Фантазія колераў і кампазіцыйных рашэнняў

На тэрыторыі Бор-Дубенецкай базавай школы пад кожным кусцікам “жывуць-красуюцца”  свае жыхары.  Тут можна ўбачыць сямейку божых каровак. Асобнай экспазіцыяй выступае мядзведзь  каля невялічкай хаткі, а побач гарэзаф-дзяўчынка – гераіня  ўсім вядомага мультфільма “Маша и медведь”.  І яшчэ адзін вядомы герой  — маленькая панда. На пянёчку ўселася шустрая вавёрка, якую цяжка ўявіць без грыбочкаў. Тут і вожык, і парачка драўляных сімпатычных кацянят.

Цікавасць выклікаюць кветкі, якія зроблены з пластыкавых бутэлек. Акуратны ветраны млын арганічна дапаўняе кветкавую кампазіцыю.

Папрацавалі  работнікі дадзенай установы  над арганізацыяй воднай гладзі з кветак, па хвалях якой спакойна плывуць лебедзі. Успомнілі і старадаўняе мастацтва пляцення з лазы, таму вынікам стала з’яўленне прыгожых кашпо для сальвіі, якая радуе сваёй яскравасцю ў такое спякотнае надвор’е.

Каля  Асаўской сярэдняй школы цэлае кветкавае мора… Сапраўдная феерыя колераў…  Сама школа размешчана ў даволі жывапісным месцы: тут растуць сосны, вакол якіх цвітуць кветачкі, сцяжынка таксама абсаджана сальвіямі, петуніямі, аксаміткамі і г. д. Дапаўняюць  кампазіцыю вечназялёныя дрэвы і кусты.

На тэрыторыі Відзіборскай сярэдняй школы цікавасць выклікаюць асобныя арыгінальныя рашэнні.  Колер фасада будынка школы пераклікаецца з колеравай гамай аднаго з кветнікаў. Асобным астраўком выступаюць вечназялёныя кусцікі. Сцяжынка да школы густа абсаджана чырвонай сальвіяй і іншымі кветкамі.

Тэрыторыя Арлоўскай сярэдняй школы нагадвае вясковы падворак са сваім мясцовым каларытам. Тут усё, як на сялянскім падвор’і: невялічкая хатка і калодзеж-журавель, і масточак цераз рэчку, і ветраны млын, і запрэжаны конь  чакае свайго гаспадара.

Асобнае месца надае азеляненню прышкольнай тэрыторыі калектыў Беражноўскай сярэдняй школы. Яны працуюць па спецыяльным праекце па азеляненні і рэалізавалі яго на ўсе сто працэнтаў, бо тэрыторыя тоне ў безлічы самых разнастайных кветак. Аксаміткі, петуніі, сальвіі, вяргіні, агератумы… Уздоўж агароджы і каля сцяжынкі асобныя астраўкі і цэласныя кампазіцыі, кветнікі і асобныя кашпо…

На тэрыторыі сярэдняй школы № 3 р. п. Рэчыца асобныя куточкі вакол школы ўпрыгожваюць яскравыя кветкі яркіх сонечных адценняў.  Тут намаганнямі калектыву ўстановы “вырас” ветраны млын, шлях да якога праходзіць цераз масточак. Насупраць размешчана кампазіцыя   вясковага калодзежа з жоравам і кветкамі ў кветачніцы-вядры.

Радуе, што калектывы ўстаноў адукацыі самі ствараюць умовы для таго, каб камфортна было не толькі ім, але і тым вучням, якія  наведваюць дадзеныя ўстановы.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *