Нiва дзякуе працавiтым

У СВК “Новая Прыпяць” з першых дзён жніва вытрымліваюць высокі тэмп работы. Маючы другую па велічыні сярод гаспадарак раёна ўборачную плошчу, тут плануюць справіцца са жнівом не больш, чым за 12 рабочых дзён.

—        Для гэтага ў нас ёсць і тэхніка, і гатовыя плошчы, і працавітыя людзі, — гаворыць старшыня праўлення гаспадаркі Іван Мікалаевіч Антановіч. – У параўнанні з мінулым годам недабор ураджайнасці складае прыкладна пяць цэнтнераў збожжа з кожнага гектара, таму вырашчанае імкнёмся ўбіраць без страт, без прастояў.

Сапраўды, сярэдняя ўраджайнасць па раёне адстае ад мінулагодняй больш чым на дзесяць цэнтнераў з кожнага гектара. Рэальна лепшыя за мінулагоднія намалоты толькі ў СВК “Палеская ніва” – на чатыры цэнтнеры больш, чым летась. У неспрыяльны для збажыны год пазбегнуць значнага недабору ўраджаю ўдаецца там, дзе максімальна прытрымліваліся тэхналагічнай дысцыпліны на сяўбе і доглядзе, дзе не губляюць пры ўборцы збожжавых.

Ва ўрочышчы Леваноўшчына ў СВК “Новае Палессе” жыта ўбірала звяно з трох камбайнавых экіпажаў.  Тут, як нідзе, можна было смела сказаць – працавалі дружнаю сям’ёю. На КЗР-10 – Сяргей Уладзіміравіч і Аляксандр Уладзіміравіч Харашуны, на “Бізонах” – Андрэй Іванавіч і Павел Іванавіч Слуцкія, а таксама Віктар Міхайлавіч з сынам Леанідам. Два экіпажы – маладзёжныя. Разам за дзень звяно ўбрала 56 гектараў жыта, намалаціла 236 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 42,1 цэнтнера збожжа з кожнага гектара.  Гэта адзін з рэкордаў сёлетняга жніва.

Каб не дапускаць страт ураджаю, камбайнеры прытрымліваюцца аптымальнай скорасці руху. Усе агрэгаты адрэгуляваны і правераны загадзя, на кожным полі іх выпрабоўваюць на герметычнасць.

На полі напагатове тры МАЗы, якімі Мікалай Паўлавіч Кунай, Міхаіл Паўлавіч Скрабейка і Васіль Данілавіч Дабрынец адвозяць на ток намалочанае збожжа, не дапускаючы прастояў камбайнаў.

Няма замінкі і на сушцы і дапрацоўцы ўраджаю. КЗС-10, КЗС-20 і ЗСК-30, а таксама напольныя сушылкі спраўляюцца з нагрузкай і здольны прымаць больш за 600 тон збожжа за суткі.

Прыняты неабходныя меры супрацьпажарнай бяспекі: камбайны абсталяваны неабходнай колькасцю вогнетушыцеляў, на полі з напоўненай вадой бочкай дзяжурыць вадзіцель Васіль Васільевіч Кісель.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *