Віншавалі выратавальнікаў

У сераду, 29 ліпеня, на пляцу перад Столінскім райаддзелам па надзвычайных сітуацыях прайшло святочнае пастраенне асабовага складу аддзела з нагоды Дня пажарнай службы. Выратавальнікаў прыйшлі павіншаваць са святам намеснік старшыні райвыканкама Іван Андрэевіч Яроміч і намеснік начальніка Столінскага РАУС Валянцін Іванавіч Ярашэвіч.
– Святочнае пастраенне правялі крыху пазней спецыяльна, таму што ў той святочны дзень – 25 ліпеня – вялікая колькасць нашых супрацоўнікаў яшчэ была задзейнічана на тушэнні пажару ва ўрочышчы Хінічаў на Мярлінскім палігоне, – расказвае начальнік Столінскага РАНС Аляксандр Вікенцьевіч МІНЧЫК. – Пачалі тушыць пажар там 15 чэрвеня і скончылі ў пачатку гэтага тыдня. Спачатку змагаліся з агнём сваімі сіламі, а потым на падмогу далучыліся  калегі  з  Івацэвіцкага, Іванаўскага, Лунінецкага, Пінскага, Баранавіцкага райаддзелаў па надзвычайных сітуацыях і зводнага атрада Брэсцкага ўпраўлення МНС.
– Кругласутачна на  палігоне знаходзілася больш за 40 выратавальнікаў і восем адзінак тэхнікі. Барацьба з агнём ацяжарвалася тым, што тэрыторыя палігона была літаральна ўсеяна неразарваўшыміся авіяцыйнымі бомбамі. За час  нашага там знаходжання было зафіксавана больш за 15 выбухаў. Паралельна з тушэннем ляснога пажару ў Хінічаве нашы супрацоўнікі змагаліся з агнём і на тарфяных пажарах. Можна цяпер адзначыць, што ўсе пажары ліквідаваны, але забарона на наведванне лясных масіваў пакуль не знята. Можна прывесці некаторыя лічбы для параўнання. З пачатку 2015 года на тэрыторыі раёна зафіксаваны 222 пажары ў экасістэмах, а за аналагічны перыяд 2014 года – 130.
– Яшчэ ліпень прынёс нам і суб’ектам гаспадарання многа праблем з-за прамых пападанняў маланак у збудаванні ці дрэвы. Такіх выпадкаў было зафіксавана дзевяць. Апошні прыклад – прамое пападанне маланкі ў сенасклад, які належыць КСУП “Веляміцкі”. У выніку агнём было знішчана каля 120 тон сена. Таксама гарэлі дамы і іншыя збудаванні. У вёсцы Сіціцк не так даўно з-за прамога пападання маланкі цалкам згарэла невялічкая каплічка.
На святочным пастраенні акрамя віншаванняў некаторыя супрацоўнікі Столінскага РАНС атрымалі і ўзнагароды – чарговыя званні, граматы Столінскага райвыканкама і іншыя. А старшына ўнутранай службы  вадзіцель ПАВЧ № 2 Віктар Манжынскі быў узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь “Выдатнік пажарнай службы”.
У заключнай частцы Іван Андрэевіч Яроміч падкрэсліў якасную работу нашых выратавальнікаў па ліквідацыі надзвычайных сітуацый у раёне і пажадаў, каб іх у далейшым здаралася менш.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *