Жнiво-2015

Так атрымалася, што ўборку збожжавых і зернебабовых культур камбайнавы экіпаж у складзе Уладзіміра Іосіфавіча Жабрацкага і Івана Іванавіча Быка пачаў у якасці перадавога на жніве. Да гэтага ён вызначыўся на ўборцы рапсу. На 70 гектарах камбайнеры паспелі намалаціць 122 тоны масласемя рапсу.

Угоддзі гаспадаркі знаходзяцца ў той частцы раёна, дзе засушлівае надвор’е найбольш негатыўна адбілася на ўраджаі і кармавых культур, і збожжавых. У такіх умовах тут спатрэбілася большая мабілізацыя, каб вырашчанае своечасова ўбраць, пры гэтым нічога не страціць.

Дырэктар ААТ Мікалай Канстанцінавіч Дзямко, з якім мы сустрэліся на ячменным полі ва ўрочышчы Дзясяткі, расказвае:

—        Мы сёлета максімальна выкарысталі ўсе землі для атрымання кармоў і збожжа. Праўда, даводзіцца ўсё звозіць з далёкіх участкаў, што прыводзіць да падаражання ўраджаю. На нарыхтоўцы кармоў, напрыклад, працуем аж каля Прыпяці. Таму стараемся ўбіраць якасна, не пакідаць на полі ні каласка. А салому з яравых культур выкарыстаем на корм. Змяшчаем для надзейнасці пад павеці, частку саломы сіласуем разам з травамі.

У гэтым можна было пераканацца, паспрабаваўшы знайсці страты збожжа ў абмалочанай саломе. Спробы аказаліся дарэмнымі – камбайнеры працуюць на выдатна!

Дарэчы, размешчаны ва ўрочышчы Дзясяткі яравы ячмень – таксама ў пэўным плане з рэзерву. На былой заліўной пашы сеяць было рызыкоўна. Ды рызыка апраўдалася – гэтая культура ўрадзіла ў сярэднім лепш, чым іншыя на мінеральных глебах.

Усе чатыры ўборачныя агрэгаты працуюць на адным участку, што пашырае магчымасці для манеўру тэхнікай на адвозцы збожжа, аператыўнага кіравання работай. Людзей у полі кормяць два разы на дзень. Мы пазнаёміліся з раздатчыцай абедаў. Тамара Васільеўна Бык, дарэчы, жонка камбайнера Івана Іванавіча Быка, сама повар з вялікім стажам, займаецца забеспячэннем харчавання механізатараў у гаспадарцы больш за 15 гадоў.

Па тэмпах жніва ААТ “Церабяжоў-Агра” сярод лідараў. Застаецца ўбіраць менш за 40 працэнтаў збожжавых і зернебабовых культур, сярод якіх якраз больш ураджайныя яравы ячмень і трыцікале.

_______________________________________

Хронiка жнiва

Па  тэмпах уборкі Століншчына адстае ад мінулагодняга графіка на 30 працэнтаў. Па ўраджайнасці адставанне складае 7,5 цэнтнера збожжа з гектара. Як паказвае кожны дзень уборкі, гэтае адставанне паступова няўмольна скарачаецца. За папярэдні дзень, напрыклад, за выключэннем КСУП “Прыгарынскі-2012”, усе гаспадаркі прыраслі ўраджайнасцю, а працаўнікі СВК “Палеская ніва” ідуць з апераджэннем мінулагодняй ураджайнасці на адзін цэнтнер. Як сведчаць прыклады, у большасці гаспадарак сёлета хаця і маюць ніжэйшую ўраджайнасць, затое ставяцца да ўборкі больш беражліва, менш губляюць збожжа.

Самая высокая ўраджайнасць сярод культур атрымліваецца на пшаніцы – па 42,9 цэнтнера з кожнага гектара, самая нізкая – на азімым ячмені – 27,5 цэнтнера. Рэкордную ўраджайнасць пшаніцы — па 61,7 цэнтнера з кожнага гектара — атрымліваюць у СВК “Палеская ніва”. І яшчэ адна характэрная акалічнасць: найбольш зменшылі ўраджайнасць у параўнанні з мінулым годам гаспадаркі, якія размешчаны ў паўднёвай частцы раёна.

Пасля ўборкі паступова вызваляюцца плошчы, дзе можна пасеяць паўкосныя культуры і гэтым паправіць становішча з недаатрыманнем кармоў. На жаль, наш раён па гэтай пазіцыі пакуль займае апошняе месца ў вобласці. У што выльецца такая недальнабачнасць, пакажа час. Але сёння яшчэ не позна спахапіцца і паправіць справу.

 

 

Фёдар ШУМКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *