Як адсвяткавалі Тройцу ў Дубаі?

Каля будынка мясцовай школы разгарнулася галоўная святочная пляцоўка, дзе сабраліся жыхары і госці аграгарадка. Пасля традыцыйнага ў гэты дзень абрада пабрацімасці ці кумлення, уручэння ўдзельнікам мерапрыемства сімвала свята — вяночкаў з галінак бярозы і клёна, да прысутных звярнуўся настаяцель Свята-Мікалаеўскай царквы айцец Васілій. Ён расказаў пра гісторыю будаўніцтва царквы ў Дубаі, пра сэнс праваслаўнага свята Тройца, павіншаваў усіх.

Каб вяскоўцы былі багатымі і здаровымі, дзяўчаткі з падносамі, на якіх былі хлеб, каша, яечня, прыгасцілі гэтымі стравамі жыхароў.

– Хлеб – гэта здароўе, каша – дабрабыт, агонь – жыццё, а яечня – здароўе ў будучых дзетках, – менавіта так патлумачылі гэту традыцыю вядучыя ўрачыстасці Ганна Бандарчук і Сяргей Кудласевіч.

Пра легенды і паданні аб Дубаі распавяла бібліятэкар Людміла Аляксееўна Вярэніч.

Урачыста адкрыў свята старшыня Відзіборскага сельвыканкама Васіль Іванавіч Некрашэвіч.

– Дзень аграгарадка – гэта свята яго жыхароў, усіх тых, хто захоўвае свае традыцыі і паважае гісторыю сваёй  малой  Радзімы – адзначыў старшыня сельвыканкама.

На першае студзеня гэтага года ў Відзіборскім сельвыканкаме налічваецца 974 гаспадаркі, дзе жывуць 2015 чалавек, 46 мнагадзетных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 157 дзетак. Непасрэдна ў аграгарадку Дубай – 312 гаспадарак, у якіх – 593 чалавекі. З іх у працаздольным узросце 277 жыхароў. Сёлета ў аграгарадку нарадзіўся толькі адзін чалавек, а памерлі, на жаль, восем.

На тэрыторыі аграгарадка ёсць усё неабходнае для нармальнай жыццядзейнасці насельніцтва: тры гандлёвыя кропкі, яслі-садок сярэдняя школа, фельчарска-акушэрскі пункт, паштовае аддзяленне, аддзяленне Беларусбанка, Дом культуры,  лясніцтва, працуе комплексна-прыёмны пункт.

Васіль Іванавіч уручыў памятныя падарункі самай старэйшай жыхарцы аграгарадка Алене Гаўрылаўне Стружка, якой споўнілася 95 гадоў, сямейнай пары Пашкевічаў Сцяпана Антонавіча і Марыі Антонаўны, якія вось ужо 50 гадоў крочаць разам па жыцці, мнагадзетнай сям’і  Карэцкіх Алега Мікалаевіча і Наталлі Георгіеўны, сям’і Прусаў Васіля Мікалаевіча і Надзеі Адамаўны, у якіх гадуецца самы малодшы жыхар Дубая – Мікітка.

У аграгарадку быў аб’яўлены конкурс на лепшы падворак. Яго пераможцай стала сядзіба Замараў Уладзіміра Станіслававіча і Людмілы Іванаўны.

Відавочна, што лёс аграгарадка цесна пераплятаецца з лёсам сельскагаспадарчага прадпрыемства. Павіншаваў і ўзнагародзіў лепшых працаўнікоў дырэктар КСУП “Дубайскі”  Аляксандр Сяргеевіч Лахадынаў. Падарункі атрымалі: трактарысты Аляксандр Аляксеевіч Шыдлоўскі і Уладзімір Станіслававіч Замара, даярка Алена Дзмітрыеўна Стахавец, цялятніца Святлана Анатольеўна Качаноўская, бухгалтар Алена Юр’еўна Хлебавец, загадчыца фермы Вера Аляксандраўна Каржаневіч, а таксама пенсіянеры гаспадаркі – былы галоўны бухгалтар Раіса Фёдараўна Гмір, ветфельчар Настасся Макараўна Саладуха і вадзіцель Мікалай Сяргеевіч Беламызаў.

Дырэктар мясцовай школы Мікалай Іванавіч Дзямко пасля прывітальнага слова ўзнагародзіў настаўніцу, якая цяпер ужо на заслужаным адпачынку, Тамару Аляксееўну Беламызаву, і настаўніцу Элу Раманаўну Дзямко.

Ляснічы Дубайскага лясніцтва Валянцін Аляксеевіч Стахавец адзначыў таксама лепшых працаўнікоў галіны. Гэта Юрый Рыгоравіч Якубовіч, Пётр Нічыпаравіч Стружка і Аляксей Адамавіч Кудласевіч.

Не засталіся без узнагарод надзейныя памочнікі раённай газеты ў правядзенні падпісной кампаніі  — начальнік аддзялення паштовай сувязі Жанна Іванаўна Пашкевіч і паштальён Любоў Андрэеўна Давыдоўская.

Былых супрацоўнікаў аддзела культуры віншавала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Анджэла Мікалаеўна Кісель. Падарункі атрымалі Іван Ігнатавіч Саладуха, Валянціна Іванаўна Саладуха і Алена Пятроўна Саладуха.

Цудоўныя музычныя нумары ўдзельнікам свята падарылі калектыў аматарскай творчасці Дубайскага СДК, Алёна Апановіч, Дзіяна Блізнюк і іншыя.

У рамках мерапрыемства праводзілася і свята аматарскіх аб’яднанняў “Свет нашых захапленняў”, удзел у ім прынялі народнае аматарскае аб’яднанне “Гарынскія папрадухі” (Рэчыцкі ГДК, кіраўнік Ірына Вабішчэвіч), народны клуб аматараў песні “Ярок” (РАМЦ, кіраўнік Валерый Шуркала), народнае фальклорнае аб’яднанне “Луч” (Давыд-Гарадоцкі ГДК, кіраўнік Алена Мазмішвіллі), аматарскія аб’яднанні “Эрудыт” і “Вясёлка” з Асаўскога СДК, Стахаўскага, Дубайскага і Плотніцкага СДК,  а таксама “Гаспадыня” і “Рукадзельніца” з Вулька-Арэйскага СК.

Тэкст і фота

Алены КЛІМУШКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *