Бацькi! Беражыце дзяцей!

Як паведаміў “НП” начальнік АДАІ Столінскага РАУС Сяргей Аляксандравіч ТРАПЕЦ, у мінулую нядзелю, 16 жніўня, каля 14.00 у Альшанах па вуліцы Школьнай адбылося дарожна-транспартнае здарэнне, у якім траўмы атрымаў юны матацыкліст.

— 16-гадовы юнак на матацыкле “Хорс-Мотарс” паварочваў налева і не прапусціў легкавы аўтамабіль “Фольксваген-Пасат”. Адбылося сутыкненне. У выніку здарэння юны матацыкліст атрымаў траўмы і быў дастаўлены на лячэнне ў Столінскую ЦРБ, а потым яго перавезлі ў Пінскую бальніцу. Таксама на матацыкле знаходзіўся і 15-гадовы пасажыр, які атрымаў нязначныя пашкоджанні і зараз знаходзіцца дома.

У ходзе разбіральніцтва было высветлена, што і вадзіцель, і пасажыр матацыкла знаходзіліся без моташлемаў. Двухколы транспартны сродак не быў зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку. Па дадзеным факце праводзіцца праверка.

Таксама стала вядома, што матацыкл юнаку купілі яго бацькі. На жаль, робячы такія дарагія падарункі дзецям, бацькі не задумваюцца аб магчымых цяжкіх наступствах. Паважаныя бацькі! Беражыце сваіх дзяцей.

Усяго з пачатку года на дарогах Столінскага раёна адбылося шэсць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам матацыклістаў, у якіх шэсць чалавек атрымалі раненні.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *