«Выцінанкі” Міланскія дні

Паколькі прадстаўніцтва было абмежавана колькасцю дзесяць чалавек, у паездку накіраваліся ўдзельнікі ансамбля – работнікі культуры, якія іграюць на характэрных мясцовасці інструментах. Акрамя кіраўніка, у паездцы пабывалі Васіль Цярлецкі (труба, дудачка, ражок), Валерый Скараход (скрыпка), Руслан Храпіцкі (ударныя), Наталля Бразоўская (цымбалы) і салісткі Алена Дубойская, Надзея Самайлюк, Ніна Дабрынец і Таццяна Вабішчэвіч. Узначаліў дэлегацыю начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Андрэевіч Заруба.

Расказвае Васіль Заруба:

—        Адкрыццё Нацыянальнага павільёна адбылося першага мая з удзелам намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіла Русага, намесніка міністра замежных спраў Аляксандра Гур”янава, прадстаўнікоў гандлёва-прамысловай палаты, паслоў  Беларусі, Расіі, Казахстана ў Італіі. Гасцямі павільёна былі таксама прадстаўнікі Белдзяржпрама, МАЗа, аблспажыўтаварыства, дэлегацыі іншых краін. Штодзённа ў павільёне ладзілася культурная праграма, у якой ансамбль “Выцінанка” паказваў два канцэрты – раніцай і вечарам. Усяго калектыў правёў каля 70  выступленняў.

Дзявятага мая ў гонар 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне “Выцінанка” правяла тэматычныя канцэрты на выставачных пляцоўках  Беларусі і Расіі.  Цёплыя сяброўскія сувязі падтрымліваліся з павільёнамі Казахстана, Расіі, Туркменістана, Літвы, Малдовы і шэрагу іншых краін.

Італьянскія СМІ трансліравалі выступленні творчых калектываў,  арганізоўвалі інтэрнэт-галасаванне. Наша “Выцінанка” называлася ў ліку лепшых. Аб высокім узроўні выступлення гаварыла і тое, што каля беларускай пляцоўкі заўсёды збіралася вельмі многа гасцей з розных краін. Іх вабіла высокае выканаўчае майстэрства, самабытнасць выканання, сцэнічныя касцюмы. І як сведчанне – запрашэнне ад іншых краін выступіць на іх пляцоўках і пастаянныя фотасессіі з удзельнікамі ансамбля.

За кароткі вольны час (мы жылі на супрацьлеглай ускраіне Мілана і да выставачнай пляцоўкі было каля сямі кіламетраў і 25 станцый метро) удзельнікі пазнаёміліся са славутасцямі Мілана. Сярод іх – дзеючы кафедральны сабор Дуома, оперны тэатр Ла Скала, замак-крэпасць Сфорца, стадыён Сан-Сіра. Сустрэліся са служыцелем праваслаўнай канфесіі, айцом Сергіем, які жыве ў Мілане; захапляліся вячэрнім горадам. Даводзілася вырашаць і ўзгадняць шэраг арганізацыйных і творчых пытанняў з консульствам у Мілане, БелЭКСПА, кіраўніцтвам Нацыянальнага павільёна і г. д.

—        Для мяне асабіста і калектыву за вялікі гонар выступаць на мерапрыемстве такога маштабу, — дзеліцца ўражаннямі мастацкі кіраўнік “Выцінанкі” Пётр Астапчук. —  Мы ўпершыню прынялі ўдзел у Сусветнай выстаўцы, тым больш, выступалі на адкрыцці Нацыянальнага павільёна. Ансамбль з вялікай адказнасцю, годна паставіўся да задачы прадстаўляць дзяржаву і Брэсцкую вобласць на сусветным узроўні. Паездка для мяне стала вельмі павучальнай у практыцы стасункаў на міжнародным узроўні. Мы сталі сведкамі стаўлення свету да захавання Зямлі, разумення таго, што мы жывём на крохкім шарыку і вырашэння праблемы, як накарміць яго жыхароў. А яшчэ мы адчулі вялікую цікавасць міжнароднага супольніцтва да нашай самабытнай музыкі.

– Мне яшчэ здаецца, што ўсё гэта адбывалася не са мной, — далучаецца да размовы Алена Дубойская. —  Акрамя таго, што мы ўпершыню выступалі на сусветным форуме, многае было нязвычным. Упершыню ляцела самалётам, юбілей застаў удалечыні ад радзімы, такі доўгі час разам з калектывам яшчэ больш згуртаваў.  Акрамя вядомых славутасцей уразілі выставачныя павільёны, вельмі парадавала цудоўнае надвор’е, вялікі інтарэс да нашай творчасці гасцей выстаўкі, колькасць людзей, якія самі па сабе прыязджаюць з усяго свету, каб паглядзець на тэхнічныя дасягненні. Вельмі даспадобы аказаліся тэматычныя праграмы да  Дня Перамогі і першыя дні, калі мы, акрамя канцэртаў, уцягвалі гледачоў у карагоды, абрадавыя танцы. Нягледзячы на тое, што ўдзел у такой выстаўцы забіраў шмат сіл і энергіі,  а яшчэ  штодзённыя “марш-кідкі” двойчы на дзень да павільёна, паездка пакінула незабыўныя ўражанні на ўсё жыццё.

Дзякуючы выступленням калектыву наведвальнікі выстаўкі “ЭКСПА-2015” змаглі пазнаёміцца з культурай Беларусі, багатай музычнай калекцыяй беларускай народнай музыкі і абрадаў, яе аўтэнтычнасцю і самабытнасцю, даведацца пра народныя музычныя інструменты. Дадому “Выцінанка” вярнулася з Падзячным лістом ад дырэктара Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці там гаворыцца: “Высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі ўдзельнікаў ансамбля, культуры, эрудыцыі зрабілі кожнае выступленне “Выцінанкі”  “па-дамашняму” душэўным і каларытным, што прыцягвала да Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь дарослых і дзяцей з розных краін свету, а таксама прадстаўнікоў СМІ”.

Галіна ГАШЧУК

P. S. Удзельнікі паездкі шчыра дзякуюць кіраўніцтву раёна, старшыні раённага выканаўчага камітэта Рыгору Васільевічу Пратасавіцкаму за фінансавую і ўсямерную падтрымку калектыву.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *