Чым абярнуўся начны разбой для злачынцаў

У тую вясновую ноч, здаецца, нічога не прадказвала бяды. Адзінока пражываючая пажылая жанчына Д., жыхарка аграгарадка Беражное, ціха і мірна спала ў сваім доме. Прачнуцца яе прымусіў грукат уваходных дзвярэй, звон аконнага шкла і неахайныя мужчынскія крокі.

Д. спалохана выйшла ў кухню і спытала: “Хто там?”, — а нечаканыя госці тым часам увайшлі ўжо ў калідор. Бабуля паспрабавала схавацца за шафу, якая стаяла непадалёк, ды не паспела. Двое мужчын кінуліся на яе з тупым прадметам. Замест моўнага адказу яна атрымала спачатку удар па галаве, а потым па спіне.

Д. злосна крыкнула, што калі ім трэба грошы, то яны ляжаць у шафе. Пачуўшы гэта, незнаёмцы яшчэ больш бязлітасна пачалі здзеквацца з жанчыны, наносячы ўсё новыя і новыя ўдары…

У нейкі момант Д. атрымалася вырвацца з рук разбойнікаў. Па шчаслівым выпадку ці волі Усявышняга? Нам не давядзецца аб гэтым даведацца, але галоўнае — яна аказалася на вуліцы.

Д. пабегла да бліжэйшай хаты, але суседка  не пусціла перапалоханую, акрываўленую бабулю ў дом. Жанчына мусіла ісці шукаць дапамогі далей.

Другую суседку, якая жыве непадалёк, разбудзілі крыкі і плач. Выйшаўшы з дома, яна пачала рухацца па вуліцы, дзе і сустрэла Д. Добразычлівая суседка завяла бабулю ў свой дом, пераапранула, выклікала хуткую медыцынскую дапамогу і супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Д. даставілі ў Столінскую цэнтральную раённую бальніцу.

…Жыхары Давыд-Гарадка К. і Л., якія ўчынілі нападзенне на Д., да гэтага разам распівалі спіртныя напіткі. У нейкі момант у аднаго з іх з’явілася прапанова з’ездзіць у Беражное і авалодаць маёмасцю адной грамадзянкі. Бліжэй да ночы яны ажыццявілі задуманае.

Дарэчы, разбойнае нападзенне – гэта не адзінае злачынства, за якое перад законам і сваім сумленнем адкажа К. Ён скраў грошы ў памеры 2 млн рублёў у грамадзяніна Давыд-Гарадка.

Адбыўся суд на чале з суддзёю Ж. П. Стаднік з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы старшага памочніка пракурора Д. М. Харашуна. Акалічнасцю, якая абцяжарвае адказнасць, судом прызнана ўчыненне злачынства ў стане алкагольнага ап’янення.

Суд прызнаў К. вінаватым у тайным крадзяжы маёмасці па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прымяненні насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпеўшага з мэтай непасрэднага завалодвання маёмасцю (разбой), учыненага паўторна групай асоб па частцы 2 артыкула 207 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яму прызначана пакаранне па сукупнасці ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам дзевяць гадоў і шэсць месяцаў з адбыццём у выпраўленчай калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Л. прызнаны вінаватым па частцы 2 артыкула 207 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яму давядзецца правесці сем гадоў і шэсць месяцаў у выпраўленчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. На маёмасць накладзена канфіскацыя.

Пасля знаёмства з матэрыяламі справы ўзнікае пытанне: “У чым вінавата безабаронная  пажылая  жанчына?”   Падзеі той ракавой ночы маглі скончыцца больш трагічна. Ніхто ў жыцці не застрахаваны ад нападзення зладзеяў і садыстаў. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Аліна НОВІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *