Бязмежная прыгажосць

Завітаў наш “Маляўнічы экспрэс” у аг. Глінка, бо запрасіла нас у госці Любоў Адамаўна Гуцко.

Яшчэ з вуліцы відаць, што ў гэтай хаце ўладараць мір, спакой і ўзаемапаразуменне.  Увесь падворак на вуліцы Савецкай, 114 шчодра адораны бязмежнай прыгажосцю красак шматлікіх кветак і безліччу  арыгінальных статуэтак.

Любоў Адамаўна з прыемнай усмешкай пачала аповед пра тое, што яе захапленне кветкамі доўжыцца шмат гадоў: “Не магу сядзець без справы, таму толькі пайшла на пенсію і адразу знайшла сябе сярод руж, лілей, гладыёлусаў ды рамонкаў”.

Толькі ступаеш за веснічкі — і па абодва бакі ад сцяжынкі перад вамі распасціраецца маляўнічая карціна, дзе дагледжаныя  кветкі перамяжоўваюцца з прыгожымі статуэткамі жывёл і птушак, казачных і  антычных герояў. Тут і вясёлыя гномікі, і  вожык у пары з бялюткім лебедзем, і  жабка-весялуха з памяркоўнай чарапашкай, і  бусел шукае, чым пажывіцца ля сажалкі.  З-пад куста лілей выглядае сабака-вартаўнік, які прымушае ўсміхнуцца, але ніяк не спужацца яго выгляду. Жывуць на падворку тыгр і тыграня, прыгажуня-панда сваёй велічнасцю і недасягальнасцю прымушае  спыніцца побач. Вылучаецца сярод іншых жыхароў гэтага падворка сваёй непасрэднасцю і рамантычнасцю пара анёльчыкаў.

Любоў Гуцко запрашае паглядзець альтанку, якую вельмі любіць і адзначае, што яна падобна сваёй прыгажосцю на ляльку.  Недалёка красуецца невялічкая, густа абсаджаная кустамі і кветкамі, імправізаваная сажалка са сваімі чатырохногімі насельнікамі.

Альтанку,   тапчан у сялянскім стылі,  арэлі, летнюю веранду зрабіў уласнаручна гаспадар Аляксандр Адамавіч, каб парадаваць жонку. “А рукі ў яго залатыя, — сцвярджае гаспадыня і дадае: – У наступным годзе ён абяцаў мне тут  такога нарабіць! Працуем мы душа ў душу, дапамагаем адзін аднаму, падтрымліваем.  Мой гаспадар і кветкі любіць,  як і я. З дзяцінства прывучаны да гэтага і нашы дзеці.  Мы з гаспадаром стараемся, каб дзецям заўсёды было ўтульна і цёпла ў бацькоўскім доме і яны з вялікай радасцю прыязджалі да нас адпачыць душой ад  сучаснай мітусні і штодзённага клопату. Заходзяць пасядзець у альтанцы  сябры ды суседзі. Мы заўжды рады гасцям”.

Любоў Адамаўна адзначыла, што любоў да кветак і навакольнай прыгажосці пераняла  дачка Аксана, якая разам з мужам  ужо дзесяць гадоў трымае  ўласны гандлёвы павільён “Зелёный мир”: “ Калі я —  кветкавод-аматар, дык Аксана прысвяціла гэтаму сваё жыццё і зараз ужо яна дае мне парады, як і што лепш садзіць, як правільна  кветкі  даглядаць”.

Прыгажосць наваколля пачынаецца з унутранай прыгажосці, дабрыні і сардэчнасці. У гэтым наш “Маляўнічы экспрэс” пераканаўся, наведаўшы нашу сённяшнюю гаспадыню.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *