Вырашчанае – не страцiць

Рубеж, пры якім звычайна пачынаецца масавая ўборка ўраджаю, дасягаецца пасля дзесяці працэнтаў убранай плошчы. Учора гаспадаркі раёна якраз і пераадолелі гэты рубеж.

Па раёне на 20 ліпеня збожжавыя і зернебабовыя культуры скошаны і абмалочаны на плошчы 1907 гектараў. Намалочана 5323 тоны збожжа. Як сведчыць геаграфія ўборачных работ, паспяванне збажыны забяспечана паўсюдна. Нават дажджы дзве ночы запар не спынілі важнай работы як у нядзелю, так і ў панядзелак. У КСУП “Струга”, напрыклад, у мінулы выхадны дзень забяспечылі прырост уборкі на 5,6 працэнта, у СВК “Новае жыццё-2003” – 4,4 працэнта. У сярэднім па раёне прырост пакуль нязначны – усяго 1,8 працэнта.

Нягледзячы на змрочныя прагнозы па значным недаборы ўраджаю, у радзе  гаспадарак атрымліваюць высокія намалоты. Пры сярэднераённай ураджайнасці збожжавых і зернебабовых культур 27,9 цэнтнера ў СВК “Новая Прыпяць” атрымліваюць па 47,2, у СВК “Новае жыццё-2003” – па 40,2, у СВК “Рубельскі” – па 40 цэнтнераў збожжа з кожнага гектара. Менш за 20 цэнтнераў з кожнага гектара маюць пакуль у КСУП “Дубайскі” і “Варані”.

Азімы ячмень убраны цалкам, на 70 гектарах сярэдняя ўраджайнасць склала 27,5 цэнтнера з кожнага гектара. У СВК “Фядорскі” атрымалі на кожным гектары па 33,9 цэнтнера ячменю.

Убрана трэцяя частка і  яравога ячменю. Сярэдняя ўраджайнасць яго складае 31,3 цэнтнера з кожнага гектара. Пры гэтым у СВК “Новае жыццё-2003” на першых 17 гектарах атрымалі ўраджайнасць па 45,2 цэнтнера, у КСУП “АграГлінка” на 31 гектары – па 42,9 цэнтнера збожжа.

На 1607 убраных гектарах трыцікале сярэдняя ўраджайнасць – 27,4 цэнтнера. Па 48,1 цэнтнера на кожным гектары ўрадзіла гэтая культура ў СВК “Новае жыццё-2003”.

Убрана прыкладна трэцяя частка жыта. У сярэднім па раёне яно ўрадзіла на кожным гектары па 24 цэнтнеры, а ў КСУП “Веляміцкі” атрымліваюць па 34,5 цэнтнера, “Прыпяць-2009” — па 30,9 цэнтнера, у КУВП “Манькавічы” – па 28,9 цэнтнера з кожнага гектара.

У трох гаспадарках вядуць уборку азімай пшаніцы. Яе сярэдняя ўраджайнасць – 43,9 цэнтнера з кожнага гектара. У  СВК “Новая Прыпяць” на 118 гектарах атрымалі ўраджайнасць па 47,2 цэнтнера збожжа пшаніцы, у КСУП “АграГлінка” на 25 гектарах — па 40 цэнтнераў, у КСУП “Прыпяць-2009” на 20 гектарах — па 29,5 цэнтнера.

Нарэшце, на першых гектарах не падводзіць і авёс. Пры сярэдняй ураджайнасці 35,6 цэнтнера з кожнага гектара ў КСУП “Рубельскі” атрымліваюць ураджайнасць па 40 цэнтнераў.

Набліжаецца да завяршэння ўборка азімага рапсу і зялёнага гарошку. Тут значны недабор ураджаю. Сярэдняя ўраджайнасць рапсу – 18 цэнтнераў масласемя з кожнага гектара. Па 27,2 цэнтнера атрымалі ў СВК “Палеская ніва”. Па зялёным гарошку ў КСУП “Прыгарынскі-2012” канчаткова выйшлі на ўраджайнасць 50 цэнтнераў з кожнага гектара. Пры гэтым па раёне сярэдняя ўраджайнасць складае 24 цэнтнеры.

Адметная асаблівасць цяперашней уборкі — як ніколі трэба беражліва ставіцца да кожнага зярняткі.

I пра кармы трэба дбаць

Не спыняецца нарыхтоўка кармоў. Сёлета значныя аб’ёмы зернефуражу закліканы хоць крыху папоўніць кармавы запас гаспадарак. Такога корму ўжо ёсць 21744 тоны.

Па раёне нарыхтавана 32,7 працэнта запланаванай колькасці сена, 59 працэнтаў – сенажу, 1,6 працэнта – сіласу. На ўмоўную галаву статка нарыхтавана па 7,8 цэнтнера кармавых адзінак. Па 12,1 цэнтнера маюць у КСУП “Відзіборскі”, па 11,4 – у КСУП “АграГлінка”, па 10 цэнтнераў – у КСУП “Веляміцкі”. Асабліва востра паўстае праблема недабору кармоў у СВК “Лядзецкі”, КСУП “Прыгарынскі-2012” і “Рубельскі”.

У гаспадарках, адчуваючы магчымы недабор кукурузнага сіласу, актыўна ўключыліся ў сяўбу пажніўных культур. Такая магчымасць ёсць, паколькі ад пасеваў вызвалілася больш за 3500 гектараў сельгасугоддзяў. Пра тое, што месцамі не адчуваюць востра неабходнасць максімальнага выкарыстання паўторных пасеваў, сведчыць, што прыкладна толькі пяць працэнтаў патэнцыяльнай плошчы засеяна аднагадовымі кармавымі культурамі.

Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *