2 ЖНІЎНЯ — ДЗЕНЬ ЧЫГУНАЧНІКА

35 гадоў прысвяціла чыгунцы старшы касір станцыі Галіна Мікалаеўна Каржоўнік

 

Цяпер, калі людзі на малыя і вялікія адлегласці ездзяць пераважна на аўтамабілях, цяжка і ўявіць, які бум быў на чыгуначных перавозках некалькі дзесяцігоддзяў таму. У нашым раёне нават новы прыпыначны пункт у Бухлічах адкрылі, бо жадаючых карыстацца цягнікамі было вельмі многа. І тады, і зараз галоўнай станцыяй для нашага раёна на чыгунцы застаецца Гарынь. Ніколі не было выпадкаў, каб тут не сыходзілі з пасажырскіх цягнікоў людзі, не выязджалі адсюль у розных напрамках. Ды і грузапаток па станцыі не прыпыняецца ні на адзін дзень.

— Паменшала прамых пасажырскіх цягнікоў, якія спыняліся раней на нашай станцыі, — гаворыць начальнік станцыі Гарынь Уладзімір Віктаравіч Камандышка, — але і з перасадкамі нашы пасажыры маюць магчымасць дабрацца практычна на любую чыгуначную станцыю свету. Тут, на месцы, чалавек можа купіць білет у патрэбны яму пункт.

На станцыі заўжды ёсць пасажыры. Большасць накіроўваецца на Лунінец, Баранавічы, Мінск, Гомель. Не знікае паток з тых, хто едзе ў суседнюю Украіну. Для мяне аказалася нечаканым тое, што на станцыі можна без цяжкасцяў набыць білет на цягнікі з бліжэйшых украінскіх гарадоў да Кіева, Адэсы.

Штодзённа на станцыі разгружаецца-загружаецца да дзясятка грузавых вагонаў. Сюды пастаянна прыбываюць мінеральныя ўгнаенні, будаўнічыя матэрыялы, цэмент. Адпраўка прадукцыі праз станцыю ажыццяўляецца з Гарынскага камбіната будаўнічых матэрыялаў, Гарынскага агракамбіната і ўчастка Пінскага камбіната хлебапрадуктаў. Прадукцыя са Століншчыны – керамічныя вырабы не толькі па Беларусі, а і на Калінінград, Пскоў, агароднінныя кансервы, рапс і пшаніца, драўніна.

Рытмічнасць, дакладнасць усіх работ на станцыі забяспечвае згуртаваны калектыў. З адказнасцю выконваюць свае абавязкі дзяжурныя па станцыі Анатоль Віктаравіч Каваленка і Сяргей Іосіфавіч Бруцкі, таварныя касіры Людміла Анатольеўна Камандышка і Ларыса Іванаўна Барэйка, прыёма-здатчыкі грузаў і багажу Вадзім Станіслававіч Немшан і Ірына Рыгораўна Шчука, старшы білетны касір Галіна Мікалаеўна Каржоўнік, білетныя касіры Людміла Аркадзьеўна Грэчка і Ірына Рыгораўна Бурына. Надзейнасць чыгуначнага руху забяспечваюць дыстанцыйныя рабочыя Іван Васільевіч Каральчук і Аляксандр Віктаравіч Дзячэнка, майстар пуці Аляксандр Аляксандравіч Коваль, манцёр СЦБ Сяргей Аляксандравіч Скіба. Парадак на пагрузачна-разгрузачным пункце забяспечвае майстар Андрэй Уладзіміравіч Буйніч.

Для чыгуначнікаў, якія працуюць на станцыі Гарынь, характэрны высокая дысцыпліна, адказнае выкананне абавязкаў.

Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *