Хронiка жнiва

На 30 ліпеня 2015 года збожжавыя і зернебабовыя культуры ўбраны па раёне на 10174 гектарах, што складае роўна палавіну пасяўной плошчы. Калі не будуць перашкаджаць дажджы, жніво наяўнымі рэсурсамі можна завяршыць на працягу тыдня. Для гэтага, праўда, як у лепшыя дні неабходна забяспечваць прырост уборкі па 6-7 працэнтаў.

У папярэдні дзень у СВК “Лядзецкі” забяспечылі прырост уборкі на 9,9 працэнта. Больш чым па пяць працэнтаў дабаўлялі ў КСУП “Прыгарынскі” і СВК “Рухчанскі”.  Але такая актыўная ўборка, як аказалася, тоіць у сабе і негатыўны момант – не ўсе гатовы адразу прыняць і перапрацаваць убраны за дзень ураджай. Тады даводзіцца стрымліваць камбайнавыя экіпажы. Зацягванне ж тэрмінаў уборкі можа рэальна прывесці да страты пераспелага збожжа. У такіх умовах многае залежыць ад арганізацыі работы на збожжатаках, ад аператыўнага вызвалення са складоў гатовага збожжа і адпраўкі яго на дзяржаўны прыёмны пункт.

Найбольш блізкія да завяршэння жніва ў СВК “Рухчанскі” – 78 працэнтаў, КСУП “Варані” – 71 працэнт, КУВП “Манькавічы” – 68 працэнтаў. У КСУП “Рубельскі” і “Веляміцкі” не ўбралі і трэцяй часткі ўсёй плошчы.

Намалот збожжа складае 36689 тон. У СВК “Фядорскі” намалацілі 4675 тон збожжа, у СВК “Новая Прыпяць” — 3664 тоны.

Сярэдняя ўраджайнасць па раёне складае 36,1 цэнтнера, што на сем цэнтнераў менш, чым было ў гэтыя дні летась. У параўнанні з мінулым годам тры гаспадаркі забяспечваюць прыбаўку ўраджайнасці – СВК “Палеская ніва”, ААТ “Церабяжоў-Агра” і КСУП “Прыпяць-2009”. Самая высокая ўраджайнасць у СВК “Палеская ніва” – па 58,3 цэнтнера збожжа на кожным гектары. Па 45 цэнтнераў збожжа з кожнага гектара атрымліваюць у СВК “Новае жыццё-2003”, “Палессе АВМ”, КСУП “Прыгарынскі-2012”. Горш урадзіла зямля ў КСУП “Струга” па 22,6 цэнтнера на гектары.

Асобна па культурах у сярэднім па раёне ўраджайнасць на адным узроўні на яравым ячмені, пшаніцы і аўса – каля 40 цэнтнераў з кожнага гектара. Жыта дае па 28 цэнтнераў з гектара, трыцікале – 31,2 працэнта.

Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *