Непапраўныя?

Гэтая рэзанансная гісторыя, аб якой пойдзе размова  далей, адбылася ў ноч з 24 па 25 ліпеня ў Століне.
На тэрыторыі раёна ў той момант праводзіліся сумесныя рэйдавыя мерапрыемствы супрацоўнікаў АДАІ Столінскага РАУС і спецпадраздзялення “Буг”.
– Прыкладна ў 1.30 ночы экіпаж “Буг” вяртаўся з раёна ў райцэнтр і на вуліцы Ульянава ў поле зроку трапіў аўтамабіль “Фольксваген-Пасат”, — расказвае начальнік АДАІ Столінскага РАУС Сяргей ТРАПЕЦ. – Дзеянні вадзіцеля былі падазронымі і мы вырашылі спыніць яго. Але патрабаванне аб спыненні аўтамабіліст праігнараваў і падаўся наўцёкі. Пачалося праследаванне. Да двух экіпажаў ДАІ далучыліся яшчэ тры патрульныя экіпажы. На шчасце, нікога з пешаходаў ці іншых удзельнікаў дарожнага руху на шляху не трапілася. З уключанымі маякамі чырвонага і сіняга колеру, гукавой сігналізацыяй з дапамогай гучнагаварыцеля ўцекача папярэдзілі, што ў выпадку неспынення будзе выкарыстана табельная зброя. Але і на гэта вадзіцель “Фольксвагена” не звярнуў увагу. І вось на вуліцы К. Маркса ў райцэнтры супрацоўнік ДАІ трапна стрэліў па левым пярэднім коле аўтамабіля. І нават гэта не прымусіла яго спыніцца. На спушчаным коле, якое потым разбартавалася цалкам, ён працягнуў уцякаць па вуліцы Савецкай у напрамку в. Манькавічы, дзе непадалёку ад кафэ “Ля крыніцы” яго спынілі.
Уцекачом на “Фольксвагене” аказаўся 27-гадовы жыхар Століна. Яму адразу прапанавалі прайсці кантроль на алкатэсце – 2,6 праміле. Малады мужчына – надта непапраўны і не вучыцца на сваіх памылках. З 2010 года яго тры разы прыцягвалі да адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. А усяго ў “паслужным спісе” мужчыны 19 адзнак за парушэнні правілаў дарожнага руху. Затрыманы накіраваўся ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе знаходзіцца і зараз – яго арыштавалі на 15 сутак. А аўтамабіль стаіць на штрафстаянцы. Максімальная сума штрафу, якая можа прымяніцца да парушальніка, — 140 базавых велічынь (25 млн 200 тысяч рублёў). Таксама ён можа быць пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнага сродку, на пяць гадоў.
Звязаліся па тэлефоне і з дырэктарам прыватнага прадпрыемства ў Століне, дзе працуе малады чалавек, каб ён ахарактарызаваў яго.
– Ён працуе ў нас слесарам. Канешне, яго парушэнні не надаюць яму аўтарытэту. Зволіць яго мы не можам, таму што ўсе ранейшыя правапарушэнні здараліся з ім у непрацоўны час. А са сваімі абавязкамі на рабоце ён спраўляецца добра. У гэтым яго папракнуць нельга. Шкада толькі, што з узростам ён не становіцца дарослым мужчынам, які сам сабе мог бы сказаць “хопіць!”.
Таксама гэтай жа
ноччу, крыху раней,  даганялі ўцекача і ў Альшанах. Аўтамабіль “Опель-Амега” прыцягнуў увагу дзяржаўтаінспектараў тым, што вадзіцель за рулём размаўляў па тэлефоне, рухаючыся па вуліцы Школьнай. Дзяржаўтаінспектары прапанавалі яму спыніцца, але ён праігнараваў гэта. Уцякаў малады чалавек на аўтамабілі на працягу прыкладна дзесяці мінут. За межамі населенага пункта аўтамабіль  спыніўся, а вадзіцель спрабаваў уцячы ўжо бегам, але быў спынены. Парушальнікам аказаўся 27-гадовы грамадзянін Азербайджана. У ліпені ён трапляў у поле зроку дзяржаўтаінспектараў. Першы раз ён быў прыцягнуты да адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у  стане алкагольнага ап’янення, потым яшчэ двойчы – за кіраванне транспартным сродкам без вадзіцельскага пасведчання.
Грамадзянін  Азербайджана не першы год жыве ў Альшанах і зарэкамендаваў сябе не з самага лепшага боку. Цяпер вырашаецца пытанне аб яго дэпартацыі за межы Рэспублікі Беларусь. Калі гэта здзейсніцца і ён паспрабуе вярнуцца ў Беларусь праз Расію, то яму будзе пагражаць крымінальная адказнасць.
Два 27-гадовыя мужчыны цяпер адкажуць па ўсёй строгасці закону. Магчыма, камусьці з іх звычайным грашовым штрафам абысціся не атрымаецца – не за гарызонтам крымінальная адказнасць.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *