Парк «Манькавічы» і раённы краязнаўчы музей святкуюць юбілеі

Няшмат у нашым горадзе ёсць куточкаў або мясцін, дзе хацелася б адарвацца ад штодзённасці ці проста дакрануцца да прыроды, адчуць і ўбачыць яе хараство і непаўторнасць. Такім для многіх нашых гараджан з’яўляецца парк “Манькавічы”. Размешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы горада, ён ужо другое стагоддзе прываблівае наведвальнікаў сваімі векавымі дубамі, ліпамі і клёнамі, рознымі экзатычнымі насаджэннямі, якіх, на жаль, няшмат засталося ў яго цяперашніх межах.

Сёлета парк адзначае сваю 130-ю гадавіну. Створаны ў 1885 годзе па ініцыятыве нясвіжскай княгіні Марыі Дароты дэ Каштэлян, жонкі князя Антонія Радзівіла, ён займаў плошчу 50 гектараў і з’яўляўся часткай палацава-паркавага ансамбля, які крыху пазней узнік тут. Па сваім стылі парк суадносіцца з пейзажнымі натуралістычнымі еўрапейскімі паркамі. На думку вядомага даследчыка палацава-паркавых ансамбляў М. Федарука, “гэты парк можна аднесці да ліку лепшых паркавых аб’ектаў краіны”.

У  цэнтры  парку  знаходзіцца памятны камень-валун. Ён быў пастаўлены першым уладальнікам манькавіцкага палаца князем Станіславам Радзівілам з падзячным надпісам сваёй маці за такі цудоўны падарунак, як парк. Дарэчы, яшчэ адзін аналагічны памятны камень, прысвечаны гэтай цудоўнай жанчыне, знаходзіцца ў Нясвіжы. Яго паставіў князь Антоній Радзівіл сваёй жонцы Марыі Дароце за выкананне    яго  жаданняў  па   ўзвядзенні нясвіжскай паркавай зоны.

У пачатку ХХ стагоддзя ў парку “Манькавічы” быў пабудаваны палацавы комплекс. Забудова яго ў мініяцюры паўтарала выгляд нясвіжскай рэзідэнцыі  Радзівілаў. Палац часткова быў пашкоджаны падчас Першай сусветнай вайны, але адбудаваны яго апошнім уладальнікам князем Мікалаем Каралем Радзівілам. Канчаткова ён быў парушаны ў гады апошняй сусветнай вайны. Значна пацярпеў у ваенных віхурах і сам парк, ад яго былой плошчы сёння засталося каля 23 гектараў.

Зараз парк “Манькавічы” з’яўляецца батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Таму тут забаронена правядзенне шматлікіх масавых мерапрыемстваў, а з забудоў размешчаны толькі школа мастацтваў і раённы краязнаўчы музей.

Сімвалічным з’яўляецца таксама і тое, што юбілей парку супаў з 60-годдзем з дня адкрыцця першай экспазіцыі ў раённым краязнаўчым музеі. Размешчана яна была ў невялікім, але даволі ўтульным двухпавярховым будынку, які  доўгі  час  знаходзіўся побач з райвыканкамам. Людзі старэйшага пакалення памятаюць яго прывабны выгляд і выявы львоў, якія доўгі час упрыгожвалі ўваход у музей.

Ля вытокаў станаўлення музейнай справы на Століншчыне стаялі сапраўды зацікаўленыя гэтым  кірункам работы Вера Мацвееўна Очкіна, якая ўзначаліла музей, і Яўстафій Юльянавіч Высоцкі, які стаў яго першым навуковым супрацоўнікам. Дарэчы, некаторыя таксідэрмічныя вырабы гэтага таленавітага майстра-самавучкі і сёння ўпрыгожваюць у музеі залу прыроды.

Першая экспазіцыя (а за час існавання музея іх было 3) з-за малой плошчы была невялікай па памерах і распавядала толькі аб гісторыі, багацці і разнастайнасці прыроды нашых мясцін. Ішоў час, а з ім раслі і пашыраліся фонды музея. Неўзабаве паўстала пытанне аб пашырэнні яго плошчаў для адкрыцця новых экспазіцыйных залаў і размяшчэння ў іх новых экспанатаў. У 1970 годзе музей пераязджае ў больш прасторнае памяшканне, размешчанае ў парку “Манькавічы”, дзе знаходзіцца і зараз.

За гэты перыяд значна ўзбагаціўся музейны фонд. Цяпер ён налічвае звыш 24 тысяч асноўных і навукова-дапаможных матэрыялаў. Размясціўся ён у шасці экспазіцыйных залах і двух фондасховішчах. Наведвальнікі музея маюць магчымасць пазнаёміцца не толькі з геаграфічным становішчам і прыроднымі багаццямі раёна, але і атрымаць грунтоўныя веды па яго далёкім і блізкім гістарычным мінулым, жыццём і побытам нашых продкаў у гэты перыяд. Работа па папаўненні фонду працягваецца пастаянна дзякуючы настойлівым пошукам і знаходкам як саміх супрацоўнікаў музея, так і многіх неабыякавых да гісторыі родных мясцін жыхароў і нават гасцей раёна.

Акрамя В. М. Очкінай і Я. Ю. Высоцкага станаўленню нашага краязнаўчага музея свае сілы і ўменне аддалі многія іншыя яго супрацоўнікі. Усе яны дастойны павагі і пашаны. Аднак хацелася б сказаць аб іншым. Кожны з тых, хто працаваў у музеі, прыносіў у нашу ўстанову нешта сваё адметнае і непаўторнае, за што хочацца выказаць ім усім словы шчырай падзякі. Бо па сутнасці тое, што мае музей цяпер, – гэта справа рук не аднаго пакалення музейных работнікаў.

Раённы краязнаўчы музей сёння – гэта шматгаліновая ўстанова культуры, у якую ўваходзяць тры філіялы. Гэта музей гісторыі горада Давыд-Гарадка, музей народнай славы ў р. п. Рэчыца і музей-сядзіба ганчара ў в. Гарадная. Апроч пошукавай і экспазіцыйнай работы яго супрацоўнікамі вядзецца вялікая дзейнасць па ўкараненні новых формаў па папулярызацыі гістарычнага мінулага роднага краю. З гэтай мэтай прымяняюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, такія, як выкарыстанне мультымедыйных сродкаў, стварэнне ўласных і набыццё новых відэа- і аўдыявізуальных матэрыялаў па рознай тэматыцы і шмат іншых формаў работы.

Музею неабходна заставацца на вышыні, бо менавіта ён з’яўляецца свайго роду візітнай карткай нашага раёна.

Святлана Вярэніч, дырэктар

УК  ”Столінскі раённы краязнаўчы музей”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *