўлавічу Бразоўскаму; медалістцы 2015 года сярэдняй школы № 2, студэнтцы Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Крысціне Кецька; медалісту, студэнту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Аляксандру  Мамайку; медалісту, студэнту Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» Раману Шапецьку.

Пазней вучні сярэдніх школ ўсклалі кошык кветак да брацкай магілы воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Памяць ушанавалі хвілінай маўчання.

У святкаванні прыняў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мікалаевіч Ярашэвіч. Пасля віншавальнай прамовы ён узнагародзіў медалём за заслугі і прывітальным адрасам ад грамадскай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Аляксея Іванавіча Роўкача, які ў гэтым годзе святкуе свой 60-гадовы юбілей.

Таксама павіншаваць горад і яго жыхароў прыехаў герой Расіі Аляксандр Васільевіч Дарковіч. Ён распавёў пра тое, як ганарыцца добраўпарадкаваннем горада, і акунуўся ва ўспаміны пра мінулае мясцовых вуліц. Не абышлося і без падарунка роднаму гораду. Аляксандр Васільевіч асабіста ўручыў Вячаславу Васільевічу Стадніку кнігу «Перамога адна на ўсіх» і падарыў гарадскому музею невялікую бібліятэчку кніг.

Павіншавала горад і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Лідзія Уладзіміраўна Грынеўская.

Ну і які ж дзень горада без цырымоніі ўзнагароджання, якое правёў старшыня Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама Вячаслаў Васільевіч Стаднік. Падарункі атрымалі доўгажыхарка Вера Кандратаўна Галавач, якой у гэтым годзе споўнілася 103 гады; сямейная пара — Раіса Канстанцінаўна і Дзям’ян Аляксандравіч Крох, у іх у гэтым годзе залатое вяселле — 50 гадоў сумеснага жыцця. Былі адзначаны мамы і нованароджаныя дзеці, мнагадзетныя сем’і, залатыя юбіляры, уручаліся ўзнагароды за добраўпарадкаванне тэрыторыі прадпрыемстваў і асабістых подворкаў.

У заключэнне вядучыя мерапрыемства нагадалі жыхарам і гасцям пра людзей, якія праслаўлялі і ўслаўляюць родны горад. Гэта доктар медыцынскіх навук, прафесар Рыгор Пятровіч Рычагоў, пісьменнік Георгій Васільевіч Марчук, паэт Леанід Васільевіч Дранько-Майсюк, мастак Аляксандр Канстанцінавіч Харашун, прызёр кубка Еўропы па штурханні ядра Алена Васільеўна Копец, герой Расіі Аляксандр Васільевіч Дарковіч, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сцяпанавіч Глушакоў, кандыдат медыцынскіх навук Міхаіл Мікалаевіч Шапецька, заслужаныя педагогі Рэспублікі Беларусь Наталля Васільеўна Гваздзюкевіч, кавалер ордэна “Знак Пашаны” Ніна Аляксандраўна Шэлехава, генерал-маёр танкавых войскаў Васіль Антонавіч Плаўчанка. Вялікі ўклад у развіццё горада і раёна ўнёс Герой Сацыялістычнай Працы Іван Дзмітрыевіч Янкоўскі.

Далей быў музычны канцэрт, а пасля яго — святочная дыскатэка.

Надзея ГЛЯД

Фота аўтара

ВСЕ ФОТО СМОТРИТЕ В ФОТОГАЛЕРЕЕ

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *