З марай па жыццi

Так атрымалася, што свой юбілей – 85 гадоў  з дня  нараджэння – Ірына Дзмітрыеўна Аўсянік сустракала  не ў Століне, а ў Кіеве, у старэйшай дачкі Таццяны, куды паехала напачатку ў госці, а потым аказалася на  бальнічным ложку. Дало сябе  трывожна адчуць  сэрца. Потым зяць прывёз яе  дахаты.  Таму  юбілейныя ўрачыстасці  расцягнуліся на некалькі тыдняў.
Я даўно ведала  гэту жанчыну, але яе расказ  пра  ўласны жыццёвы шлях  уразіў  тымі момантамі, тымі жыццёвымі цяжкасцямі, якія яна пераадольвала  не проста годна, а настойліва і самаахвярна. І заўжды  дабівалася пастаўленай мэты. Прычым  такой, ад якой  многія  адмовіліся б адразу.
Але давайце  па парадку.
У сярэдзіне чэрвеня 1930 года  ў адной з вёсак  Сумскай вобласці, што ва Украіне,  у сялянскай сям’і нарадзілася  дзяўчынка, якую назвалі Ірынка. Яе маці  — маладая  і прыгожая, з  заможнай  сям’і – выйшла замуж за  ўдаўца, у якога было трое дзяцей. Ніхто ў вёсцы з жанчын не  хацеў браць на сябе такое ярмо, а гэтая дзяўчына  пашкадавала дзяцей. Яна  карміла, даглядала сірот, калі выпадаў вольны час, а потым  сказала   амаль у два разы старэйшаму за яе  іх  бацьку:
– Дзядзя  Дзіма, бярыце мяне ў жонкі. Ніхто вашых дзяцей так, як я, не  будзе любіць.
І ён  ёй паверыў. Пайшоў  у сваты, але  атрымаў адмоўны адказ. Дзяўчына  стаяла на сваім: пайду  да сірот, таму  бацькі не далі ёй пасагу.  А яна прыйшла  ў бедную сям’ю і стала маці не толькі  для яго дзяцей, але і нарадзіла яшчэ двух  у шлюбе.
Ірынка  скончыла  два класы сельскай школы, калі пачалася вайна.  Бацька  пагнаў  калгасны статак на ўсход.  Быў у  Курскай вобласці, калі немцы  апярэдзілі  бежанцаў. Перайшоў  на Браншчыну, дзе партызаніў, а памёр ад ран  у шпіталі.  Старэйшы брат  быў у арміі, а на руках у маці засталося  трое самых малодшых дзяцей.
З гісторыі ведаем, якія цяжкія  баі з пераменным поспехам ішлі  на Курскай  дузе, а Ірынцы давялося  адчуць гэта  на ўласным лёсе. Іх драўляны дом  разабралі на бліндажы, сям’я жыла  ў  склепе, які быў вырыты  на ўчастку.  Адступалі  савецкія байцы – і яны з імі, наступалі – і яны варочаліся  ў роднае гняздо. Есці не было  чаго. Ад голаду  першай памерла  самая малодшая сястрычка, а потым маці. Ірынку і брата забралі ў  дзіцячы дом. Здавалася, што жыць ёй  засталося  зусім нямнога, бо малая не магла пераносіць нават паху ежы, губляла  прытомнасць. Але чужыя добрыя рукі яе выхадзілі, яна  пайшла ў школу. Дзяўчынка-пераростак  скончыла толькі  пяць класаў.  Завяршылася на тым  яе дзяцінства.
У 14 гадоў  яна пайшла  вучыцца на токара ў рамесніцкае вучылішча. Скончыла яго на выдатна  і атрымала накіраванне  ў шахцёрскую Горлаўку на машынабудаўнічы завод. Разрад ёй прысвоілі  самы высокі, таму і  ўчастак быў адказны. Трэба было рабіць нарыхтоўкі  для механічнага  цэха.
Дзяўчынка спраўлялася  працаваць на сямі станках – ад абдзірачнага  да шліфавальнага. Майстар  Мікалай Карнеевіч  адразу  ж ацаніў і старанне новай рабочай, і ўменне, і імкненне да парадку і чысціні. У Горлаўцы  ў той час  адкрылі курсы медыцынскіх сясцёр для тых, хто  быў санітарам на фронце і шукаў цяпер работу.
– Ірына, твае рукі станкі не ацэняць, ідзі людзей лячыць, — сказаў ёй майстар.
Ён і адвёў яе на курсы. Прынялі  дзяўчыну ўмоўна, бо яна мела толькі пяць класаў адукацыі, а патрэбна было мець сем. І пачаўся  новы этап жыцця ў такім напружаным рытме, які мог вытрымаць толькі  малады арганізм.  Зранку вучоба на курсах, пасля абеду – вучоба ў школе, а з 12 гадзін ночы да васьмі гадзін ранку  работа за станком. Чаму яшчэ і работа?  А хто ж карміў бы  яе, сірату?  Самой трэба было  зарабляць грошы.  Майстар разумеў  увесь цяжар, таму і прапанаваў ёй  паставіць ля станкоў  карыта. У ім яна спала  некалькі гадзін перад ранкам  пасля выканання нормы  выпрацоўкі. Каб не здарылася  якой аварыі, майстар загадваў  прывязваць касу да пояса. Каб не есці  адзін сухі хлеб, які давалі  па картках, загадваў ёй  у місачцы кіпяціць  на буржуйцы ваду, якая выконвала ролю чаю.
Чаму так падрабязна расказваю пра гэты перыяд жыцця Ірыны Дзмітрыеўны?  Таму што  так жыла не адна яна ў час аднаўлення  разбуранай вайной  народнай гаспадаркі.  І гэта быў хоць і мірны, але  цяжкі перыяд жыцця краіны. Але перажыўшыя вайну людзі  імкнуліся  не толькі  працаваць, але і вучыцца, асвойваць мірныя  прафесіі.
Мінула паўтара года – і маладзенькую  медсястрычку Ірачку , якая на ўсе пяцёркі скончыла курсы,  накіравалі ў Горлаўцы  ў шахту “Камсамолец” загадчыцай  падземнага медпункта. Потым была шахта  пад празаічнай назвай “19-20”.  Так прайшло  тры гады.
У 1951-м годзе  яе выклікаюць у ваенкамат і прапаноўваюць іншую работу.  Пакуль  не кажуць якую. Дзяўчына   пагаджаецца, здагадваецца, што трэба будзе  працаваць  у заходніх абласцях  Украіны, таму ўсе свае адпускныя грошы траціць на набыццё літаратуры, якую  ў вёсцы  не купіш  у той час. Але калі  прывезлі іх  у Кіеў, то аказалася, што працаваць давядзецца  ў ваенным шпіталі  Паўночнай групы савецкіх войскаў у Польшчы. Кніжкі ўсе забралі, таму  Ірына нямала праплакала.
І сёння Ірына Дзмітрыеўна памятае  тыя восем гадоў жыцця за мяжой. Гэта быў  шчаслівы час, бо  ў шпіталі яна  сустрэла сваё каханне, стала жонкай Аўсяніка Паўла, які працаваў  там жа, нарадзіла сваю  дачушку  Таццяну.  Муж  меў сярэднюю спецыяльную адукацыю, марыў стаць урачом, таму  падаў рапарт. І маладая сям’я  пераехала ў Столін, на радзіму  мужа.  Праз некалькі месяцаў  ён паступіў  у Львоўскі медінстытут, паехаў вучыцца,  а яна засталася  ў Беларусі.
У маладой жанчыны была мара стаць урачом, але  ў  інстытут  з яе сямі класамі не  бралі.  Каб пракарміць сябе і дачку,  пайшла працаваць медсястрой у дзіцячы садок і адразу ж  стала вучыцца  ў вячэрняй школе  ў восьмым класе. Вучылася сур’ёзна, таму ў атэстаце  не было ні адной тройкі.  Гэта  і дапамагло праз тры гады з першага заходу  паступіць  у той жа Львоўскі  медінстытут.
Сям’я студэнтаў  не магла пражыць за адны стыпендыі, таму Ірына Дзмітрыеўна  адразу ж стала працаваць медсястрой  у клінічнай бальніцы аховы мацярынства і дзяцінства, а потым у вочным аддзяленні гарбальніцы. Ёй давялося  нямала паездзіць  у Кіеў і Мінск, каб пасля атрымання дыплома быць накіраванай у Столін, дзе ужо працаваў муж.  Многія памятаюць яе  па рабоце ў скурвендыспансеры,  але да яго адкрыцця  яна  працавала ў дзіцячым доме Століна, загадвала аргметадкабінетам  бальніцы, была ўрачом  лячэбнай  фізкультуры.
Пра  работу  Аўсянік  сведчаць   шматлікія  граматы  абласнога  ўпраўлення аховы здароўя, раённага  выканаўчага камітэта  і адміністрацыі  раймедаб’яднання. І яшчэ  тое, што  Ірына Дзмітрыеўна, будучы на пенсіі, 29 гадоў  аддала любімай справе.  Яе агульны стаж работы складае  70 гадоў. Што прымушала  не пакідаць бальніцу? Зусім не  грошы, а жаданне  дапамагчы людзям,  імкненне  быць сярод іх і адчуванне  быць патрэбнай.  І сёння памятаюць яе таварыскасць, адказнасць, старанне, добразычлівасць, і сёння ёй звоняць былыя пацыенты, просяць парады. Яе здымак і  біяграфічны  расказ  змешчаны ў кнізе  “Беларусь у маім сэрцы”, якая прысвечана ўкраінцам Берасцейшчыны.
Не магу не сказаць пра  захапленне Ірыны  Дзмітрыеўны.  Яна  больш за чвэрць стагоддзя спявае  ў народным хоры ветэранаў Століна, да гэтага была актыўнай удзельніцай  мастацкай самадзейнасці.  Было такое: муж сядзіць  з маленькай другой  дачкой Наталляй  у зале, а яна спявае на сцэне.  Не магла не спяваць, бо ад бацькоў мае добры голас, а песня выручала  яе ў самыя цяжкія часы.
Чым занята  юбілярка цяпер, калі  знаходзіцца на такім заслужаным адпачынку?  Дапамагае  гадаваць  унукаў, якіх у яе чацвёра. Засмучае, што пакуль няма праўнукаў, але  ганарыцца  сваімі добрымі зяцямі.  Ёй прыемна, што  Таня таксама ўрач, а Наташа  – педагог-псіхолаг.  Любіць  кветкі, умее добра гатаваць. Час заняты  рознымі хатнімі клопатамі. І зусім не верыцца, што  пражыты такі  вялікі  адрэзак часу…
Валянціна  МІРАНОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *