Па законах прыгажосцi

Кожнаму чалавеку ад прыроды дадзены талент. Але не кожны імкнецца да яго выяўлення, развіцця. А вось той, хто жыве па законах хараства, хто не закопвае свой талент, а працуе над ім, як апрацоўваюць каштоўны камень, звычайна можа праяўляць выдатныя здольнасці, дадзеныя зверху, у розных відах дзейнасці.

У гэтым я пераканалася чарговы раз, пабываўшы ў гасцях у Аліны Іванаўны Ляшкевіч. Спачатку сустрэліся з гераіняй майго аповеду ў аддзяленні сувязі. Аліна працуе паштальёнам з 2005 года. Ніякіх нараканняў на яе працу няма, бо працуе добра, своечасова дастаўляе карэспандэнцыю. Але мне хацелася расказаць пра яе хобі. А яно ў Аліны Іванаўны не вельмі звычайнае. У свой вольны час яна стварае… добры настрой людзям. Аліна ўжо і не памятае, калі адбылося першае выступленне. Гэта было яшчэ ў школьныя гады, калі вучылася ў Мачульскай школе. Яна з ліку першых удзельнікаў аматарскага фальклорнага аб’яднання “Згадка”. Асабліва запомнілася, як ставілі на сцэне мясцовага клуба “Паўлінку”.

Аліна з Людмілай Ляшкевіч (цяпер Логвінка) выконвалі ролі кумачак.  І праз многа гадоў дзяўчаты засталіся вернымі сваім амплуа: у складзе аматарскага аб’яднання “Моўства” яны часта паказваюць сцэнкі, дзе выконваюць ролі вясёлых, галасістых жанчын. Аліна Іванаўна цудоўна спявае, але прызнаецца, што ёй больш даспадобы выконваць ролі. Таксама Аліна вядзе аматарскія гурткі “Вясёлыя рабяты” і “Чараўніца”. Гэта ў свой вольны час і, вядома, без аплаты. А яшчэ яна — нязменная вядучая канцэртаў. Ды і сцэнарыі мерапрыемстваў складаюць разам з загадчыцай Мачульскага сельскага дома фальклору Нінай Фёдараўнай Дабрынец.

Дзе толькі ні даводзілася выступаць! Выступалі ў Ляскавічах на фестывалі “Покліч Палесся”, на дажынках у Пінску і Століне, на семінарах у СВК “Палеская ніва”, ва ўстановах культуры раёна. Трэба дадаць, што Аліна Іванаўна – маці двух добрых хлопцаў. Старэйшы Юра вучыцца ў Пінскім музычным каледжы. Ён – будучы культработнік, баяніст. Хораша спявае, іграе. А вось Віталь, на наступны год выпускнік Мачульскай БШ, мае больш акцёрскія даныя, цудоўна танцуе. Сыны ў час вучобы ў школе заўсёды актыўна ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці. І гэта ў іх не толькі ад маці: бацька — Аркадзь Уладзіміравіч — таксама мае добры музычны слых, у школьныя гады  часта выступаў са сцэны. Дарэчы, у той жа “Паўлінцы” Аркадзь выконваў ролю пана Адольфа. Калі патрэбна, то не адмаўляецца і цяпер выйсці на сцэну. Бывае, што ўся сям’я ўдзельнічае ў выступленнях.

Аліна Іванаўна заўсёды трымала моцную сувязь са школай. Пісала сцэнарыі і праводзіла вечары сустрэч з выпускнікамі, выпускныя сыноў (а гэта пераход у пяты, дзявяты класы), навагоднія ранішнікі. Пытаюся: “А калі б можна было вярнуць час назад, то якую прафесію абрала б?” — у адказ: “Стала б рэжысёрам”. Аліна – вельмі сціплы чалавек, пра свае справы, дасягненні не надта любіць расказваць. Добра, што загадчыца аддзялення сувязі Наталля Аляксандраўна, якая прысутнічала пры размове, нагадвала пра нейкія выпадкі. Яна ж падказала, што Аліна Іванаўна каля свайго дома стварыла цуд.

Вось так з’явілася нагода і адбылася другая сустрэча, ужо дома. Шкада, што пасля спёкі і дажджоў многія кветкі адцвілі або не маюць ранейшага выгляду. Але тут ёсць на што паглядзець. Вочы разбягаюцца! Жырафа і лебедзі, зебра і пеўнік, бусел і мельніца, конік з павозкаю, на якой сядзіць сямейка чыгункоў-калабкоў. Гэтыя вырабы створаны з дрэва, хаця тут прысутнічаюць і іншыя матэрыялы. Пінгвін, які вязе марожанае, зроблены з будаўнічага блока. Ёсць кампазіцыі з камення (кракадзіл, суніцы), з пластыкавых бутэлек (жабяняты), з чыгункоў (матрошка, мухаморы), з металічных шлемаў (божыя кароўкі). Самы першы выраб – калабок. Ён зроблены з дзіцячага мяча, які аказаўся вельмі трывалым і ўжо не першы год упрыгожвае двор. Драўляныя вырабы – гэта больш заслуга мужа і сыноў, а вось астатні дызайн – ідэі і справа рук Аліны. Кветкі: ружы, лілеі (каля дваццаці відаў), півоні, флёксы, хосты, рудбекіі, хрызантэмы, асцільбы, рамонкі белыя і блакітныя, гладыёлусы, астры, цыніі, аксаміткі, дэльфініумы, календула, медункі, ірысы, гартэнзіі. Гэта не ўвесь пералік, бо некаторыя назвы Аліна Іванаўна не ведае, а называе па-свойму.

Вось так звычайная вясковая жанчына па сваім сцэнарыі, па законах хараства стварае прыгажосць, добры настрой сабе, родным і нават незнаёмым людзям. Пажадаем ёй далейшых поспехаў у гэтай справе.

Галіна Бабарыка

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *