Як адсвяткавалі Дзень моладзі ў Століне …

У гарадскім парку г. Століна 20 чэрвеня была праведзена пазнавальна-забаўляльная праграма да Дня моладзі.

Вядучыя адкрылі свята ўступным словам, у якім звярнуліся да прысутных,  скіравалі  ўвагу на тое, што моладзі вельмі многа, цэлая краіна і з усіх бакоў гучала на свяце: “Віват, новае пакаленне!”, “Віват, моладзь!”. Ад імя раённага камітэта грамадскага аб`яднання  “БРСМ”  са святам усіх прысутных павіншавала другі сакратар  грамадскага  аб`яднання  Алена Аляксандраўна Чупік. З яе вуснаў моладзь пачула пажаданні радасці, імкнення да новага дня,  адзначыла, што не трэба спыняцца на дасягнутым, а неабходна  імкнуцца наперад  для сябе, для горада, для Беларусі. Яна зазначыла, што моладзь адыгрывае важную ролю ў жыцці краіны, бо  поспехі краіны цесна ўзаемазвязаны з поспехамі моладзі. І ў 2015 годзе, які названы годам  моладзі, усе дарогі адкрыты для маладых, крэатыўных, таленавітых, энергічных людзей.

Канцэртную святочную праграму адкрыў народны інструментальны ансамбль “Брыз” Столінскай  дзіцячай школы мастацтваў (мастацкі кіраўнік Фёдар Вайцяхоўскі). Для прысутных прагучалі песні ў выкананні Наталіі Кананчук, Алены Чупік і Ірыны Шульжык.

Ля святочнай пляцоўкі прадстаўнікамі раённай цэнтральнай бібліятэкі была арганізавана выстаўка пад  гучнай назвай “ Мы – пакаленне дваццаць першага стагоддзя”.

Да ўвагі ўсіх жадаючых былі прадстаўлены кнігі, часопісы, артыкулы актуальнай тэматыкі. Выстаўка была падзелена на некалькі раздзелаў: “Моладзь у сучасным свеце”,  “Моладзь  ушаноўвае  памяць герояў вайны”, “Свет моладзі: цікава пра рознае”  і “ Моладзь за здаровы лад жыцця”.

Адначасова на іншых пляцоўках адбываліся свае цікавыя дзействы.

Навучэнцы Столінскай і Рэчыцкай дзіцячых школ мастацтваў пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў Ганны Фёдараўны Дабрынец, Лідзіі Уладзіміраўны Шынкарэвіч і Сяргея Віктаравіча Місюна актыўна працавалі ў накірунку графіці.


Здзівіла тое, што былі задзейнічаны не толькі хлопцы, але і дзяўчаты, якія з непадробным інтарэсам стваралі свае шэдэўральныя малюнкі.  Настаўнікі адзначаюць, што дзецям была дадзена свабода выбару ў плане, што рабіць і як рабіць. Пажадана было, каб яны змаглі схаваць за сваёй работай якое-небудзь непрыстойнае слова альбо выраз.


Графіцісты прыйшлі са сваімі загадзя падрыхтаванымі  матэрыяламі,  прынеслі свае трафарэты. Паглядзець, канешне, было на што. Неабходна адзначыць жанравую і стылявую разнастайнасць работ, якія адлюстроўвалі індывідуальнасць свайго творцы.

Для моладзі быў арганізаваны паказ ролікаў і фільмаў, тэматыка якіх самая разнастайная, але блізкая маладым. Фільмы зацікавілі прысутных, некалькі  чалавек уладкавалася нават  зусім “па-дамашняму”  для камфортнага прагляду. Ролікі мелі сацыяльны і патрыятычны  кірунак, былі прысвечаны 70-годдзю Перамогі і працягваліся каля дзесяці хвілін.

Не засталося без увагі і паказальнае выступленне клуба адзінаборстваў “Эвалюцыя” пад кіраўніцтвам  Дзмітрыя Мумрыкава.

Дзеці прадэманстравалі свае баявыя навыкі, моцны, неўтаймаваны баявы  дух і творчы  запал.  Кідаецца ў вочы неад`емная роля кіраўніка, які задае тэмп работы, камандны настрой, надзяляе выхаванцаў энергіяй і новымі памкненнямі. Так, Яўген Гуркоў адзначае, што ён ужо пяць гадоў займаецца гэтым  відам барацьбы  — і гэта яму вельмі падабаецца. Яго прываблівае жаданне  выліць усе негатыўныя эмоцыі, знайсці прымяненне сваёй няўрымслівай энергіі. І самае галоўнае, што ёсць магчымасць пастаяць за сябе і абараніць іншых.

На святочным вечары быў арганізаваны пракат ролікаў і самакатаў, працавала дзіцячая пляцоўка, прадавалі салодкасці на любы смак і густ.

У канцы праграмы вядучыя  пажадалі моладзі імкнуцца заўсёды наперад, ніколі не сумнявацца ў сваіх магчымасцях, верыць у дабро і ў заўтрашні дзень, каб усё атрымалася, збылося.

Пасля ўсіх прысутных запрасілі на святочную дыскатэку.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота  Святланы ШПАКОЎСКАЙ і Аляксандра НІКІФАРЭНКІ

Як адсвяткавалі Дзень моладзі ў Століне …: 2 комментария

  • 04.10.2015 в 8:23 пп
    Permalink

    А может всё-таки «молАдзі», а не «молОдзі»? )))))

  • 24.06.2015 в 12:18 пп
    Permalink

    А почему в Столине на неделю раньше отмечали День молодежи?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *