Сустракайце аўтаклуб!

Яшчэ толькі набіраюць абароты летнія маршруты аўтаклуба і  хутка «клуб на колах» наведае вялікую колькасць  гаспадарак нашага раёна, каб падарыць працаўнікам сяла свой добры настрой, мілагучнасць беларускай звонкай песні ды жаданне рабіць так, каб аж адгалосак на ўсё наваколле ішоў.

Чарговая сустрэча ўдзельнікаў  аўтаклуба  пад кіраўніцтвам Таццяны Цупа і галоўнага спецыяліста ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама Таццяны Дабрынец адбылася  22  ліпеня  з  працаўнікамі сельскай гаспадаркі, тымі людзьмі, чыі рукі пяшчотна нясуць да нашага стала смачны духмяны хлеб . Аўтаклуб завітаў  у аг. Рубель, Велямічы і Туры.   З канцэртнай праграмай выступілі ўдзельнікі народнага клуба аматараў песні “Ярок” (мастацкі кіраўнік Валерый Шуркала).

Шчырымі апладысментамі прывіталі ўдзельнікаў народнага клуба аматараў песні   людзі. Нягледзячы на паўсядзённыя незлічоныя турботы, яны знайшлі хвілінку для адпачынку душы.  А артысты ў сваю чаргу падарылі  ім талент, цеплыню сэрцаў і, зразумела, песню. Яны выканалі  песні “Былі ў мяне сваты”, “Цякла рэчка”, “Ой, вішанькі, чарашэнькі”, “Шукае мужык  жонку”,  “А  ў садзе рэчанька”.  Ад імя ўсяго калектыву Таццяна Цупа  вітала работнікаў бязмежных жытнёвых палёў  словамі шчырай удзячнасці за іх нялёгкую працу ды пажаданнямі бязвоблачнага неба над нівай, добрага багатага ўраджаю, дабрабыту і шчасця.

Што аўтаклуб вязе настрой, нават няма сумнення, але ў гэтым яшчэ раз дазволіла пераканацца Варвара Белавус сваім непаўторным выступленнем і   энергетыкай, якая лілася разам з вясёлай песняй на ўсё наваколле. Павіншаваў з зажынкамі ўсіх, хто мае дачыненне да працы на зямлі, і  Руслан Храпіцкі ды пажадаў, каб засекі папаўняліся магутным ураджаем, а на стале з’явіўся духмяны жытнёвы каравай.

 Дзякуючы кіраўніцтву гэтых гаспадарак, якія арганізавалі жыхароў, адбылася невычайная сустрэча, напоўненая песнямі, пазітыўным настроем  і добрымі пажаданнямі.

 Гледачы выказвалі шчырую падзяку артыстам і вельмі прасілі, каб такія канцэрты адбываліся як мага часцей. Прадстаўнікі аматарскага калектыву ўпэўнены, што  дзякуючы аўтаклубу, такіх мерапрыемстваў будзе значна больш і праводзіцца яны будуць па ўсім раёне.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *