Паспелі і просяцца для ўборкі азімыя ячмень і рапс

Першымі азімы ячмень на ўсёй 50-гектарнай плошчы ўбралі хлебаробы СВК “Фядорскі”. Ураджайнасць склала па 33,9 цэнтнера з кожнага гектара.

На азімым рапсе спачатку ўбіраюцца больш падгарэлыя ад спёкі ўчасткі. На жаль, такіх многа. На 9 ліпеня ўбрана 229 гектараў азімага рапсу, што складае 11,6 працэнта пасяўной плошчы гэтай культуры. Блізкія да завяршэння на ўборцы рапсу працаўнікі КУВП “Манькавічы” і ААТ “Церабяжоў-Агра”. Сярэдняя ўраджайнасць гэтай культуры па раёне складае 13,9 цэнтнера з кожнага гектара. Лепш урадзіў рапс у СВК “Новае жыццё-2003” — па 24,5 цэнтнера з кожнага гектара. Намалочана ўсяго 317,4 тоны масласемя рапсу.

Ва ўмовах гэтага года гаспадаркі пайшлі і на нарыхтоўку збожжасенажу з культур, якія моцна падгарэлі і неэфектыўныя для ўборкі на збожжа. Такая работа выканана на 1159 гектарах.

Першымі свірэпу на насенне ўбралі ў СВК “Палессе АВМ”. Яе ўраджайнасць на пяці гектарах склала па 7,6 цэнтнера.

Па меры паспявання ўбіраецца і зялёны гарошак. Ён абмалочаны на 166 гектарах. На перапрацоўку адпраўлены 363 тоны сыравіны для далейшага кансервавання. Пры сярэдняй ураджайнасці па раёне 21,8 цэнтнера ў КСУП “Прыгарынскі 2012” атрымалі самую высокую ўраджайнасць – па 53,3 цэнтнера з кожнага гектара.

Вядзецца і ўборка насеннікаў шматгадовых траў. На 74 гектарах намалочана 23,8 тоны ўласнага насення траў для будучых кармавых угоддзяў. Лепш урадзілі травы ў СВК “Фядорскі” – па 6,12 цэнтнера пры сярэднераённай ураджайнасці 3,21 цэнтнера.

Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *