Заказнік Столінскага раёна «Марочна» — аб’яўлены рэспубліканскім

Заказнік мясцовага значэння “Марочна” Столінскага раёна аб’яўлены рэспубліканскім водна-балотным заказнікам. Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове № 542 Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 2015 года.

Зроблена гэта з мэтай захавання ў натуральным стане каштоўных леса-балотных экалагічных сістэм, дзікарослых раслін і дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, што ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а таксама месцаў іх вырастання і жыхарства.

Агульная плошча заказніка “Марочна” складае 6444,39 гектара. У склад заказніка ўваходзяць землі ляснога фонду ДЛГУ “Столінскі лясгас” (6368,8 гектара) у кварталах Каладнянскага і Церабяжоўскага лясніцтваў, землі сельскагаспадарчага прызначэння КСУП “АграГлінка” (75,59 гектара).

Агульная плошча ахоўнай зоны заказніка “Марочна” складае 82,29 гектара.

Для прадухілення ці змякчэння шкоднага ўздзеяння на прыродныя комплексы і аб’екты, размешчаныя ў межах заказніка “Марочна”, у ахоўнай зоне забараняецца правядзенне работ па гідратэхнічнай меліярацыі, змяненні існуючага гідралагічнага рэжыму, за выключэннем работ па аднаўленні, будаўніцтве гідратэхнічных збудаванняў (супрацьфільтрацыйныя дамбы), якія спыняюць шкоднае ўздзеянне на прыродныя комплексы і аб’екты, што размешчаны на тэрыторыі заказніка, а таксама рамонтна-эксплуатацыйныя работы па забеспячэнні функцыянавання меліярацыйных сістэм; разведка і распрацоўка радовішчаў агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў, за выключэннем радовішчаў пяску і пясчана-гравійнай сумесі; размяшчэнне адходаў, за выключэннем часовага захоўвання адходаў у санкцыяніраваных месцах захоўвання адходаў да іх перавозкі на аб’екты захавання, абясшкоджвання адходаў і (ці) на аб’екты па выкарыстанні адходаў: выкарыстанне хімічных сродкаў аховы раслін авіяцыйным метадам; інтрадукцыя, акліматызацыя чужародных відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін; будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў, жылой забудовы, размяшчэння садоўніцкіх таварыстваў, дачных кааператываў.

Міністэрству энергетыкі пры будаўніцтве аб’ектаў для здабычы торфу трэба забяспечыць будаўніцтва супрацьфільтрацыйнай дамбы на тэрыторыі, якая прылягае да заказніка “Марочна”, весці работы па паўторным забалочванні тэрыторыі на выпрацаваным участку радовішча торфу, а таксама выконваць іншыя мерапрыемствы па папярэджванні парушэнняў гідралагічнага рэжыму ў адпаведнасці з праектнай дакументацыяй.

Заказнік “Марочна” перададзены ў кіраванне Столінскаму раённаму выканаўчаму камітэту, які ў шасцімесячны тэрмін павінен ва ўстаноўленым парадку зарэгістраваць утвораную тэрытарыяльную адзінку Рэспублікі Беларусь – рэспубліканскі водна-балотны заказнік “Марочна” і ўстанавіць спецыяльныя інфармацыйныя знакі па межах заказніка.

—    “Марочна” – трэці заказнік рэспубліканскага значэння на Століншчыне, — гаворыць начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васіль Васільевіч Патапчук. – Цяпер каля палавіны Століншчыны – гэта асоба  ахоўваемая тэрыторыя, чым могуць пахваліцца нямногія раёны. Дзяржава ўскладае на прыродаахоўныя службы, усіх грамадзян абавязак строга выконваць усе патрабаванні знаходжання ў заказніку.

З Палажэннем аб заказніку можна азнаёміцца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь Pravo.by.

Галіна ГАШЧУК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *