Столiнскi аграрна-эканамiчны каледж запрашае

Выбар прафесіі – складаны і адказны крок у жыцці кожнага маладога чалавека, ад яго залежыць  будучыня.  Правільна выбраць прафесію – значыць знайсці сваё месца ў грамадстве, выбраць пэўны лад жыцця.

Карэспандэнт “НП” наведаўся ў Столінскі аграрна-эканамічны каледж, каб даведацца, як праходзіць уступная кампанія і якія перспектывы маюць абітурыенты, якія аддалі перавагу гэтай навучальнай установе.

Ганна Мікалаеўна Кулага, адказны сакратар прыёмнай камісіі, патлумачыла, што будучыя бухгалтары, эканамісты, праграмісты, маркетолагі – выпускнікі  гэтай навучальнай установы – могуць паспяхова працаваць у бухгалтэрыі любой арганізацыі, вялікай ці малой фірмы, банка, у аддзеле эканамічнага планавання і аналізу пэўнага прадпрыемства і г. д.

– Ганна Мікалаеўна, давайце спачатку абмяркуем, якія перспектывы мае навучанне ў каледжы?

– У першую чаргу, гэта  кар’ерны рост па адміністратыўнай лініі.  Нельга выключаць  магчымасць стаць галоўным бухгалтарам ці загадчыкам якога-небудзь аддзела ў банку. Вопыт работы бухгалтарам ці эканамістам можа стаць падмуркам для больш прэстыжнай і высокааплачваемай працы аўдытарам ці фінансавым аналітыкам. Дасканалыя веды асноў фінансавага ўліку дапамогуць вам арганізаваць і паспяхова кіраваць уласным бізнесам. Таму ваша выдатная вучоба ў Столінскім аграрна-эканамічным каледжы – рэальны шлях да поспеху.

Ведаеце, за час свайго існавання навучальную ўстанову скончылі і пайшлі ў жыццё больш за 21 тысячу спецыялістаў. У іх ліку кандыдаты эканамічных навук, кіраўнікі і галоўныя спецыялісты не толькі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, але і органаў дзяржаўнай улады. Многія выкладчыкі самой навучальнай установы  атрымалі адукацыю ў сценах каледжа.

– А зараз давайце больш падрабязна спынімся на асаблівасцях уступнай кампаніі ў Столінскім аграрна-эканамічным каледжы.

– Прыём дакументаў пачаўся ўжо 15 ліпеня. У каледж можна паступіць пасля дзявятага ці пасля 11 класаў.

– Якія перспектывы ёсць у абітурыентаў, якія прыйшлі да вас пасля дзявятага класа?

– Пасля дзявятага класа адбываецца набор абітурыентаў на дзённую форму атрымання адукацыі на наступныя спецыяльнасці:  “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, “Маркетынг”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”. Перавага такога навучання заключаецца ў тым, што ўжо з дзявятага класа ёсць магчымасць стаць на першую прыступку і пачаць смела ісці па сваёй кар’ернай лесвіцы. І пры ўсім гэтым, намаганняў ад вас патрабуецца прыкласці мінімум, бо для таго, каб стаць навучэнцам, дастаткова вытрымаць конкурс сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. А гэта самы лёгкі і просты шлях у навучальную ўстанову.

Атрымліваецца, што ў той час, калі вашы аднагодкі ўсё яшчэ вучацца ў школе, вы можаце атрымаць дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі і паступіць у ВНУ  на скарочаны курс.

– Згадаем і пра выпускнікоў, якія маюць атэстаты аб сярэдняй адукацыі і стаяць, вагаюцца  ля ўваходу ў каледж з думкай: “Пайсці ці не?”. Што вы можаце прапанаваць ім?

– Калі выпускнік сярэдняй школы не паступіў у ВНУ, у яго ёсць рэальная магчымасць атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю ў каледжы за кошт бюджэту, а пасля пайсці таксама на скарочаны тэрмін навучання.

А калі гаварыць больш падрабязна, то мы прапануем  прайсці конкурс сярэдняга бала дакумента аб адукацыі  абітурыентам, якія скончылі 11 класаў на спецыяльнасці “Правазнаўства” (у параўнанні з мінулым годам колькасць павялічылася на 15 месцаў), “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”. Самае галоўнае, што на ўсе спецыяльнасці ёсць бюджэтныя месцы.

Неабходна адзначыць, што пры залічэнні на бюджэт абітурыентам, якія заключылі трохбаковы дагавор на мэтанакіраваную падрыхтоўку, прымуць удзел у асобным конкурсе, а гэта дае яшчэ адзін дадатковы шанс стаць навучэнцам каледжа.

– Ганна Мікалаеўна, нічога не было сказана пра завочную форму навучання.

– Так, завочная форма навучання прадугледжвае атрыманне адукацыі на аснове агульнай сярэдняй адукацыі. Абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” залічваюцца па  конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі, а на спецыяльнасць “Правазнаўства” абавязкова падаюцца сертыфікаты ЦТ па  матэматыцы і беларускай (рускай) мове. Завочная форма – гэта магчымасць павысіць сваю кваліфікацыю для тых, хто працуе. А гэта,  адпаведна, ваш інтэлектуальны і кар’ерны рост.

Хачу нагадаць, што калі ў вас узнікнуць якія-небудзь пытанні, вы можаце атрымаць дакладную і кампетэнтную інфарацыю, патэлефанаваўшы на нумар 6-25-31. Дадаткова ў фае каледжа ёсць інфармацыйны стэнд, на якім размешчана ўся неабходная для абітурыента інфармацыя. Ёсць магчымасць  атрымаць неабходныя звесткі і на сайце каледжа – saec.by.

– Чым могуць яшчэ  займацца навучэнцы, акрамя атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі?

– У Столінскім аграрна-эканамічным каледжы  можна яшчэ займацца адпаведна сваім інтарэсам. Тут працуюць спартыўныя секцыі, гурткі, клуб “Гармонія”, таму навучэнцы маюць магчымасць яшчэ і развіваць свае творчыя здольнасці. Навучэнцы пад кіраўніцтвам выкладчыкаў займаюцца навуковай і даследчай дзейнасцю, прымаюць удзел у абласных, рэспубліканскіх конкурсах па напрамку спецыяльнасці.

Акрамя гэтага, усе жадаючыя маюць магчымасць атрымаць месца ў інтэрнаце. На тэрыторыі каледжа працуе сталовая, таму гарачае якаснае харчаванне вам гарантавана. Мы робім ўсё для таго, каб нашым навучэнцам было камфортна і зручна.

Самі ж абітурыенты і іх бацькі ў якасці станоўных характарыстык называюць і само размяшчэнне каледжа. Ціха, спакойна, утульна і добра. Чаму б  не вучыцца? Усе ўмовы для паспяховага навучання складзены, таму выбар за вамі…

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *